Помніць, каб захаваць мір

22 чэрвеня 1941 года свет ускалыхнула страшная навіна – пачалася вайна. Тады ніхто нават уявіць не мог, колькі дзён, тыдняў, месяцаў, гадоў яна працягнецца… Колькі жыццяў дзяцей, маладых і сталых людзей яна забярэ… Колькі мараў разаб’е…

IMG_9792.jpg

Пра вайну я, на шчасце, ведаю толькі з кніг, кінафільмаў і расповедаў сведкаў той трагедыі.
Помню, як бабуля на любыя святы, жадаючы здароўя, шчасця, дабрабыту, заўсёды дадавала: каб ніколі не было вайны…
Яна часта ўспамінала выпадак, які адбыўся напачатку вайны. Тады маленькая дзяўчынка стала сведкай расстрэлу гітлераўцамі групы яўрэяў. 
– Мне запомніліся жанчыны, якія былі апрануты ў прыгожыя чорныя касцюмы. Побач з імі стаялі дзеці – маці стараліся схаваць іх за спінай і на галовы ім накідалі свае спадніцы. Я ніяк не магла зразумець, чаму яны так зрабілі, пакуль не пачула стрэлы і не ўбачыла, што жанчыны і дзеці сталі падаць, – са слязьмі на вачах узгадвала бабуля.
Нашмат пазней бабуля зразумела той апошні жэст яўрэйскіх жанчын, якія імкнуліся абараніць маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак ад бяды, прыкрыўшы іх сабой. 
Пачутае часта паўставала перад маімі вачыма, асабліва калі прысутнічала на мітынгах ля брацкай магілы ў пасёлку Гудагай, прысвечаных 9 Мая ці пачатку вайны. І калі школа занялася пошукамі родзічаў ваеннапалонных, што тут загінулі, і калі некаторыя з іх прыязджалі ў  пасёлак да брацкай магілы, сэрца заўсёды білася з хваляваннем – нарэшце, яны сустрэліся... Тыя, хто маглі жыць і прыносіць карысць радзіме, і іх нашчадкі – калі б не вайна…
І сёння, калі некаторыя дзеячы і краіны спрабуюць перапісаць гісторыю і апраўдаць жорсткасць фашыстаў, становіцца страшна. Напэўна так, як гэта было ў далёкім 1941-м, калі аб’явілі пачатак вайны; калі бабуля ўбачыла, як гінулі ні ў чым не павінныя дзеці і жанчыны; калі ў лагеры ваеннапалонных паміралі салдаты, якія рабілі ўсё, каб не пусціць на сваю Радзіму захопнікаў…




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст:
Фото: Елена Ярошевич