Подзвіг землякоў помняць і ўшаноўваюць у Варнянах і Вароне
“Мы павінны памятаць пра жахлівыя гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Мы павінны быць удзячнымі ўсім, хто змагаўся за мірную будучыню”, “Мы павінны расказваць пра гэта нашчадкам з пакалення ў пакалення і не дазволіць перапісаць гісторыю” – гэтыя словы былі лейтматывам мітынгаў падчас аўтапрабегу да Дня Перамогі ў Астравецкім раёне. Каб помніла Беларусь… Помніла кожнага!


Ля брацкай магілы ў Варнянах сабраліся прадстаўнікі розных пакаленняў: сталыя людзі, сярэдняга ўзросту, моладзь, дзеці. Амаль у кожнага ў руках былі кветкі. А старшакласнікі трымалі партрэты ветэранаў.
– Дзякую ўсім, хто сёння прыйшоў сюды і далучыўся да рэспубліканскай акцыі “Беларусь помніць”, – прывітаў прысутных намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко. І дадаў: – Мяне вельмі расчуліла, калі ўбачыў у руках падлеткаў партрэты ветэранаў – напэўна, гэта вашыя родныя, землякі, людзі, якія ваявалі на астравецкай зямлі. У мяне дома на ганаровым месцы стаіць партрэт майго дзеда, які быў на фронце. Яго ўжо няма ў жывых, але я яго памятаю. І хачу, каб кожны з нас ведаў і памятаў родных і землякоў, якія забяспечылі нам мірнае сёння. Беларусь годна вытрымала той страшны ўдар, праўда , вельмі страшнай цаной. У зямлі застаўся кожны трэці жыхар краіны. І наш абавязак – памятаць пра гэта і перадаваць з пакалення ў пакаленне.

Дарэчы, у гэты дзень, 5 мая, ля брацкай магілы ў Варнянах з’явілася таблічка са спецыяльным кодам, дзякуючы якой помнік з’явіўся ў лічбавым фармаце. Гэта стала магчыма дзякуючы гісторыка-патрыятычнаму праекту ГА БРСМ “Лічбавая зорка”.
Мітынг адбыўся і ля брацкай магілы ў Вароне. Памяць загінулых тут таксама ўшанавалі словамі ўдзячнасці, хвілінай маўчання і ўскладаннем кветак. І хутка помнік, як і ў Варнянах, патануў ад рознакаляровых цюльпанаў, хрызантэмаў, гваздзік… Хочацца верыць, што ў гэты момант дзесьці з нябёсаў на нашчадкаў з усмешкай і ўдзячнасцю пазіралі спачылыя вайскоўцы, бо іх памятаюць і шануюць. І так павінна быць заўсёды!


