Подготовка к севу: кто выдаёт “паспорта качества” на семена

Добра вядомае выслоўе, якое стала аксіёмай для аграрыяў – «Што пасееш, тое і пажнеш» – не аспрэчыш і цяпер. Праўда, нашыя прадзеды здзівіліся б, каб даведаліся, які шлях робіць зярнятка перш, чым трапіць у раллю…

Пра гэта, а таксама пра тое, як правяраюць насенне культур пад будучы ўраджай, даведаўся карэспандэнт газеты, наведаўшы Астравецкую раённую інспекцыю па насенняводстве, каранціне і ахове раслін. 

Гэтую невялікую як па плошчы, так і па колькасці работнікаў арганізацыю можна смела назваць адмысловым раслінаводчым судом: менавіта райінспекцыя пасля дэтальнай, уважлівай і акуратнай праверкі матэрыялу выдае пасведчанне аб пасяўных якасцях ці паведамленне аб адмове ў яго выдачы. 

Спрытнасць рук вызначае ўсходжасць насення

Ад якасцей пасяўнога матэрыя­лу шмат у чым залежыць будучы ўраджай, хоць з улікам кліма­тычных асаблівасцей апошніх сезонаў уплыву над­вор’я на яго таксама нельга адмаўляць. 

Праверка якасці насення – абавязковая дзяржаўная працэдура. У інспекцыю паступае адпаведная заява. Зрабіць гэта могуць не толькі сельгаспрадпрыемствы ці фермерскія гаспадаркі, але і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія займаюцца рэалізацыяй насення. 

Спецыялісты інспекцыі сама­стой­на выязджаюць у КСУПы і саў­гас і адбіраюць неабходны матэрыял у адпаведнасці з рэгламентам. Па вызначанай методыцы бярэцца сярэдняя проба. Для кожнай культуры – свая вага. 

– Адбіраем адзін кілаграм насення для праверкі на чысціню і 200-250 грамаў – на вільготнасць і заселенасць шкоднікамі, – расказала вядучы аграном – дзяржаўны інспектар Святлана Грыцкевіч. – Другая проба па­вінна быць праверана на працягу двух сутак для дакладнасці звестак і паказчыкаў. На правя­дзенне першай адводзіцца месяц. Наша задача – даць аб’ектыўную ад­знаку па некалькіх парамет­рах.

Праверка на чысціню – дастаткова карпатлівы працэс. З пробы адбіраецца дзве «навескі». Спецыяліст звяртае ўвагу на малейшыя інародныя дэталі, асабліва на ўтрыманне ў пробе смецця, друзу і на прысутнасць насення іншых культурных раслін і пустазелля. 

 Адзін з самых важных этапаў – праверка насення на ўсходжасць. Для кожнай культуры існуе свая ложа прарошчвання. Напрыклад, для збожжавых – гэта пясок, для траў – фільтравальная папера. Для дакладнасці адлічваецца 400 зярнят – чатыры пробы па 100 штук у кожнай, – працягвае Святлана Грыцкевіч. – Потым ёмістасці змяшчаем у тэрмастат, дзе створаны ідэальны тэмпературны рэжым для прарастання зярнят. Для збожжавых – гэта 20 градусаў, для грачыхі – да 30. Калі гэта насенне нядаўна ўбранай культуры, то папярэдне мы яго змяшчаем у холад пры тэмпературы 10 градусаў на трое сутак. 

Пасля прарастання спецыяліст падлічвае колькасць «праклюнутых» зярнятак і фіксуе іх у працэнтных суадносінах, а потым вылічваецца сярэднеарыфметычнае значэнне з 4 проб. 

У кожнай культуры свой тэр­мін для «прабуджэння»: калі ў збожжавых гэта тыдзень, то ў траў ажно тры. Усходжасць для эліты збожжавых павінна быць не меншай за 92%, для першай рэпрадукцыі – не меншай за 90%.

Цікава, што матэрыял азімых культур правяраецца літаральна адразу пасля ўборкі. Усхо­джасць у гэтым выпадку не вызначаецца, таму што зярняты знаходзяцца ў стане спакою. Спецыялісты праводзяць аналіз на жыццяздольнасць. 

– Для гэтага дзве пробы, кожная па 100 штук, замачваем у вадзе на 15-18 гадзін. Потым разразаем зярнятка, каб быў бачны зародыш, і змяшчаем яго на 10-15 хвілін у спецыяльны раствор. У залежнасці ад ступені афарбоўкі падлічваем жыцця­здольнасць у працэнтах, – па­тлумачыла інспектар.

Атрыманыя звесткі заносяць у аўтаматызаваную інфар­мацыйную сістэму «Насенне-эксперт». Праграма аналізуе да­ныя і робіць вынік: адпавядае партыя насення дзяржаўнаму стандарту ці не. На аснове гэтага фарміруецца дакумент: пасведчанне аб пасяўных якасцях ці паведамленне аб адмове ў яго выдачы.

Сланечнік і цікавы выпадак 

За 20 гадоў работы ў насеннай інспекцыі здараліся розныя сітуацыі. Святлане Грыцкевіч найбольш запомніўся адзін выпадак.

Неяк у саўгасе «Падольскі» вырашылі вырошчваць сланеч­нік. Яго насенне гаспадарка набыла ў спецыялізаванай арганізацыі, але вырашыла праверыць на ўсходжасць. 

– Для прарошчвання гэтай культуры ёсць некалькі варыянтаў ложаў: можна ў пяс­ку ці ў рулонах фільтравальнай паперы. Мы спыніліся на першым спосабе. На здзіўленне, ніводнае семя не прарасло, – прыгадала Святлана Грыцкевіч. – Перасадзілі ў рулоны – і ўсходжасць склала 100%. Саўгаснае поле, дарэчы, у той год таксама было цалкам усыпана сланечнікамі. Так што калі мы не ўпэўнены ў якім-небудзь выніку, то праводзім паўторны аналіз. 

Спецыялісты інспекцыі лічаць сваю работу творчай. Кожнае зярнятка трэба ўважліва падлічыць, пры неабходнасці – акуратна разрэзаць, а пры разліку нормы высеву – падлічыць масу адной тысячы насення. Памылкі ў рабоце насенных «суддзяў» мінімальныя, таму што і ад іх вердыкта залежыць, які ўраджай вырасце на нашых палях.

Кампетэнтна

Алена Сяргей, вядучы аграном – дзяржінспектар:

– Для сельгас­прад­прыемст­ваў упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання быў распрацаваны графік. Усе ўклаліся ў тэрміны і да 1 студзеня ў поўным аб’ёме падрыхтавалі насенне да яравой сяўбы.

На 3 лютага па раёне забяспечанасць кандыцыйным пасяўным матэрыялам збожжавых і зернебабовых дасягае 166% да патрэбы, ці 2 009 тон. У разрэзе гаспадарак склалася наступная сітуацыя: КСУП «Гудагай» назапасіў 280%, КСУП «Варняны» – 120%, «Гервяты» – 154%, «Міхалішкі» – 123%, саўгас «Падольскі» – 120%.

Падрыхтоўка насення шматгадовых траў адбываецца больш марудна за збожжавыя яравыя. Гэта абумоўлена аб’ектыўнымі прычынамі: многія гаспадаркі здалі яго на ачыстку ў спецыялізаваныя арганізацыі ў абласным цэнтры і ў сталіцы. Упэўнена, што да сярэдзіны сакавіка цалкам закрыем план. Лідар у гэтым накірунку КСУП «Гервяты», дзе назапашана 120%. Паўтаруся, у гаспадарках насенне шматгадовых траў засыпана пад поўную патрэбу, працягваецца яго дапрацоўка. 

Адбываецца завоз кукурузы. Набываюць КСУП «Гудагай» – 110% да неабходнага, «Гервяты» – 56%. У «Міхалішках» ёсць лішкі насеннага матэрыялу культуры з мінулага года (амаль 2 тоны). Варта разумець, што гэта цеплалюбівая культура, таму яе тэрміны сяўбы пазнейшыя за збожжавыя.

Віктар Бразевіч, начальнік райінспекцыі:

–  Штогадовы аб’ём работы дасягае звыш 650 проб, якія праходзяць праз рукі двух спецыялістаў. Найбольшая нагрузка прыпадае на перадпасяўны перыяд, таму для нашых супрацоўнікаў самая гарачая пара надыходзіць адразу пасля жніва, калі трэба ў кароткія тэрміны праверыць насенне азімых культур. 

Напрыканцы студзеня зрабілі адбор маналітаў пшаніцы, трыцікале, ячменю, рапсу. Бліжэй да вясны зробім гэта паўторна, каб канчаткова і больш дакладна вызначыць жыццяздольнасць раслін і выявіць магчымыя захворванні.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич