Почет и уважение островецким мамам
Напярэдадні Дня маці ў раённым выканаўчым камітэце з жанчынамі, галоўнай прафесіяй і справай жыцця якіх стала выхаванне дзяцей – сустрэўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Вацлававіч Барташэвіч. У сустрэчы таксама прынялі ўдзел старшыня раённай грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» Ніна Аляксееўна Рыбік, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Святлана Мікалаеўна Іванова, дырэктар цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віктар Іосіфавіч Ждановіч.
На сустрэчу былі запрошаны жанчыны рознага ўзросту, розных прафесій. А вось месца працы сёння ў большасці з іх аднолькавае – дом, кухня, агарод… І пасада іх называецца, з аднаго боку – празаічна, а з другога – ганарова: усе яны працуюць МАМАМІ. І няма нічога больш важнага за іх працу і за іх мацярынскі подзвіг. Аб’яднала ж усіх удзельнікаў урачыстага прыёму ў райвыканкаме тая акалічнасць, што кожная з дванаццаці жанчын узяла на выхаванне дзяцей-сірот.
Абставіны, што падштурхнулі жанчын да гэтага адказнага кроку, складваліся па-рознаму. І жыццё іх зараз таксама ідзе па-рознаму. І праблемы ў гэтых сем’ях неаднолькавыя, хоць і вельмі падобныя. А аб’ядноўвае іх усіх тое, што ў кожнай з гэтых жанчын – вялікае і шчырае сэрца.
Шасцёра дзяцей – чацвёра сваіх і двое прыёмных – выхоўвае астраўчанка Аксана Зянонаўна Гродзь. “Галоўнае ў прафесіі мамы, лічыць Аксана Зянонаўна, – не проста накарміць і абмыць дзяцей. Куды важней выхаваць іх сапраўднымі людзьмі. Прывучыць да акуратнасці, прывіць любоў да працы, навучыць цаніць звычайныя чалавечыя адносіны. Даць зразумець, што яны – не адны ў гэтым свеце, што ў любой сітуацыі могуць разлічваць на дапамогу і падтрымку родных і блізкіх”. За сваю мацярынскую працу ў 2008 годзе яна была ўзнагароджана Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.
Дарэчы, прыклад Аксаны Зянонаўны, яе парада і, урэшце, просты збег акалічнасцей дапамог прыняць адзіна правільнае ў жыцці рашэнне яе швагерцы Ганне Анатольеўне Гродзь, якая таксама зведала шчасце мацярынства і зараз выхоўвае прыёмнага сына Арцёма.
Інэса Чаславаўна Карпіцкая, маючы дваіх дзяцей, тым не менш рашылася на вельмі адказны крок: узяла з прытулку траіх прыёмных дзяцей – і Эрыка, Ігар і Карына ўпершыню ў жыцці даведаліся, што такое – жыць у сям’і, святкаваць Ражаство і Пасху і атрымліваць падарункі на дзень нараджэння… І пры гэтым яна яшчэ працуе бухгалтарам у дырэкцыі будаўніцтва АЭС!
У большасці з запрошаных на сустрэчу жанчын ёсць свае дзеці. Да прыкладу, Ірына Уладзіміраўна Стаповіч з вёскі Падольцы – жанчына, у вачах якой свеціцца нязгаснае святло дабрыні, з якой можна пісаць партрэт Мадонны ў яе сусветным бачанні, калі сын пайшоў “на свой хлеб”, а дачка вучылася ў старэйшых класах, узяла з прытулку сыночка Мікітку – не без падказкі і парады дачкі, дарэчы.
Валянціна Генрыхаўна Пляско адна выхоўвае сына, які разам з мамай мужна змагаецца з цяжкай хваробай – і тым не менш жанчына знайшла ў сабе сілы ўзяць на выхаванне пакінутую роднай маці дзяўчынку Вікторыю. Невыпадкова менавіта Валянціне Генрыхаўне ў намінацыі “За жаночую мужнасць” было прысвоена званне “Жанчына года”, якое штогод прысуджае Гродзенская абласная арганізацыя “Беларускі саюз жанчын” лепшым жанчынам вобласці.
У Леакадзіі Міхайлаўны Івашкевіч з вёскі Дайлідкі столькі нерастрачанай энергіі, што яна, калі выйшла на заслужаны адпачынак і засталася без справы, ледзь было не «захірэла». Але ўзяла на выхаванне прыёмнага сына Валодзю – і зараз шчаслівыя ўсе!
Людміле Францаўне Тумаш, як яна сама гаворыць, прыёмную дачушку Аленку паслаў сам Бог. Калі бязлітасная хвароба забрала ў жанчыны яе крывіначку – дачушку Анечку – у нейкі момант з Божай дапамогай прыйшло гэтае разуменне: я павінна падарыць радасць і шчасце абяздоленаму дзіцяці.
Трое родных дзяцей выхоўваецца ў сям’і Ірыны Раманаўны Мельгуй – і адзін прыёмны, які зараз – таксама родны. “Мне хочацца толькі аднаго, – гаворыць Ірына Раманаўна. – Каб мае дзеці навучыліся заставацца людзьмі ў любой сітуацыі і не страцілі сябе, каб яны ставілі перад сабой высокія мэты – і дасягалі іх, але пры гэтым не ішлі напралом, каб яны жылі ў міры і ладзе самі з сабой і з усімі. І каб нябачная нітачка паміж імі ніколі не парывалася”.
У Ірэны Міхайлаўны Пільвінскай з Астраўца двое сваіх дзяцей – і двое прыёмных. “Сёння немагчыма ўявіць, што іх няма з намі, – гаворыць мама. – Калі яны паехалі ў летнік, у доме стала занадта ціха і сумна”.
Юная і прыгожая Ганна Андрэеўна Казлоўская зараз рыхтуецца стаць маці – і з’яўлення ў сям’і браціка ці сястрычкі з нецярплівасцю чакаюць не толькі бацькі, але і двое дзяцей, не родных па крыві, але родных душамі.
Ганна Эдвардаўна Лаўрэцкая мала б лічыць свой жаночы абавязак выкананым: яна нарадзіла і выхавала дачку, якая ўжо дарослая, мае сваю сям’ю, падарыла бабулі двое ўнукаў. Але і ў шаноўным узросце жанчына не пабаялася ўзяць на выхаванне абяздоленую сірату.
А Ірына Паўлаўна Анімуцкая з вёскі Смілгі прыняла ў сваю сям’ю, як родных, дваіх прыёмных дзяцей – хоць і сваіх у жанчыны трое.
Пра кожную з жанчын, запрошаных на сустрэчу, вельмі цёпла і пранікнёна расказала псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Вольга Клімчэня. Словы віншавання з галоўным для кожнай з іх святам – Днём маці – прагучалі з вуснаў Валерыя Вацлававіча Барташэвіча, Віктара Іосіфавіча Ждановіча. У падарунак кожная з гэтых гераінь – інакш высакародны парыў душы гэтых жанчын не назавеш – атрымала вылітую са шкла фігурку Маці Божай з дзіцяткам на руках – як сімвал усяго іх жыцця, як абярэг свайго дома, сям’і, сваіх дзяцей. А яшчэ – лепшае ўпрыгожанне кожнай жанчыны – кветкі.
Але пасля заканчэння ўрачыстасці жанчыны яшчэ доўга не разыходзіліся – размаўлялі пра справы, расказвалі пра сваіх дзяцей, дзелячыся радасным і набалелым… Бо ўсіх іх аб’ядналі ў гэты дзень у райвыканкаме іх дзеці – такія розныя і такія падобныя… І такія родныя…
---------------------------
Ніна АЛЯКСЕЕВА,
фота аўтара.