Пілігрымкі натхнілі Ілону Калпак з Варнян на спевы ў касцёле
Невыпадкова святы Аўгусцін казаў: хто спявае, той моліцца двойчы.
Вернікі розных парафій Астравеччыны, якія ў храме сваім голасам праслаўляюць Бога, расказалі пра касцёл і веру, Каляды і пра тое, як і калі распачалася іх дарога да духоўных спеваў.
«Упусціце Хрыстаў сваё сэрца»
Ілона КАЛПАК (22 гады), парафія Святога Юрыя ў аграгарадку Варняны:
Пра веру і касцёл
– У касцёл мама брала мяне ледзь не з нараджэння – хадзіла з каляскай. (Усміхаецца.) Першыя ўспаміны, звязаныя з храмам, у мяне захаваліся з 4-5 гадоў. У той час імшы былі вельмі доўгія і праводзіліся на польскай мове – я нічога не разумела і не магла ўседзець на адным месцы, але паслухмяна цярпела да канца. Здорава, што цяпер мы молімся і праслаўляем, у тым ліку спевамі, Усявышняга на роднай мове.Свядомае разуменне, што я веру ў Бога, прыйшло ў 11-12 гадоў пасля першай пілігрымкі, падчас якой сёстры законныя і святары даступна і зразумела расказвалі пра веру, учынкі, святых.
Напрыклад, дзякуючы светлай памяці тату, увайшло ў звычку маліцца штодзень перад сном. Неістотна, ён быў у рэйсе ці дома – але знак крыжа заўсёды прысутнічаў у яго жыцці. У дзяцінстве мне здавалася, што, калі я не адгавару малітвы вечарам, то наступны дзень не заладзіцца.
Увогуле, на маім шляху трапляюцца людзі, якія вераць у Бога. Нават далёкія ад храма пасля маіх расповедаў задумваюцца над хрысціянскімі прынцыпамі і каштоўнасцямі.
Пра спевы
– Спяваць у касцёле пачала каля 10-ці гадоў назад падчас ружанцовай актавы. Нас папрасілі музычна суправаджаць імшу. Песню «Мне аднойчы…» выконвалі з Бажэнай Радзевіч (цяпер яна Сакаловіч), а мой брат Жэня падыгрываў на гітары. Вельмі хвалявалася і перажывала – але дарэмна, усё атрымалася. Той першы досвед спеваў у касцёле вельмі захапіў мяне і паўплываў на далейшае жыццё.Пазней з іншай варнянскай моладдзю мы паехалі ў астравецкі касцёл Святых Космы і Даміяна, дзе вельмі хораша іграла Таццяна Васюкевіч. Яе спевы мяне настолькі ўразілі і натхнілі, што самой захацелася праслаўляць Бога сваім голасам у нашым храме.
Напачатку на нядзельныя службы пазычала інструмент у знаёмых. Бачучы мае захопленасць і вялікае жаданне займацца гэтай справай, бацькі набылі сінтэзатар, які на той час каштаваў нятанна. Вельмі ўдзячна ім за такі падарунак.
Таксама мяне заўсёды падтрымлівалі святары. Спяваць пачала пры Паўле Звяжынскім, які цалкам давяраў мне ў выбары касцёльнага рэпертуару. Дарэчы, з ксяндзом да гэтага часу падтрымліваем стасункі. І нядаўна ў тэлефоннай размове ксёндз Павел казаў, што не хапае маіх спеваў. (Усміхаецца.)
Калі пробашчам варнянскай парафіі прызначылі ксяндза Віктара Захарэўскага, то пры знаёмстве паведаміла яму, што спяваю. Ён узрадаваўся, падтрымаў мяне і сказаў, каб працягвала.
Памятаю, што напачатку было боязна спяваць: страшылася, што зраблю памылку ці штосьці забуду. Хоць я і заканчвала музычную школу па класе фартэпіяна, досведу ігры на інструменце ў касцёле ў мяне не было. Як і ўласнага стылю і манеры выканання, дакладнага разумення, як націскаць на акорды, каб гэта атрымлівалася меладычна і ў той жа час прыгожа; як гарманічна спалучыць музыку і словы тэксту.
Спярша мама казала, што мой голас дрыжэў. Удзячна нашым парафіянам, якія падтрымлівалі мяне: калі напачатку здараліся запінкі і я змаўкала, яны працягвалі спяваць, нібыта былі маім другім голасам. Такі досвед узаемнай еднасці дарагога каштуе.
Пазней пасля імшы сталі падыходзіць людзі, дзякаваць і казаць, што ім вельмі падабаецца, як я спяваю. Гэта надало ўпэўненасці, якой вельмі не хапала. Існасцю я адчула, што ў мяне ўсё атрымліваецца, трывогу і хваляванне нібыта хтосьці зняў рукой.
Значную, я б сказала нават галоўную, ролю ў тым, што я захапілася касцёльнымі спевамі, адыгралі пілігрымкі. Атрыманыя падчас іх эмоцыі, духоўныя перажыванні, радасць ад стасункаў з абсалютна рознымі людзьмі, якія, тым не менш, аднадумцы і знаходзяцца з табой на адной хвалі, складана перадаць. Гэта трэба адчуць.
У сваё першае духоўнае падарожжа ў Будслаў я хадзіла з вернікамі гудагайскага санктуарыя, падчас студэнцтва – з моладдзю адной з мінскіх парафій. За маімі плячамі сем пілігрымак да Маці Божай Будслаўскай. Менавіта падчас іх вывучыла ўсе песні – яны, мне здаецца, лёгка кладуцца на душу кожнаму. Найбольш люблю «Ружы кладзём ля стоп».
У маім жыцці, як і ў кожнага чалавека, здараліся такія этапы, калі было вельмі цяжка. Менавіта касцёл і песні мяне ратавалі. Часам на службе слёзы засцілалі твар – але ад гэтага лягчэла.
Мару, што ў варнянскай парафіі некалькі з’явіцца свой касцёльны хор, у якім будуць удзельнічаць вернікі розных узростаў: дзеці, сталыя людзі...
Перад першай камуніяй ці бежмаваннем бацькі звычайна просяць, каб я развучыла з іх дзеткамі некалькі песень да ўрачыстасцей ці паспявала сама. Стараюся ніколі і нікому не адмаўляць, каб музычна ўпрыгожыць знакавыя падзеі.
Пра Каляды
– Мама займаецца ўпрыгожваннем храма да свята. Падрыхтоўка да гэтага распачынаецца за некалькі тыдняў, звычайна напачатку лістапада. Яна загаддзя шукае ў інтэрнэце цікавыя кампазіцыі, ідэі, каб потым іх увасобіць.За паўтыдня да Каляд матуля штовечар аздабляе касцёл, здараецца, што затрымліваецца там да ночы. Ствараць прыгажосць да свята ёй дапамагае жонка майго брата Дзіна, а ўжо ўпрыгожваць сам касцёл – каляжанка Тамара Рамуальдаўна. Зрэдзьчасу далучаюся і я да іх: уключаю калонкі і спяваю калядныя песні – і дзяўчатам не сумна, і ў мяне атрымліваецца паўнавартасная рэпетыцыя.
Божае Нараджэнне святкуем так, як і большасць каталіцкіх сем’яў. На стале абавязкова 12 посных страў. Перад вячэрай молімся, ламаемся аплаткай і пры гэтым складаем адзін аднаму падзякі і пажаданні. Увечары разам ідзём у касцёл на Пастэрку.
Каляды для мяне гэта штосьці магічнае і таямнічае, у добрым сэнсе. Гэта сямейнае свята і адна з найгалоўнейшых урачыстасцей для вернікаў.
Пра пажаданні, падзякі і чаканні
– Людзям жадаю, каб яны прабачылі тых, хто іх пакрыўдзіў, каб адпусцілі дрэнныя думкі і намеры. Хочацца, каб, як і кожны год, маленькі Езус благаславіў нас на новы год і кожнаму паслаў таго, чаго каму не хапае: здароўя, узаемаразумення, цярпення, кахання, душэўнай раўнавагі. Часам нам здаецца, што ў жыцці – безвыходная крытычная сітуацыя, а потым мы разумеем, што ўсё было да лепшага. Варта давяраць Усявышняму і Яго провіду.Дзіцятка Езус прыходзіць да кожнага – ён не падзяляе людзей на багатых і бедных, здаровых і хворых, радасных і засмучаных. Варта толькі ўпусціць яго ў сваё сэрца.