Пенсійны ўзрост – гэта час новых магчымасцей – пераканана Марыя Васілёнак

Старасць яе дома не застане. Гэтыя словы з папулярнай некалі песні як нельга лепш характарызуюць Марыю Васілёнак. Нягледзячы на свой досыць паважаны ўзрост (прабачце, Марыя Карлаўна, але выдам таямніцу: 70 з невялікім хвосцікам) яна заўсёды ў дарозе, у шляху… Муж часам пабурквае: «Калі ты ўжо супакоішся? У пашпарт паглядзі!» Але ёй няма калі гартаць яго: у яе то рэпетыцыя, то група здароўя, то вандроўка, то касцёл… Як мінімум чатыры разы на тыдзень жанчына едзе з Гудагая ў Астравец – а ёсць жа яшчэ агарод, хатнія клопаты, якія ніхто не адмяняў. І, канешне ж, кнігі: спаць не ляжа, пакуль не пачытае дзясятак-другі старонак, а калі дзейства захопіць, то можа і пра час забыцца.

Марыя Васілёнак на фота злева

– Кожны чалавек жыве ў пэўным рытме, – так тлумачыць Марыя Карлаўна сваю няўрымслівасць. – Нехта і ў маладосці лічыў за лепшае паляжаць на канапе і паглядзець тэлевізар. Мне ж на гэта шкада марнаваць час – у жыцці столькі цікавага! І столькі магчымасцей рэалізаваць сябе незалежна ад узросту з’явілася ў тым ліку і ў нашым Астраўцы, што проста грэх імі не скарыстацца!
Школа
Многія ведаюць Марыю Кар­лаўну як цудоўнага выкладчыка рускай мовы і літаратуры. 

Яна так настойліва і ўтрапёна ішла да сваёй мары! Не атрымалася паступіць ва ўніверсітэт адразу пасля школы – пайшла працаваць, затым – на падрыхтоўчае аддзяленне. А калі закончыла першы курс, памёр бацька. У маці на руках – трое малодшых. Трэба было вяртацца, дапамагаць. Але Марыйка так хацела вучыцца, ёй так падабалася спасцігаць свет вялікай літаратуры! І яна засталася ў Гродне. Маці зразумела. Але жыла дзяўчына толькі на стыпендыю. Пасля ўніверсітэта ёй давалі накіраванне ў аспірантуру, але яна вярнулася на радзіму, стала працаваць у сельскай школе.
І ўсё ж найперш Марыю Ва­сі­лё­нак ведаюць у раёне як ства­раль­ніцу лепшага – не пабаюся гэтага слова, бо яму адзінаму з падобных прысвоена званне народнага – школьнага музея «Зямля гудагайская: матэрыяльнае і духоўнае». І калі яна выйшла на пенсію, то яшчэ 10 гадоў заставалася ў школе, пестуючы і развіваючы, даводзячы да дасканаласці галоўную справу жыцця. 
Можа, працавала б і далей, ды ў сына нарадзілася другая дачушка і спатрэбілася дапамога бабулі, яе клапатлівыя рукі і любячае сэрца.
Але і сёння школа ў жыцці Марыі Карлаўны займае важнае месца. І не толькі родная Гудагайская: у кожным нумары «Астравецкай праўды» яна шукае матэрыялы пра школьнае жыццё, радуецца поспехам маладых калег, большасці з якіх не ведае, і іх вучняў.
– Ці хацела б вярнуцца ў школу? – перапытвае Марыя Карлаўна і на хві­ліну задумваецца. – На жаль, я не магу гэта зрабіць па сямейных аб­ста­вінах. Але калі б была такая магчымасць – так, вярнула­ся б. Мне цікавыя сённяшнія дзеці, но­вае пакаленне. Страшнавата, што не змагла б дацягнуцца да іх, але, калі б давялося, я б паста­ралася. Школа – гэта маё ня­змен­нае прыцягненне. Я і сёння вучу­ся: у камп’ютарнай праграме «Доў­лінга» займаюся англійскай мо­вай. Радуюся, што са старэйшай унучкай мы ідзём на адным узроў­ні.

Касцёл
Марыя Васілёнак прызнаецца, што да свядомай веры прыйшла ўжо ў сталым узросце.
– Я дзіця свайго часу, – разводзіць яна рукамі. – Так, мяне хрысцілі ў касцёле. І да першай камуніі давялі – прымала яе ў Вільнюсе. І я хрысціла сваіх дзяцей, заходзіла час ад час у храм па патрэбе. Але аднойчы, у дзевяностыя, прыйшла ў наш астравецкі касцёл. І так мяне ўразіла, працяла да глыбіні душы, да ачышчальных слёз малітва, у якой успомнілі кожнага: вучняў, студэнтаў, нямоглых, старых, цяжарных… Я тады сэрцам адчула, што Бог  ёсць, што Ён  не на іконе, а ў Сусвеце, і бачыць кожнага, і любіць, і адказвае за кожнага. У тым ліку і за мяне... 
З таго часу і да сённяшняга дня Марыя Карлаўна на кожнае свята і ў кожную нядзелю – у храме. Пры­знаецца, што не заўсёды пакідае яго з такой ачышчанай слязамі душой, як у той раз, але гэта не змяншае яе глыбокай і шчырай веры.

Тэрытарыяльны цэнтр 
Многія балюча ўспрымаюць выхад на пенсію. Марыя Карлаўна гаворыць, што для яе гэта прайшло бязбольна.
– Суседка, Галіна Нядзвецкая, адразу ж запрасіла мяне ў Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – ведала, што я заўсёды любіла спяваць і прапанавала паспрабаваць сябе ў «Аксамітках». Ой, як мне там спадабалася! Тое, што з намі так прафесійна займаюцца, рэпертуар удумліва падбіраюць: песні нашай маладосці, але не тыя, што ва ўсіх на слыху, а малавядомыя.


Марыя Карлаўна прызнаецца, што вельмі любіць наведваць тэрытарыяльны цэнтр: 
– Там я адпачываю душой, расслабляюся. ТЦСАН спрыяе стасункам паміж людзьмі залатога ўзросту. Тут ніхто не адчувае сябе адзінокім. І дырэктар установы, і кіраўнікі аддзяленняў надзвычай крэатыўныя людзі. Мы атрымліваем новыя веды, псіхалагічныя парады, вучымся нечаму новаму, не кажучы ўжо пра пазітыўны настрой пасля кожнай сустрэчы. А вандроўкі! За гэты час я наведала з добры дзясятак мясцін, дзе раней не была, – і кожны раз гэта станавілася адкрыццём Беларусі з новага, нязведанага боку. І ўвогуле – не злічыць, колькі цікавых мерапрыемстваў падрыхтавалі для нас – і кожнае узбагачала, акрыляла, дазваляла адкрыць у сабе нешта новае. Нізкі паклон ад усіх нас, людзей залатога ўзросту, Святлане Куцько, Маргарыце Качан, Марыне Гайдук, Галіне Нядзвецкай, Яўгеніі Шэптун. 
Група здароўя
Пра здароўе мы звычайна пачынаем клапаціцца тады, калі яно нагадвае пра сябе колькамі ды болькамі. Вось і Марыя Карлаўна прызнаецца, што занялася скандынаўскай хадзьбой, калі выйшла на пенсію: купіла палкі, асвоіла тэхніку і тройчы на тыдзень праходзіла мінімум 5 кіламетраў. 
– Лічу, што свае калені я гэтым добра падтрымала, – пераканана жанчына.
А потым у САК «Імпульс» адкрылася група здароўя для пажылых людзей – і Марыя Карлаўна не прамінула магчымасці туды запісацца.
– Група збіраецца тройчы на тыдзень. У мяне, праўда, атрымліваецца прыязджаць толькі двойчы. З намі працуе дасведчаны спецыяліст Алеся Маршалова, якая цудоўна ведае фізіялогію і дае практыкаванні, якія патрэбны пажылым людзям. А яшчэ трэнажоры, басейн… Вельмі карысна і матывуюча!

Трэба ісці да людзей!
Часам пажылыя скардзяцца, што пра іх забыліся пасля выхаду на пенсію. Марыя Васілёнак не з іх кагорты.

– Мне здаецца, што кожны чалавек сам павінен ісці насустрач людзям. А калі не ідзеш, то чаму крыўдзішся, што пра цябе забыліся? Мы з Галінай Чаславаўнай Новікавай заўсёды цікавімся жыццём школы – і нам адказваюць тым жа: з юбілеямі віншуюць, на ўсе мерапрыемствы запрашаюць. Не толькі нас – але прыходзяць далёка не ўсе… А потым жаляцца: пра нас не помняць… 
– А ўвогуле, – працягвае Марыя Карлаўна, – жыццё сёння такое насычнае, напружанае. Паспрабуй маладым усё паспець і дайсці да кожнага…
Людзям, якія са страхам чакаюць выхаду на пенсію, яна з вышыні свайго ўзросту і жыццёвага вопыту раіць: не варта баяцца! Пенсійны ўзрост – гэта толькі новы прамежак жыцця, і трэба дзякаваць Богу, што яго дачакаліся, – колькім людзям у гэтым было адмоўлена. І ён адкрывае столькі новых магчымасцей! 
Трэба толькі не ленавацца карыстацца імі – як гэта робіць прыгожая, актыўная, няўрымслівая, адкрытая да ўсяго новага Марыя Карлаўна Васілёнак.

Ніна РЫБІК.




Текст: Нина Рыбик