Памяць ветэранаў шануюць супрацоўнікі “Астравецкай праўды”

IMG_5779.JPG

Увабралася ў сілу вясна, мінулі каталіцкі і праваслаўны Вялікадні, набліжаецца Радуніца – і людзі пацягнуліся на могілкі: прыбраць да дня памінання продкаў – Пасхі памерлых, як называюць Радуніцу, – месцы спачыну родных і блізкіх. 
І вельмі часта побач з дагледжанымі магіламі можна пабачыць закінутыя, зарослыя травой грудкі. Не станем асуджаць родных гэтых людзей – магчыма, іх няма ці ніколі не было, ці жывуць яны далёка, ці самі нямоглыя…
Але ж гэтыя людзі, як правіла, недзе працавалі, многія – ваявалі і пакінулі свой унёсак у гісторыі краіны і роднага калектыву. А маладыя, што змянілі іх на службовых пасадах ці ў кіраўнічых крэслах, здараецца, забываюць пра сваіх папярэднікаў.
Так быць не павінна. Напярэдадні Радуніцы і галоўнага свята – Дня Перамогі – успомніце гісторыю сваіх калектываў, ветэранаў, якія аддалі вашай агульнай справе многія гады жыцця. Наведайце месцы іх спачыну, прынясіце кветкі, запаліце свечкі, калі трэба – прыбярыце магілкі. 
Гэта патрэбна не мёртвым, а нам, жывым! Каб людзьмі звацца…
Супрацоўнікі «Астравецкай праўды» (на здымку) шануюць памяць ветэранаў вайны і працы, якія ў розныя гады рабілі раённую газету. І не толькі ў дні святаў, але штодня, і не толькі добрым словам, але і канкрэтнымі справамі.

Текст: Нина Рыбик
Фото: Елена Ярошевич