Память потомков: о своем дедушке рассказывает островчанин Генрих Махневич
Праз некалькі дзён бабуля Генрыха Махневіча – Ядвіга Ігнатаўна Гульбіцкая – атрымала ліст ад мужа. На першай старонцы стаяла дата 1 чэрвеня, а напрыканцы, на другой старонцы, было пазначана мястэчка Зэльва.
– Пра гэты ліст у дзяцінстве мы чулі не раз і ад маці, і ад бабулі, але ніколі яго не бачылі. І толькі пазней, пасля смерці бабулі, мы знайшлі дзедава пасланне – напісана яно было на польскай мове, – паказвае ліст Генрых Махневіч.
«Любімая Ядвіга!
У першых словах майго ліста паведамляю, што я жывы і адчуваю сябе добра. Спім на драўляных лавах з торбай пад галавой. Пакуль што ходзім у грамадзянскім. Два дні былі заняты, а потым пачаліся выхадныя дні. Не ведаў што рабіць, але як успомніў твае блакітныя вочы, то рашыў напісаць ліст. Як буду ведаць свой пастаянны адрас, то прышлю паштоўку з ім. Напішы мне, мая любая Ядзя, што чуваць у вас,
у маіх сёстраў і шваграў, у Задворніках?»
Гэта было першае і апошняе пасланне, што атрымала маладая жонка.
– Бабуля з дзядулем ажаніліся 18 ліпеня 1939 года. У нас захаваліся іх вясельныя фотаздымкі. Дзядуля быў высокі і статны, а бабуля невялічкая. Іх каханне было вялікім і моцным, аднак нядоўгім. Амаль праз год пасля вяселля – 19 чэрвеня 1940-га – у іх нарадзілася дачка Галя – мая маці, – расказвае Генрых Феліксавіч. – А яшчэ праз год, як расказвала бабуля, дзеда прызвалі ў армію.
На жаль, у ваенкамаце ніякіх сведчанняў знайсці не атрымалася. Аднак факт службы пацвярджаюць некалькі дакументаў, атрыманых жонкай Франца Паўлавіча Ядвігай Ігнатаўнай у канцы 40-х гадоў.
– Бабуля расказвала, што не раз хадзіла ў ваенкамат, падавала запыты ў розныя структуры Савецкага Саюза, пісала лісты ў Чырвоны Крыж і польскія архівы, – рассказвае Генрых Махневіч. – Калі з Польшчы ў Астравец прыязджалі былыя астраўчане, заўсёды старалася з імі сустрэцца і прасіла, каб дакументы пра дзеда пашукалі ў польскіх архівах, – раптам штосьці атрымаецца знайсці.
Да смерці жанчына захоўвала памяць пра каханага. Замуж больш яна не выйшла – пэўна, моцна кахала свайго Франца, адна выгадавала і паставіла на ногі дачку.
– З дзяцінства помню прыгожую бабуліну сумачку – там яна захоўвала сямейныя фотаздымкі даваенных часоў, калі была самай шчаслівай, ліст ад дзеда і шматлікія даведкі, атрыманыя падчас яго пошукаў.
– На сайтах, дзе можна знайсці ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, значыцца, што Франц Паўлавіч Гульбіцкі прапаў без звестак. Толькі калі гэта здарылася, немагчыма пацвердзіць ні адным дакументам. Мы думаем, што дзядуля загінуў у пачатку вайны – менавіта пад Зэльвай, адкуль бабуля і атрымала яго ліст – разважае Генрых Махневіч.
Сапраўды, калі звярнуцца да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, то адразу ж узгадваецца Зэльвенскі прарыў, які адбыўся ў канцы чэрвеня 1941 года і падчас якога загінулі сотні салдат, імёны і прозвішчы многіх невядомы і сёння.
«Каханая Ядзя, не забывай мяне!
Перадаю прывітанні ўсім родным, бацьку і маці, і табе, мая любімая жонка, і маёй дачцэ.
Цалую цябе 122 разы.
Твой самы любімы муж».
І яна не забыла – праз усё жыццё пранесла жанчына любоў да мужа. І перадала памяць пра яго дачцэ і ўнукам, каб помнілі пра вайну і збераглі мір.
Фота з архіва сям’і МАХНЕВІЧ.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.