Падарунак пад ёлачку для СВК "Варняны"
Цудоўны падарунак “пад ёлачку” прынёс працаўнікам СВК “Варняны” Дзед Мароз – падарожжа ў Брэст.
Сельская гаспадарка – не машынабудоўля, тут станок не выключыш – і ў дні самых вялікіх свят жывёлу трэба карміць, даіць, чысціць. Прычым не толькі грамадскую, але і на прыватных панадворках. Тым больш, што пасля Новага года пачынаецца перыяд масавых расцёлаў. Вось таму прыняць удзел у экскурсіі змаглі далёка не ўсе жадаючыя.
Аднак сярод сарака двух экскурсантаў, якія раніцай у мінулую суботу выправіліся ў падарожжа, былі і механізатары, і жывёлаводы, і кіраўнікі сярэдняга звяна, і галоўныя спецыялісты ў розных галінах вытворчасці.
Першы дзень мы прысвяцілі Брэсцкай крэпасці і музею Айчыннай вайны, які знаходзіцца на яе тэрыторыі: азнаёміліся з абставінамі ў якіх героі мінулай вайны супрацьстаялі ворагам, ушанавалі іх памяць хвілінай маўчання.
Агульнае “Ах!” выклікала ў нас знаёмства з экспанатамі музея ўратаваных мастацкіх каштоўнасцей. Дзякуючы высокаму прафесіяналізму мытнікаў цудоўнай работы абразы, карціны, іншыя прадметы мастацтва засталіся на радзіме, у нашай краіне. З іх і складаецца экспазіцыя гэтага музея.
А вечарам, нягледзячы на стому доўгай дарогі і ўражанні ад наведвання цікавых мясцін, мы сабраліся ўсе разам, каб… пазнаёміцца. Канешне, “шапачна” мы ўсе ведаем адзін аднаго, але вялікія памеры гаспадаркі, якая сёння складаецца з трох былых СВК “Варняны”, “Варона” і “Трокенікі”, не спрыяюць цесным кантактам. На базе адпачынку, у сценах якой начавалі, адсвяткавалі і Новы год, і Каляды. Весела, змястоўна і вельмі па-сямейнаму. У неафіцыйнай абстаноўцы знаёмыя, здавалася б, людзі раскрыліся зусім з іншага боку, заззялі талентамі – вакальнымі, артыстычнымі, гумарыстычнымі… Да нас нават Дзед Мароз са Снягурачкай завіталі (касцюмы традыцыйнай навагодняй пары стварылі з, так бы мовіць, падручнага матэрыялу).
А на наступны дзень мы сустрэліся з галоўнымі ў краіне Дзедам Марозам і Снягурачкай, рэзідэнцыя якіх знаходзіцца ў Белавежскай пушчы – яны прыімчалі да нас на санях. Разам з Дзядулем і яго ўнучкай мы вадзілі карагод ля цэнтральнай ёлкі, частаваліся гарачымі блінамі. Не засталося абыякавых і ля шматлікіх атракцыёнаў “рэзідэнцыі” – людзі забылі пра свой узрост і бавіліся, як дзеці.
Дадому мы вярнуліся ў нядзелю вечарам – хоць і стомленыя, затое шчаслівыя.
Застаецца толькі дадаць, што ў ролі спонсара паездкі (і Дзеду Марозу часам трэба дапамагчы грашыма) выступіла праўленне нашай гаспадаркі на чале з яго старшынёй Аляксандрам Часлававічам Вярбовічам.
Станіслава БЛАШКЕВІЧ, старшыня прафкама гаспадаркі.
