Падарунак ад праўлення СВК "Варняны" атрымалі жыхары Трокенік

Цудоўны падарунак да усіх веснавых свят жыхарам Трокенік зрабіла праўленне СВК “Варняны”: у вёсцы адкрыты фірменны магазін гэтай гаспадаркі.

У краме можна набыць не толькі прадукцыю, якую вырошчваюць у кааператыве – мяса тут, да прыкладу, значна дзешавейшае, чым у любой іншай гандлёвай кропцы, але і ўвогуле ўсе неабходныя прадукты харчавання, якія тут прадстаўлены ў шырокім асартыменце – ад хлеба і каўбас да кандытарскіх вырабах і розных напояў.

СВК “Варняны” ўжо даўно адным са стратэгічных накірункаў развіцця абраў рознічны гандаль. Спачатку прадавалі толькі ўласную прадукцыю, пераважна мяса, у невялікіх прыстасаваных ларках у Астраўцы і Варнянах. Затым тагачасны старшыня СВК Уладзіслаў Эдвардавіч Рук вырашыў, што саліднай гаспадарцы і сферу гандлю трэба мець салідную, адпавядаючую статусу і рэаліям сённяшняга жыцця. Тым больш, што рознічны гандаль дапамагае вырашыць многія эканамічныя праблемы, штодзень пастаўляючы на рахунак гаспадаркі абаротныя сродкі. Такім чынам, СВК адкрыў тры стацыянарныя магазіны: у Варнянах і Астраўцы яны былі нанова пабудаваны, а ў Вароне размясціліся ў памяшканні былой калгаснай канторы, якая набыла новае аблічча пасля рэканструкцыі. Далей кааператыў пайшоў на ўвогуле нечаканы крок: набыў спецыялізаваны аўтамабіль і па невялікіх вёсках пусціў па спецыяльна распрацаванаму і зацверджанаму райвыканкамам графіку ўласны аўтамагазін, які не толькі дапамагае папоўніць казну гаспадаркі, але і дае магчымасць вяскоўцам набыць тавары першай неабходнасці, ствараючы здаровую канкурэнцыю раённаму спажывецкаму таварыству і прыватным прадпрымальнікам.
—Сродкі ад рознічнага гандлю займаюць каля 12 працэнтаў у агульнай выручцы гаспадаркі, — расказваюць эканамісты СВК “Варняны”. – Толькі за першы квартал гэтага года мы атрымалі ад дзейнасці нашага гандлю 74 мільёны рублёў прыбытку, рэнтабельнасць галіны складае 6,8 працэнта.
Праўленне СВК спадзяецца, што з адкрыццём новага магазіна ў вёсцы Трокенікі гэтыя лічбы яшчэ палепшацца.
Дарэчы, у адпаведнасці з калектыўным дагаворам члены сельгаскааператыву маюць пэўныя перавагі перад іншымі пакупнікамі. Не, “на вэксаль” у лік зарплаты тут тавары не даюць – лічаць, што практыка гэтая заганная. А вось тыя, хто ўвесь месяц працаваў без парушэнняў працоўнай дысцыпліны і выпрацаваў зацверджаны праўленнем мінімум працадзён, могуць узяць у фірменнай краме любых тавараў на суму 50 тысяч рублёў, як гаварыў герой вядомага мультфільма, абсалютна бясплатна, гэта значыць – дарам. Пагадзіцеся: нядрэнны бонус і стымул працаваць добрасумленна.
Той факт, што чарговая фірменная крама СВК “Варняны” адкрылася менавіта ў Трокеніках, быў абумоўлены найперш аб’яднаннем дзвюх гаспадарак і вызваленнем будынка праўлення СВК “Трокенікі”. А яшчэ тым, што сённяшняму кіраўніку кааператыву Аляксандру Часлававічу Вярбовічу, нягледзячы на тое, што гаспадарка ў яго шматразова павялічылася і клопатаў прыбавілася, тым не менш баліць душа за родныя трокеніцкія мясціны – надта ж не хочацца старшыні, каб вёска трапіла ў лік неперспектыўных. Вось і імкнецца ён развіваць яе ўсімі магчымымі шляхамі. Адзін з якіх – адкрыццё ў Трокеніках новай фірменнай крамы СВК. Якая адначасова вырашае некалькі задач: садзейнічае паляпшэнню калгаснай эканомікі, дазваляе эфектыўна выкарыстаць вызваленае памяшканне, а галоўнае – садзейнічае забеспячэнню патрэб мясцовага насельніцтва.
На пераабсталяванне колішняй калгаснай канторы пад магазін будаўнічай брыгадзе СВК з чатырох чалавек спатрэбілася крыху больш за тры месяцы. І каля ста мільёнаў рублёў. У мінулую сераду фірменны магазін СВК “Варняны” ў вёсцы Трокенікі быў урачыста, з пераразаннем сімвалічнай чырвонай стужкі, адкрыты. Прасторная і светлая зала тут жа запоўнілася пакупнікамі, якія з цікавасцю чакалі знаёмства з новай гандлёвай кропкай. Першую пакупку, як і належыць па павер’ю, зрабіў мужчына, да таго ж і — кіраўнік мясцовай улады: старшыня Трокеніцкага сельскага Савета Іван Мечыславаавіч Сянюць. Так што, трэба спадзявацца, справы тут пойдуць добра — не горш, чым у іншых магазінах СВК. Тым больш, што размешчаны ён побач з ажыўленай трасай Вільнюс — Полацк, і праўленне паклапацілася аб тым, каб размясціць на бойкай дарозе адпаведную рэкламу, напрыклад, светодиодные вывески.
На вялікую колькасць заможных пакупнікоў спадзяюцца і прадаўцы новага магазіна Ірына Васільеўна Тамаш і Валянціна Рышардаўна Кажанеўская, якія, каб стаць за прылавак калгаснага магазіна і апрануць фірменную ўніформу, адмовіліся ад працы ў прыватных прадпрымальнікаў.
І няхай тут збываюцца самыя смелыя спадзяванні і рэалізуюцца ўсе далёкасягаючыя планы, якіх у кіраўніцтва СВК “Варняны” шмат.


Ніна РЫБІК.