Па маршруце Быстрыца – Трокенікі праехалі ўдзельнікі аўтапрабегу “Беларусь помніць!”
Быстрыца – Трокенікі – адзін з маршрутаў рэспубліканскай акцыі “Беларусь помніць”, якая прайшла на Астравеччыне.


Першай кропкай удзельнікаў аўтапрабегу была в. Быстрыца. Тут у часы Вялікай Айчыннай вайны, рэалізуючы праграму поўнага знішчэння яўрэйскага насельніцтва, фашысты стварылі гета. Пазней яго насельнікаў – 143 чалавекі – пазбавілі жыцця…
Ля абеліска ахвярам генацыду сабраліся дзеці і дарослыя, каб ушанаваць памяць спачылых на гэтай зямлі землякоў…

Мы помнім, як “ваявалі” з мірным насельніцтвам захопнікі.
Наступным прыпынкам стаў аг. Трокенікі. У цэнтры аграгарадка стаіць помнік загінулым землякам. На трох плітах манумента выбіты імёны тых, хто не вярнуўся з вайны – быў забіты альбо прапаў без вестак, а таксама двух забітых бандытамі пасля вайны міліцыянераў…
Мы помнім, хто падарыў нам спакойнае жыццё.

Віктар Зелянко, намеснік старшыні райвыканкама:
-- Такія мерапрыемствы, як аўтапрабегі, сімвалічныя і вельмі важныя – гэта адзін са спосабаў не даць забыць тое гора, якое прынесла людзям вайна. Традыцыя ўшанавання такім чынам загінулых франтавікоў і ахвяр нацызму закладзена нашымі дзедамі – і працягваецца нашчадкамі. Не па кнігах людзі майго пакалення ведаюць, што такое вайна, я чуў гэта ад яе сведкаў – сваіх дзядоў. Адзін змагаўся з акупантамі ў складзе партызанскага атрада, а другі падлеткам быў вывезены ў Германію на прымусовыя работы. Не толькі па кнігах, а ўжо па маіх расповедах ведаюць пра тыя часы сыны. І так, праз захаванне ўспамінаў, павінен, на маю думку, перадаваць гэтую памяць кожны – тады нам удасца не дазволіць сказіць факты гісторыі, а таксама зрабіць усё магчымае, каб захаваць мір.