Па-суседску
Для таго, каб пазнаёміцца са справамі калег і адметнымі мясцінамі суседніх раёнаў, можна чакаць якога-небудзь чарговага афіцыйнага семінару – і затым падпарадкоўвацца яго распісанай па хвілінах праграме. А можна проста прыехаць у госці да тых самых калег і папрасіць: а пакажыце нам… Думаю, не варта абмяркоўваць, якая культурна-пазнавальная праграма будзе больш эфектыўнай.
Менавіта другі варыянт выбралі журналісты са Смаргонскай і Ашмянскай раённых газет, калі прыехалі з неафіцыйным, але сяброўскім візітам у Астравец.
Вядома ж, іх найбольш цікавіла “будоўля стагоддзя” якая паціху разгортваецца непадалёк ад іх раёнаў. Адна справа – прачытаць звесткі аб будаўніцтве першай беларускай АЭС у інтэрнэце ці цэнтральных выданнях, і зусім іншая — пабачыць, як мяняюцца знаёмыя мясціны і пачуць ад кампетэнтных людзей, што гэта за змены і для чаго яны прызначаны.
Экскурсія пачалася з пазнавальнай “уводнай”: у інфармацыйным цэнтры дырэкцыі будаўніцтва АЭС кіраўнік групы па інфармацыйнай рабоце дырэкцыі будаўніцтва АЭС Эдуард Свірыд расказаў пра тое, што будзе сабой уяўляць беларуская АЭС, аб прынцыпах яе работы, адрозненнях ад іншых, ступенях абароны, адказаў на пытанні, якія найбольш цікавілі журналістаў.
Адкрыццём не толькі для суседзяў, але і для некаторых астравецкіх журналістаў стала піянерная база, якая вырасла за кароткі тэрмін практычна на голым месцы, і новая аўтадарога. Цікавасць выклікаў і праект забудовы першага мікрараёна: нязвыкла глядзець на голае поле і ўяўляць, што тут у хуткай будучыні вырасце школа, дзіцячы садок, культурны цэнтр, жылыя дамы… На пляцоўцы будаўніцтва АЭС журналісты сфатаграфаваліся на памяць: пройдзе не так шмат часу – і гэты здымак стане гістарычным…
Вядома, не маглі аб’ехаць госці і Гервяты. Канешне, усе яны тут у свой час былі, і неаднойчы, але ў Гервятах можна бываць хоць кожны месяц – і заўсёды цябе тут сустрэнеш нейкую абноўку, неспадзеўку. На гэты раз журналісты ў захапленні спыніліся ля новых каваных варот ручной работы ў касцёле Святой Тройцы, па вартасці ацанілі колеравую гаму ўнутранага аздаблення храма – зараз заканчваецца яго афарбоўка. І канешне ж, з замілаваннем прагуляліся па прыкасцельнай тэрыторыі. Цудоўным дапаўненнем да гэтай экскурсіі сталі стасункі з ксяндзом-пробашчам Леанідам Несцюком – на жаль, вельмі непрацяглыя: пачыналася імша.
І, канешне ж, вельмі каштоўнымі былі нефармальныя стасункі калег. У сустрэчы журналістаў трох раёнаў прымалі ўдзел ветэраны журналістыкі: Юрый Іванавіч Мікалаеў, чалавек-легенда, які ўжо пяцьдзесят гадоў працуе ў журналістыцы, доўгі час узначальваў “Ашмянскі веснік”, і, нягледзячы на свой салідны ўзрост, да гэтага часу працуе ў газеце і колішні рэдактар Смаргонскай раённай газеты Іван Іванавіч Лазута. Іх расповеды былі вельмі каштоўнымі для новых пакаленняў журналістаў.
Ніна РЫБІК.