Островецкие сувениры пользуются спросом

6
Калі вяртаешся на радзіму з далёкіх падарожжаў, сябрам прывозіш сувеніры аб тых мясцінах, дзе ў разрэзе часу засталася часцінка цябе.
Само слова “сувенір” у перакладзе з французскага азначае “ўспамін, памяць”. І памяць тысяч турыстаў пра роданачальніцу гэтага слова занітавана Эйфелевай вежай на магнітах, кубках і паштоўках. А з нядаўняга часу гэтым можа пахваліцца і Астравеччына (я маю на ўвазе сувенірамі, а не колькасцю турыстаў).
Сувенірную прадукцыю з выявамі самых адметных архітэктурных помнікаў нашага раёна могуць набыць і жыхары, і госці раёна. Такая магчымасць з’явілася ў нас дзякуючы Астравецкаму раённаму вузлу паштовай сувязі.

Як расказала начальнік Астравецкага РВПС Ірына Эдуардаўна Тальчук, ідэя арганізацыі вытворчасці сувенірнай прадукцыі ў астравецкіх паштавікоў з’явілася даўно. Ды і шматлікія дэлегацыі, якія наведвалі наш горад у сувязі з будаўніцтвам на яго тэрыторыі першай Беларускай АЭС, заставаліся без адметных мясцовых сувеніраў – ад гэтага было і прыкра, і сорамна.
Шмат людзей, якія прыходзілі ў паштовыя аддзяленні раёна, цікавіліся: чаму ў продажы ёсць паштоўкі з выявамі Гродна і Мінска, а вось з Гервятамі, Варнянамі ды Астраўцом няма? Сярод моладзі, у тым ліку і астравецкай, зараз вялікай папулярнасцю карыстаецца так званы посткросінг: калі людзі з усяго зямнога шару абменьваюцца паштоўкамі. Пагэтаму запыты астравецкіх юнакоў і дзяўчат паштавікі таксама не пакінулі без увагі.
У першую чаргу паштавікі арыентаваліся на побыт рынку – і не прагадалі. Спачатку ў продажы пачалі з’яўляцца магніты і паштоўкі, а пасля гадзіннікі – звычайныя, насценныя і на магніце, кубкі з надпісамі “Я люблю Астравец”, магніты з блакнотам, падстаўкі, бірулькі, магнітныя рамкі…
Зараз сувеніры, якія прыйшліся “да вока”, можна набыць ва ўсіх аддзяленнях паштовай сувязі, а ў гарадскім аддзяленні яны ўвогуле “прапісаліся” на асобнай вітрыне.
Пры дызайне сувенірнай прадукцыі былі выкарыстаны фотаздымкі найбольш адметных храмаў Астравеччыны і яе мясцін. А адшукаць найбольш вартыя фотаздымкі для далейшага выкарыстання іх на сувенірнай прадукцыі дапамагла раённая газета.
Сувенірная прадукцыя асобнага рэгіёну, а не цэлай краіны, як па мне, з’яўляецца своеасаблівым брэндам таго ці іншага раёна. І ідэя паштавікоў, якую яны ўвасобілі ў жыццё, мне здаецца, апраўдала сябе.
Калі дзесьці далёка, у другім канцы зямнога шара, нехта атрымае паштоўку з выявай тонкастаннага гервяцкага касцёла або патанаючага ў зеляніне варнянскага касцёла – Астравеччына выйдзе за рамкі Беларусі.
Калі госць нашага раёна пасля працоўнай вахты або звычайнай экскурсіі набудзе магніт з выявай царквы святых апосталаў Пятра і Паўла – ён прывязе ў сваю сям’ю, свой дом, свой горад, сваю краіну не проста сувенір, а souvenir (“успамін”) пра Астравец.


-----------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.