Островецкие школьники участвовали в районном туристическом брейн-ринге

Раённы турыстычны брэйн-рынг “Вакол свету”, удзел у якім прынялі школьнікі з гарадскіх школ, прайшоў на базе цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Што ўзяць з сабой у паход? Якую музыку слухае моладзь розных краін свету? Якія знакамітыя мясціны ёсць у нашай краіне? На гэтыя і шэраг іншых пытанняў павінны былі адказаць рабяты, каб атрымаць перамогу.
Спачатку школьнікаў чакала прадстаўленне каманд – 3 хвіліны і любая форма прэзентацыі, галоўнае – творчая.
Затым патрэбна было сабраць карту Беларусі і абазначыць гербамі абласныя гарады. У “Турыстычным красвордзе” рабяты дэманстравалі веды па паходнай тэматыцы. На этапе “Астравецкі край” неабходна было назваць населены пункт, у якім знаходзіцца той ці іншы помнік архітэктуры. Якую музыку слухаюць у іншых краінах, рабяты адгадвалі на этапе “Музыка народаў свету”, а што трэба браць з сабой у паход – на этапе “Рукзак турыста”. Самым цікавым вучням падаўся апошні конкурс – “Сюрпрыз”, які ўяўляў сабой своеасаблівае арыентаванне на мясцовасці ў пошуках сапраўднага сюрпрызу.
Па выніках усіх сямі этапаў пераможцам стала каманда “Клевер” гімназіі №1 – менавіта гімназісты аказаліся не толькі самымі разумнымі, але і самымі хуткімі.


Алена ЯРАШЭВІЧ.