Островецкие школьники провели мастер-класс по соломоплетению в детском оздоровительном центре "Зубренок"
Рэспубліканскі конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Юныя таленты Беларусі” прайшоў у рэспубліканскім дзіцячым аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. Яго ўдзельнікамі сталі і астравецкія дзеці.На працягу вясенніх канікулаў выхаванцы цэнтра творчасці, дзяцей і моладзі адпачывалі ў летніку “Зубраня”.
Гэты адпачынак супаў з правядзеннем рэспубліканскага конкурсу. Нашы таленавітыя школьнікі не толькі адпачылі, але і змаглі паўдзельнічаць у цікавых майстар-класах па дэкаратыўна-прыкладной творчасці – і самі стаць іх арганізатарамі.
Майстар-клас па саломапляценні для школьнікаў малодшага ўзросту правялі выхаванцы Валянціны Вільеўны Віннічак Руслан Русакевіч і Ліза Дрэма.
– Напярэдадні паездкі ў “Зубраня” мы даведаліся, што можна будзе навучыць іншых дзяцей якому-небудзь віду творчасці. Доўга абмяркоўвалі, што гэта будзе. І спыніліся на саломапляценні – вырашылі, што будзем вучыць школьнікаў рабіць з саломкі кветкі, – расказвае Ліза Дрэма.
– Наш майстар-клас праходзіў у Палацы творчасці, і на яго прыйшлі васьмігадовыя дзеці. Вось тут мы ўпершыню зразумелі, што кожны дзень адчувае Валянціна Вільеўна, – працягвае Руслан Русакевіч. – Аказваецца, не так проста перадаць іншым тое, што умееш рабіць сам.
Паказваць, як з некалькіх саломін зрабіць прыгожую кветачку, рабятам давялося не адзін раз, часам кантраляваць кожны рух дзяцей, папраўляць іх работы і нават перарабліваць – але ў выніку ў кожнага, хто прыйшоў на майстар-клас, на сталах “зацвілі”, зробленыя ўласнымі рукамі саламяныя рамонкі.
Рэспубліканскае журы высока ацаніла вучэбны занятак Лізы Дрэма і Руслана Русакевіча – астравецкія рабяты былі прызнаны пераможцамі. У якасці падарунка яны атрымалі Дыплом І ступені і сімвал летніка – шклянога зубра.
Тэатр моды “Залаты вернісаж”, кіраўніком якога таксама з’яўляецца Валянціна Вільеўна Віннічак, удзельнічаў у паказах мадэляў адзення. Сёння рабяты са сваім кіраўніком працуюць над трэцяй калекцыяй, якая будзе прадстаўлена ў новай тэхніцы, таму пакуль трымаецца ў сакрэце. Іх творчасць таксама была высока ацэнена рэспубліканскім журы – модныя дзяўчаты атрымалі Дыплом удзельнікаў.
Алена ЯРАШЭВІЧ.
