Осколок, которым ранило, Геннадий Кацер хранил вместе с наградами
Гвардыі маёр Яўген Зінкевіч, 1146-гі гвардзейскі зенітны ракетны полк:
– Генадзь Сцяпанавіч Кацар нарадзіўся ў 1926 годзе на Віцебшчыне: вёска Ціміразева Сенненскага раёна.
Да вайны паспеў скончыць сямігодку, а як споўнілася 18, яго прызвалі ў Чырвоную армію – так у 1944-м радавы Кацар стаў стралком. І ў тым жа годзе ён атрымаў раненне – асколкам яму выбіла правае вока. Той бой стаў для прадзеда апошнім. Праўда, пасля лячэння ў шпіталі яго не дэмабілізавалі, а накіравалі ў 2-гі асобны запасны полк сувязі.
Пасля Перамогі прадзядуля вярнуўся ў родныя мясціны, атрымаў прафесію ветэрынара, потым стаў старшынёй калгаса – адпрацаваў на гэтай пасадзе да выхаду на пенсію.
Вайна для прадзеда з’яўлялася настолькі асабістым, што, калі заводзілі размовы на гэту тэму, з яго было слова не выцягнуць. Ён нават медалі свае трымаў далей ад старонніх вачэй – у спецыяльнай скрыначцы. Там жа ляжаў асколак, які зрабіў яго інвалідам. Наша сям’я мала ведае пра франтавыя будні дзеда. Адно дакладна, што ваенныя дарогі Генадзя Сцяпанавіча прайшлі па тэрыторыях Беларусі і Прыбалтыкі… Узгадваў, як сядзелі з аднапалчанамі ў балоце пад Лепелем падчас акружэння…
9 Мая для дзеда было святам святаў – абавязкова яго адзначаў.
Пайшоў з жыцця Генадзь Сцяпанавіч у 2014 годзе. Разам з ім пахавалі і «сведкаў» яго франтавога болю, што ляжалі ў той недатыкальнай ні для каго скрынцы.