Інтэлектуалы сустрэнуцца 4 мая

Шаноўныя ўдзельнікі інтэлектуальных гульняў, з радасцю спяшаемся паведаміць вам: інфармацыя аб тым, што наступная наша сустрэча на інтэлектуальных палях бітвы адбудзецца толькі ў другой палове мая, была крыху перабольшанай – мы сустрэнемся намнога раней. А калі быць дакладнымі, то ў першы пасля працяглых выхадных рабочы дзень, 4 мая.

У гэты дзень на астравецкай пляцоўцы – у фае раённага Дома культуры “Галактыка” — і ў традыцыйны час, 17.30 — адбудзецца другі тур асінхроннага завочнага абласнога чэмпіянату па гульні “Што? Дзе? Калі?”. Які адначасова стане чарговым, пятым турам раённага чэмпіянату.
Нагадаем: пасля першага тура астравецкія навічкі на фоне лепшых і больш вопытных ігракоў вобласці выглядалі дастойна: тры нашы каманды ўваходзілі ў дзесятку мацнейшых: бальнічны “ЦэРэБрал” – пяты, рэдакцыйны “Востраў шанцавання” — шосты, райвыканкамаўскі “Magnum ignotum” восьмы – і гэта з 38 каманд з розных раёнаў вобласці.
Але першы тур надвор’я не робіць – наперадзе яшчэ два, якія будуць згуляны ў маі. Так што на своеасаблівых майскіх канікулах не расслабляйцеся, а сумяшчайце прыемнае з карысным: адпачынак і інтэлектуальныя трэніроўкі.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.