Ноткі захаплення Веры Сходкінай
Кіраўнік дзіцячага гуртка сольных спеваў «Вясёлыя ноткі» Астравецкага цэнтра культуры і народнай творчасці Вера Сходкіна не толькі жыве ў дзіўным і незвычайным свеце музыкі, але знаёміць з ім юных падапечных. Дзіцячая школа мастацтваў у Росі, Гродзенскі музычны каледж і зноў родная школа мастацтваў, толькі ўжо ў якасці першага месца работы – так пачынаўся прафесійны шлях дзяўчыны. А ў жніўні 2021 года малады спецыяліст пераехала ў Астравец, пачала працаваць у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.
Нягледзячы на кароткі адрэзак часу, дзяўчына паспела паказаць сябе з найлепшага боку як спецыяліст – і заваявала прыязнасць вучняў і павагу калег. Дзеці з задавальненнем прыходзяць да яе на заняткі, асвойваюць творчыя азы і ўдзельнічаюць у конкурсах, дзе заваёўваюць дыпломы розных ступеней. Ды і сама педагог актыўна ўдзельнічае ў раённых мерапрыемствах і спявае ў ансамблі народнай песні «Кемяліна». Прафесіяналізм, любоў да вучняў і захапленне музыкай дапамагаюць ёй пераадольваць цяжкасці і ўпэўнена крочыць наперад.
Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ, Астравецкая раённая бібліятэка.
