Незвычайна адзначылі 255-годзе касцёла Святога Юрыя ў Варнянах


Бадай што самай галоўнай і важнай падзеяй у духоўным жыцці раёна апошняга часу стала ўрачыстасць з нагоды 255-годдзя касцёла Святога Юрыя ў Варнянах.

У суботу ўсе дарогі скрыжаваліся ў былым мястэчку, а цяпер аграгарадку, які мае багатую гісторыю. Раздзяліць радасць з парафіянамі прыехалі шматлікія госці і святары з розных куточкаў нашага краю і нават суседніх краін і, упэўнена, былі ўражаны спектаклем, які зладзіў парафіяльны тэатр.

Варняны вядомы дзякуючы ўнікальнаму архітэктурнаму ансамблю 18 стагоддзя з двума паралельнымі радамі дамоў для сялян, які з торцаў замыкалі два манументальныя будынкі – касцёл і палац. Святыня, хоць і зведала часы росквіту і заняпаду, па-ранейшаму ўзвышаецца ў цэнтры мястэчка як сімвал непахіснай веры ў Бога і людской любові да роднай старонкі.

Варняны ўнікальныя тым, што людзям тут шчасціць на святароў, якія згуртоўваюць ля сябе парафіян, умацоўваюць іх веру і натхняюць на добрыя справы. Дзякуючы нястомнай энергіі і дзейнасці пробашча парафіі ксяндза Віктара Захарэўскага, усяго за 4 гады капітальна аднавіўся экстэр’ер і ўнутранае аздабленне варнянскага касцёла і варонскай каплічкі. Больш таго, у першай святыні рэканструяваны старадаўнія званы, якія з дапамогай спецыяльнай сучаснай тэхналогіі гучна адбіваюць кожную гадзіну – а рэха разносіцца па наваколлі і далятае да бліжэйшых вёсак….

Варняны адметны тым, што тут дзейнічае адзін з нямногіх у краіне парафіяльны тэатр, які аб’яднаў розных па ўзросце і прафесіі людзей. Да гэтай урачыстасці трупа з 27 чалавек на працягу некалькіх месяцаў рыхтавала падарунак – – тэатралізаваную: пастаноўку: упарадковалі гістарычныя звесткі і пісалі сцэнарый, шылі кацюмы, падбіралі рэквізіт, музыку, здымкі і ілюстрацыі, адточвалі на рэпетыцыях рухі…


Забягаючы наперад, прызнаюся: не чакала, што спектакль будзе такім моцным, кранальным і прымушаючым задумацца пра спрадвечныя чалавечыя ісціны.

Напачатку гасцей прывітаў пробашч, які прадставіў гасцей свята і зрабіў кароткі экскурс у гісторыю святыні.

– Мы адзначаем вялікую падзею –255-годдзе касцёла. Парафія ў Варнянах нашмат старэйшая. Першы каталіцкі храм тут быў пабудаваны Марыяннай Сангайлавай у 1462 годзе пад тытулам Божага Цела, – расказаў святар. – Узвядзенне мураванага касцёла завяршылася ў 1769 годзе і па жаданні фундатаркі Марцыяны Абрамовіч ён названы ў гонар Святога Юрыя ў памяць аб памерлым мужы, які распачаў будаўніцтва гэтай цудоўнай святыні. Сцены гэтага храма могуць расказаць многае пра мясцовых людзей, пра падзеі, якія адбываліся ў гэтых ваколіцах. Наш парафіяльны тэатр зрабіў спробу аднавіць асноўныя падзеі з жыцця касцёла ў Варнянах. Мы прапануем вам разам з намі дакрануцца да сівой даўніны, да гісторыі нашай святыні.


…У сярэдзіне 18 стагоддзя на цэнтральнай плошчы ішоў бойкі гандаль. На кірмаш прыходзілі многія з вяскоўцаў, каб не толькі прадаць лішкі з уласнай гаспадаркі, але і пачуць апошнія навіны. Многіх людцаў вельмі непакоіла, што заўчасна і раптоўна памёр Юрый Абрамовіч, які паспеў пабудаваць толькі сцены храма. Але варнянцаў супакоіла і адначасова заінтрыгавала пакаёўка мясцовай пані Магдалена (іграе Вольга Каткоўскіс): “Касцёлу ў Варнянах быць!”

…Вытанчаная і дзейсная гаспадыня Варнян Марцыяна Абрамовіч (іграе Наталля Александровіч) нягледзячы ні на што вырашыла прадоўжыць справу спачылага мужа, больш таго, зрабіць мястэчка ўнікальным. За гэта ўзяўся знакаміты архітэктар з Вільні Аўгуст Касакоўскі, які праектаваў многія храмы і палацы.

Калі на імправізаванай сцэне з’явіўся майстар (выдатна іграе ксёндз Віктар), прысутныя без перабольшвання ахнулі: не чакалі такога павароту.

Архітэктар улічыў усе пажаданні пані: у Варнянах запланавалі ўзвесці ўнікальную забудову з дамамі, злучанымі аркамі, карчмой, гандлёвымі радамі і мураваным касцёлам у стылі позняга барока.

…У 1769 годзе задума ўвасобілася і касцёл быў высвенчаны. Якіх сіл і хваляванняў гэта каштавала Марцыяне Абрамовіч, можна даведацца з яе маналогаў да партрэта спачылага мужа: “Дарагі, любы мой Юрый! Справа, пачатая табою, завершана. Не было і дня, каб я ў думках да цябе не звярталася за дапамогай. Мне, як жанчыне, было нялёгка, але я заўсёды адчувала тваю прысутнасць і падтрымку. Сваім жыццём, сваімі ўчынкамі ты заслужыў, каб гэты касцёл насіў тваё імя. Учора ў Варнянах адбылася ўрачыстасць. Наш касцёл асвечаны. Цяпер ён будзе па праве служыць люду вернаму”.

І людзі прыходзілі пакланіцца і падзякаваць сваёй пані за дабрыню, касцёл храм, дапамогу ў цяжкую хвіліну.

…У Варнянах заўсёды было шмат яўрэяў, але вайна паставіла пагрозу існавання не толькі цэлага народа, а і кожнага асобнага чалавека. Да варнянскага пробашча ксяндза Яна Селевіча (іграе Юрый Валэйка) з апошняй надзеяй аб уратаванні звярнуліся Саламея Барадоўская (іграе Ганна Ашоўская) з сынам Гіршам. Як жанчына цалуе дадзены ёй святаром хлеб, як найвялікшую каштоўнасць, як праз рыданні задаецца рытарычтнымі пытаннямі “За што і чаму?” – ад ігры гераіні па скуры ішлі мурашы і падступалі слёзы. Святар дапамог уратавацца нечаканым візіцёрам. У будучым Гірша (Цві) стаў знакамітым оперным спекавом і хацеў адшукаць свайго дабрадзея, але сэрца ксяндза Яна перастала біцца ў далёкім 1943 годзе. Святара пасмяротна прызналі праведнікам свету.


…Касцёл быў і сельскім клубам, дзе збіралася моладзь паглядзець асабліва папулярныя ў тыя часы індыйскія фільмы. Але людзі не трацілі надзею, што святыня вернецца: збіраліся і маліліся ля сцен храма. І просьбы парафіян былі пачуты. З 90-х гадоў мінулага стагоддзя пачыналася новая гісторыя касцёла, які з кожным годам прыгажэе. І заслуга ў гэтым святароў: Здзіслава Пікулы, Паўла Звяжынскага, Віктара Захарэўскага.

Філгранна аздобілі пастаноўку верш і песня Людмілы Кухарэвіч. У фінале ўдзельнікі спектакля з запаленымі лампадкамі, якія сімвалізавалі гарачыя і адданыя роднай старонцы і касцёлу людскія сэрцы, праспявалі сімвалічныя радкі: “Я ціха свечку запалю і шчыра памалюсь за ўсіх, каго люблю, за маці-Беларусь!”


…У гэты дзень сакрамэнт бежмавання з рук біскупа Аляксандра Кашкевіча атрымаў 41 вернік. У гэты дзень маліліся ў гонар Маці Божай Ружанцовай і за спачылых святароў варнянскай парафіі. У гэты дзень вернікі і госці свята слухалі казанне ксяндза Юрыя Марціновіча, які разважаў пра ўдзячнасць, і ішлі ў працэсіі вакол храма. У гэтыя дні адбыліся аднаўленні святых місій, якія летась сталі часам еднасці, духоўнага ачышчэння, навяртання і ўмацавання веры… Але галоўнай падзеяй усё ж быў спектакль. Згадзіцеся: расказаць таленавіта за гадзіну пра 225-гадовую гісторыю касцёла пад сілу далёка не кожнаму…




Факты з гісторыі

* У 1767-м Марцыяна Абрамовіч заснавала пры варнянскім храме дамініканскую місію, запрасіла з астравецкага кляштара манаха.

* 28 кастрычніка 1769 года касцёл Святога Юрыя быў асвечаны віленскім біскупам Томашам Ігнацыем Зянкевічам.

* Пры касцёле дзейнічала Варнянская парафіяльная школа, пазней – народнае вучылішча, у якім выкладалі святары.

* Касцёл перажыў тры вайны (Напалеонаўскую, І і ІІ сусветныя), і не быў разбураны.

* У пасляваенныя гады касцёл у Варнянах быў зачынены. Апошнія запісы гэтага часу ў касцёльных кнігах датуюцца: хрост – 14 лістапада 1948 года; шлюб – 23 лістапада 1948 года. Літургічныя прадметы, абразы, фігуры і іншае часткова забралі другія парафіі, а ўсё астатняе разрабавалі. Засталіся фігура “Сэрца Пана Езуса”, якая знаходзілася ў астравецкім касцёле, фігура “Пана Езуса бічаванага”, што захоўвалася ў гервяцкім касцёле, манстранцыя і рэліквіярый святых Фларыяна, Станіслава і Казіміра –гэтыя рэчы пазней вярнулі людзі.

* У будынку касцёла спачатку некалькі гадоў захоўвалі збожжа, мінеральныя ўгнаенні. Храм разбураўся і ў такім прастаяў да сярэдзіны 80-х гадоў.

* Сіламі мясцовага калгаса і пры падтрымцы дзяржаўных улад пачаліся работы па рэстаўрацыі храма пад клуб, якія завяршыліся ў кастрычніку 1982 года. З гэтага часу тут фукцыянаваў Дом культуры.

*31 студзеня 1990 года Астравецкі раённы Савет народных дэпутатаў пастанавіў перадаць будынак касцёла вернікам варнянскай парафіі, але яшчэ з умовай рашыць пытанне на агульным сходзе калгаснікаў, якія адзінагалосна падтрымалі гэтае рашэнне – яно было выканана ў пяцідзённы тэрмін.

* 11 сакавіка 1990 года касцёл асвяціў біскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич