Чалавек-эпоха Уладзімір Пракапцоў пра службу мастацтву і пленэр у Трокеніках
14:00 / 04.08.2026
Пры гэтым ён заставаўся не проста топ-менеджарам, але і прызнаным жывапісцам, мастацтвазнаўцам і ганаровым членам Расійскай акадэміі мастацтваў.
Спалучэнне таленту кіраўніка і чуласці творцы – рэдкі і ўнікальны дар, які Уладзімір Іванавіч рэалізаваў напоўніцу. На пленэры ў Трокеніках журналіст «Астравецкай праўды» пагутарыў з майстрам.
– Ведаю, вы не ўпершыню на Астравеччыне. Якое значэнне для вас мае наш край і што прывяло сюды на гэты раз?
– Астравецкі раён славіцца не толькі ўнікальнай архітэктурай, але і сваімі людзьмі. Гэта зямля падарыла свету шмат таленавітых беларусаў, сярод якіх і выдатны мастак Мар’ян Богуш-Шышка. Непаўторная прыгажосць мясцовай прыроды заўсёды натхняла творцаў, а адметныя лакальныя праекты, як і сённяшняя падзея, безумоўна, заслугоўваюць вялікай увагі.
З калегам, мастаком, выкладчыкам і дацэнтам Беларускай акадэміі мастацваў Уладзімірам Васюком з задавальненнем адгукнуліся на прапанову паўдзельнічаць у пленэры. Парадавала, што раённае і мясцовае кіраўніцтва падтрымліваюць гэту ініцыятыву і спрыяюць яе пашырэнню.
Маляўнічыя пейзажы Астравеччыны і шчырая зацікаўленасць арганізатараў даюць усе падставы спадзявацца, што мясцовы пленэр будзе пашыраць свае межы. Гэтая творчая пляцоўка мае вялікі патэнцыял, каб штогод збіраць вакол сябе яшчэ больш таленавітых удзельнікаў. Упэўнены, кожны з радасцю пакідаў бы тут сваю работу.
Спадзяюся, што з цягам часу тут, у сядзібе вашага знакамітага земляка, узнікне мастацкая галерэя. І гэта стане найлепшым ушанаваннем яго памяці і створыць адметнае мастацкае асяроддзе на Астравеччыне.
– Якія карціны вы прывезлі з сабой і чаму выбралі менавіта іх?
– Лета шматграннае ў сваіх праявах. На адным палатне адлюстраваны бэз – мне здаецца, яго смела можна лічыць сімвалам беларускай вёскі. Даўней у кожнай сядзібе ён квітнеў.
На другой карціне – непаўторная беларуская прырода: лес, рака, неабсяжны далягляд. Гэта хутчэй збіральны вобраз. Імкнуўся адлюстраваць таямнічасць, глыбіню і казачнасць адной мясціны, якая ўвасабляе ўсю ўнікальнасць краіны.
Гэта абагульнены вобраз нашай сінявокай Беларусі і яе рэгіёнаў. Прыгажосць, убачаную ў розных кутках Радзімы, я аб’яднаў на адным палатне.
У мяне шмат работ, прысвечаных краявідам роднай Гомельшчыны, у тым ліку і добрушскаму краю, дзе я нарадзіўся. Таму мне прыемна прадставіць на гэтым пленэры хоць бы два сваіх пейзажы на летнюю тэматыку. Прызнацца, падабаецца занатоўваць адметнасці і ўнікальнасць прыроды ў розныя поры года.
– Сярод удзельнікаў пленэру і прадстаўнікі маладога пакалення. Што б вы ім параілі і які наказ далі б?
– Беларуская школа мастацтва – класічная, магутная і вядомая на ўвесь свет. Гэта трывалы падмурак, створаны пакаленнямі прызнаных майстроў, чые імёны назаўсёды ўпісаны ў залаты фонд нашай культуры. Мы ганарымся спадчынай такіх масцітых творцаў, як Міхаіл Савіцкі, Май Данцыг, Леанід Дудараў, Леанід Грамыка, Павел Масленнікаў, Алена Кушнярэвіч, Уладзімір Коўжык, Валерый Шкаруба і многія іншыя. Менавіта яны сфарміравалі высокія стандарты айчыннага жывапісу і графікі.
Мая парада і найвялікшае пажаданне маладым – максімальна пераймайце акадэмічныя і духоўныя традыцыі, якія складваліся на працягу дзесяцігоддзяў, і дасканала засвойвайце таямніцы нашага майстэрства. Аднак сапраўднае мастацтва не церпіць сляпога капіравання. Таму вельмі важна, каб кожны малады творца, абапіраючыся на моцную класічную базу, знайшоў сваю ўласную дарогу.
Кожны творца марыць стварыць шэдэўр і ўнесці свой адметны ўклад у развіццё беларускай мастацкай школы. Няхай гэтыя высокія мэты ў нашых паслядоўнікаў абавязкова ажыццяўляюцца. Тым больш, што для гэтага ўсё ёсць. Класічную цудоўную адукацыю можна атрымаць у нашай школе, маю на ўвазе вучылішча імя Глебава, у акадэміі мастацтваў, у педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, дзе я выкладаю, як прафесар, на факультэце эстэтычнага выхавання, на мастацка-графічным факультэце Віцебскага ўніверсітэта, які я заканчваў у 70-х гадах.
Каб дасягнуць пэўнага поспеху ў мастацтве, найперш патрэбны шчырае жаданне і каласальная праца. Не менш важна натхняцца беларускімі краявідамі і заўважаць прыгажосць у звычайных дробязях.
Вельмі каштоўная і пераемнасць пакаленняў: калі вопытныя майстры дзеляцца ведамі з маладзейшымі калегамі і накіроўваюць іх напачатку дарогі. Ідэальнай пляцоўкай для гэтага і становяцца такія творчыя імпрэзы, як пленэр у Трокеніках.
– Варта прыслухоўвацца да бацькоў, педагогаў у школе і выкладчыкаў у інстытуце. І, канешне, засвойваць наказы старэйшых настаўнікаў. Мне ў гэтым плане пашчасціла. Мама была настаўніцай. У інстытуце ў нас выкладалі таленавітыя мастакі. Ну, і Віцебск, безумоўна, адыграў пэўную ролю, як культурна-мастацкая сталіца, беларускі Парыж. Аўрай самаго Шагала і Малевіча там пранізана атмасфера.
Станаўленне сапраўднай асобы немагчыма без шчырай любові да роднага краю, ведання гісторыі, павагі да нацыянальнай культуры і сваіх каранёў. Прывіваць гэтыя каштоўнасці неабходна дзецям з самага маленства.
Стваральнікі нашага культурнага фонду – мастакі, акцёры, пісьменнікі – павінны праслаўляць Беларусь як зямлю вялікіх талентаў. Больш за тое, кожнаму грамадзяніну на сваім месцы варта рабіць усё магчымае для росквіту Радзімы.
Толькі тады, знітаваныя агульнымі ідэямі, мы зможам забяспечыць паспяховае развіццё і будучыню нашай краіны.
– Ці памятаеце вы сваю першую работу, якая вас натхніла стаць мастаком?
– Бацькі сябравалі з мясцовым аграномам – выдатным у многіх сэнсах чалавекам. Ён падарыў мне кнігу Мічурына, у якой былі каляровыя ўкладкі з выявамі яблыкаў, груш, слівамі. Я перамалёўваў іх і стараўся дабіцца дакладнага падабенства.
Мама падзяляла маю мару стаць мастаком, а бацька бачыў мяне аграномам. Відаць, паўплываў жыццёвы прыклад добрага сябра.
Кожны чалавек ідзе сваёй жыццёвай дарогай. Шчыра ўдзячны лёсу за тое, што на сваім шляху сустрэў жонку Веру Паўлаўну. Маё станаўленне як прафесіянала патрабавала шмат сіл: скончыў Акадэмію мастацтваў, Інстытут мастацтвазнаўстваў Акадэміі навук Беларусі, паспяхова абараніў дысертацыю. Безумоўна, нічога ў жыцці не даецца проста, і ніякі поспех не падае з неба – за ўсім стаіць карпатлівая праца. Не ўсё і адразу атрымлівалася лёгка, але гэты прынцып нястомнага пошуку аднолькава працаваў як пры стварэнні маіх палотнаў, так і падчас кіравання Нацыянальным мастацкім музеем, адданаму служэнню якому я прысвяціў 25 гадоў.
– Безумоўна, гэта значная і важная частка вашага жыцця…
– У першую чаргу лічу сябе паслядоўнікам Алены Васільеўны Аладавай, Юрыя Аляксандравіча Карачуна – маіх папярэднікаў на гэтай пасадзе…
Дзякуючы падтрымцы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі атрымалася закласці і зрабіць палавіну Музейнага квартала. І сёння Нацыянальны мастацкі музей – гэта не толькі візітоўка нашай краіны, але і славутасць Беларусі, пра якую ведаюць за мяжой.
– Як у вас атрымлівалася спалучаць такія розныя іпастасі: кіраўніка знакавага культурнага аб’екта, мастака і мастацтвазнаўцы?
– Пасада дырэктара – гэта велізарны пласт работы і пастаяннае сумяшчэнне роляў: адначасова ты і адміністратар, і менеджар, і гаспадар. Мне выпала місія падымаць музей на прынцыпова новы ўзровень, як у матэрыяльна-тэхнічным плане, так і ў канцэптуальным развіцці. Трэба было шукаць уласную нішу і паралельна мадэрнізаваць філіялы. Асноўныя сілы сканцэнтравалі на Мірскім замку, музеі Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве, доме-музеі Ваньковічаў і музеі ў Раўбічах.
Калі ў 1998 годзе стаў дырэктарам музея, не было нават рэстаўрацыйнага аддзела. А сёння гэта цэлы цэнтр: 14 майстэрань. Створаны вельмі годныя ўмовы для правядзення выстаў.
Усё гэта патрабавала вялікіх высілкаў, не толькі фізічных, але і ў маральным плане. Аддушынай у вольны час была творчасць. Станавіўся за мальберт і пісаў – праўда, не так шмат, як зараз, тады цалкам аддаваўся музею.
Як мастацтвазнаўцу мне заўсёды хацелася заставацца ў прафесіі, таму час ад часу я пераключаўся на гэту сферу. Вынікам стаў унікальны сумесны выдавецкі праект – серыя кніг «Славутыя мастакі Беларусі», у якой пабачылі свет 46 тамоў.
Лічу, што немалаважная роля належыць і блізкім. Мяне заўсёды вельмі падтрымлівала жонка – доктар мастацтвазнаўца, загадчык кафедры ўніверсітэта культуры. Яна таксама аказала на мяне значны ўплыў і, магчыма, дзякуючы ёй я стаў тым, хто сёння ёсць.
Азіраючыся назад, магу смела сказаць, што мне не сорамна глядзець людзям у вочы, у тым ліку сваім былым супрацоўнікам. Трывалы падмурак быў закладзены маімі папярэднікамі, якія зрабілі каласальны ўнёсак у развіццё ўстановы. Са свайго боку я прыклаў усе намаганні, каб годна ўшанаваць іх памяць. У гонар Алены Аладавай названа вуліца, адкрыта мемарыяльная дошка і заснаваны Аладаўскія чытанні. У музеі ўсталяваны бюст Юрыю Карачуну, не забыта спадчына Мікалая Міхалапа. Лічу, што з калектывам мы сталі годнымі пераемнікамі заснавальнікаў-айцоў Нацыяльнага мастацкага музея і пакінулі свой след у яго гісторыі. Сёння, дзякуючы падтрымцы Прэзідэнта, гэта важная справа працягваецца ў маштабным праекце пашырэння Музейнага квартала.
– У чым вам бачыцца масавасць мастацва?
– Мастацтва нясе вельмі вялікі духоўны зарад і робіць чалавека больш гуманным, лепшым і духоўна адукаваным. Без яго, мне здаецца, не было б духоўнай еднасці. Важна, каб моладзь, асабліва школьнікі, шанавалі гісторыю Беларусі, як мага часцей бывалі ў музеях, тэатрах, выставах; каб яны былі шырока адукаванымі людзьмі, ведалі мастакоў, у тым ліку са сваіх рэгіёнаў і мястэчак. Таму што не толькі знакамітыя творцы, але і народныя майстры, звычайныя вясковыя бабулі ствараюць мастацкую гісторыю нашага краю. І гэты вянок, сплецены з творчых здабыткаў розных рэгіёнаў краіны, увасабляе культурны код нашай нацыі.
– Уладзімір Іванавіч, вы пакідаеце ўражанне вельмі гарманічнай асобы. Што робіць вас шчаслівым?
– Па-першае, усё жыццё стараюся адпавядаць тым запаведзям, у якіх мяне выхоўвалі бацькі. Па-другое, мая работа як мастака, дырэктара музея, выкладчыка прыносіць сапраўдную радасць і карысць іншым. Уведамленне гэтага, а таксама тое, што ты робіш хоць маленькі ўнёсак у справу развіцця сваёй Беларусі. У маладосці пра гэта не задумваешся, але з гадамі больш востра адчуваеш патрэбу пакінуць пасля сябе след і спадчыну. Калі ты выконваеш работу ад душы, годна, прафесійна і гэта прыносіць задавальненне табе, дапамагае ці радуе іншых (неістотна, якая гэта сфера), – гэта і робіць чалавека шчаслівым, у тым ліку і мяне.
– Дзякуй за цудоўную і шчырую гутарку!
Крылатыя выказванні
- Талент – дар прыроды, але каб стаць таленавітым мастаком (акцёрам, паэтам і гэтак далей) – трэба працаваць і яшчэ раз працаваць. Гэта тычыцца любой прафесіі: каб дасягнуць пэўных станоўчых вынікаў і вяршынь, трэба выкладвацца па поўнай і жыць дзень і ноч сваёй справай.
- Не кожны малады чалавек звяжа жыццё з прафесійным мастацтвам. Аднак эстэтычнае выхаванне застанецца з імі назаўжды. Яно навучыць іх разумець цаніць прыгажосць роднай Бацькаўшчыны.
- У розныя перыяды свайго жыцця імкнуўся адпавядаць высокаму прафесійнаму ўзроўню і рухацца далей. Гэта натхняе працаваць насуперак узросту і абставінам. Толькі так можна заставацца ў тонусе і не спыняцца на дасягнутым.