Пасведчанне аб нараджэнні і кашульку ад Прэзідэнта атрымала маленькая Кацюша
Незаўважна і хутка праляцела 9 месяцаў у чаканні цуда – і ў сям’і Касьяненка загучаў ціхенькі галасок дачушкі Кацярыны.
Расці і вучыцца разам з малодшай дачкой пажадала бацькам Валерыю і Лізавеце начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Марыя Лаўрэцкая, уручаючы пасведчанне аб нараджэнні.
Цеплыні і ўрачыстасці моманту дадало віншаванне вялікай сям’і, дзе Каця – трэцяе дзіцятка, старшыні раённага адзялення Беларускай партыі “Белая Русь”, старшыні райсавета дэпутатаў Генадзя Бычко.
– Шчаслівы бляск вашых вачэй, пяшчота, з якой вы глядзіце адзін на аднаго і на сваіх дзяцей, падказваюць, што рашэнне стаць шматдзетнымі бацькамі было абдуманым, узаемным і правільным, – адзначыў Генадзь Паўлавіч. – Дзякуй за смеласць і за добры прыклад для астатніх сямей.
Прыгожы і незвычайны падарунак – “Бацькаву кашулю” – старшыня раённага аддзялення партыі перадаў бацькам немаўляці.
Нагадаем, гэтая асаблівая падзяка ад Прэзідэнта ўручаецца згодна з умовамі рэспубліканскага праекта “Трэці – Бацькаў”. Дапоўнена яна прыгожай легендай, своеасаблівым нагадам бацькам, асноўная мэта і жаданне якіх – шчаслівыя дзеці, годныя грамадзяне сваёй краіны. Сімвалічна, стыльна і арыгінальна.
Да шчырых віншаванняў далучыліся і калегі шчаслівай маці – работнікі атамнай электрастанцыі.
Пра дзяцей і падарункі
…Маленькая Кацюша ціхенька пасопвала на руках Лізаветы; адчуваючы святочны настрой, з каляровымі шарыкамі гуляла побач дачушка Ксенія; а не па гадах сур’ёзны (ён жа старэйшы і ён мужчына!) Данііл уважліва сачыў за малодшай сястрой, каб падаць ёй пустышку… І такім цёплым, душэўным і па-сямейнаму ўтульным быў гэты момант, што мы не змаглі не задаць Касьяненкам некалькі пытанняў аб галоўным.
– Што для вас сямейнае шчасце?
– Зразумела, сёння пра цішыню дома можна толькі марыць. (Усміхаюцца.) Але гэта прыемная мітусня. З Кацюшай дапамагаюць усе. Данііл самы адказны, заўсёды на падхопе – вельмі стараецца ва ўсім дапамагчы. А Ксюша цацкі прыносіць – дзеліцца сваімі… У гэтым наша шчасце: у дзецях, іх удзеле ў агульных справах, у задавальненні ад таго, што мы разам.
– Далёка не кожны сёння рашаецца нарадзіць трэцяе дзіця…
– І дарма. Цяжка толькі з першым. З астатнімі – прасцей. Ужо ёсць вопыт, навыкі, разуменне, што і як трэба рабіць. Хоць, канешне, адказнасць бацькам дадаецца.
– Дзеці шчаслівыя, калі?...
– Бацькі любяць, паважаюць адзін аднаго і дапамагаюць ва ўсім. Трэба, каб кожны член сям’і адчуваў падтрымку ў любой сітуацыі. Каб тата з задавальненнем вяртаўся дадому, дзе добра і цёпла, дзе пануюць павага і разуменне.
– Вы атрымалі незвычайны падарунак для дачушкі…
– Як толькі ўбачылі кашульку, вырашылі: а чаму б і не паслухаць параду Генадзя Паўлавіча пахрысціць дачку у ёй? Вельмі прыгожая! Бачылі на здымках у інтэрнеце, але ў жыцці яна прыгажэйшая.
– І акцыя незвычайная. Калі прапанавалі паўдзельнічаць, я адразу згадзілася – нават у мужа не спытала, – дадала, усміхаючыся, Лізавета.
…Шматдзетная сям’я – не толькі трайныя клопаты, але і трайная любоў, якая ў сям’і Касьяненка з кожным днём будзе толькі прымнажацца.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https:// telegram.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.