Астравецкаму народнаму тэатру прысвоена назва “ТэАс”

16:16 / 02.07.2026

Заканчэнне тэатральнага сезона Астравецкі народны драматычны тэатр адзначыў дзвюма важнымі падзеямі.

Па-першае, у тэатра з’явілася імя. Калегія ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама па хадайніцтве сектара культуры Астравецкага райвыканкама прысвоіла яму назву “ТэАс”. Не, размова не пра ёгурт: расшыфроўваецца яна проста і лагічна – “Тэатр Астравецкі”. І гучыць ярка і запамінальна.

Па-другое, як і вялікія тэатры, сезон мы завяршылі… Не, не прэм’ерай, але паказам спектакля. У рамках пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Саюзам пісьменнікаў Беларусі і Дзяржаўным пагранічным Камітэтам ваеннаслужачым вучэбнага цэнтра Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь астравецкія артысты паказалі сваю апошнюю работу – спектакль па п’есе Ніны Рыбік у пастаноўцы Тэміры ІсаенкаІ “Каханне і мухаморы”. І хоць сцэнічная пляцоўка мала нагадвала тэатральныя падмосткі, Вадзім Вянгроўскі, Вольга Лябецкая, Антон Юркойць, Валерыя Вольская і Дзмітрый Самсон хутка сарыентаваліся і сыгралі свае ролі на высокім узроўні.

Воіны-пагранічнікі праводзілі артыстаў авацыяй і прасілі прыязджаць яшчэ.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.