Пра свой жаночы код расказвалі Эліна Гражуль-Гульбінская, Вольга Багдановіч і Ніна Рыбік
15:45 / 22.05.2026
Калі атрымала запрашэнне паўдзельнічаць у ім у якасці адной з гераінь, то, па праўдзе кажучы, разгубілася: гэта пра што? А калі дырэктар музея Марыя Вайцяховіч папрасіла назваць кодавае слова, якое б адлюстравала маю сутнасць, задумалася: якое яно? Праца? Журналістыка? Творчасць? Цікаўнасць? Сустрэчы? І ўрэшце вырашыла, што ёсць адно, якое аб’ядноўвае і ўвасабляе ў сабе ўсё гэта, – СЛОВА. Але гэта ў мяне. А ў іншых удзельніц сустрэчы? Пры што раскажуць і што пакажуць яны?
У музей я ішла ў якасці не столькі гераіні, колькі карэспандэнта «АП»: было цікава. А гэта галоўны арыенцір для любога журналіста.
Забягаючы наперад, скажу: не ўпэўнена, што юныя і дарослыя ўдзельнікі сустрэчы пад назвай «Кола натхнення» даведаліся жаночы код Астравеччыны, але мерапрыемства атрымалася цёплым і шчырым і адначасова – цікавым і пазнавальным.
Нам ёсць кім ганарыцца і ёсць з каго браць прыклад. Кароткі і эмацыянальны расповед пра беларускіх жанчын, якія апярэдзілі свой час і даказалі – хоць і не збіраліся нікому нічога даказваць, проста жылі не так, як патрабавалі звычаі і навакольныя, а як вымагалі абставіны і ўласныя розум і сэрца – сабе і ўсяму свету права людзьмі звацца (нагадаю: доўгі час прадстаўніцы слабай паловы былі гэтага права пазбаўлены). Асветніца і храмабудавальніца Ефрасіння Полацкая; беларуская Жана д’Арк Анастасія Слуцкая; стваральніца беларускага тэатра Урсула Радзівіл; падарожніца, мемуарыстка (тады яшчэ не ведалі жанру нон-фікшн), першая беларуская жанчына-ўрач Саламея Рэгіна Русецкая; паэтка, асветніца, рэвалюцыянерка Алаіза Пашкевіч (Цётка), гераіня вайны Вера Харужая; актрыса Стэфанія Станюта… І пералік жанчын, якія жылі ў непараўнальна больш цяжкіх умовах, чым мы, але даказалі, што слабы пол – зусім не слабы, можна працягваць доўга, дапаўняючы ўсё новымі імёнамі.
Эліна Гражуль-Гульбінская – настаўніца пачатковых класаў, дачка настаўніка. Яна любіць сваю справу і вучні любяць і да гэтага часу памятаюць сваю «другую маму» – гэта засведчыла і яе былая вучаніца Марыя Вайцяховіч.

…Што атрымалася ў выніку, удзельнікі сустрэчы маглі ўбачыць на персанальнай выставе Эліны Гражуль-Гульбінскай. (Якая, да слова, будзе працаваць у музеі да чэрвеня – можаце скласці сваё ўражанне). А яшчэ паспрабаваць сябе ў якасці мастака: а раптам у некага яшчэ ў глыбіні душы дрэмле нераспазнаны пакуль талент і чакае дотыку чароўнага пэндзля? Эліна прынесла ўсё неабходнае – і жадаючыя пакінулі свой штрых і вобраз на агульнай абстрактнай карціне.
Быць толькі захавальніцай сямейнага ачага ёй падалося сумным, і Вольга стала пячы торты. Паверым на слова Марыі Вайцяховіч (яе, дарэчы, таксама ў свой час вучыла Вольга Іванаўна: лепшыя ў свеце!)
Але аднойчы яе пацягнула… да зорак! Не ў сэнсе – глядзець на іх і марыць, а ў жаданні зразумець, чаму месяц устае ў адным месцы, а заходзіць у другім; чаму сузор’і «вандруюць» на небе і як іх рух уплывае на жыццё і лёс чалавека.
Вольга Багдановіч усур’ёз занялася астралогіяй – і дасягнула ў гэтым занятку (які, калі што, зусім не пра варажбу і прадказанні), даволі высокага ўзроўню. Пра астралогію як навуку (так-так, гэта навука, якая часцей за ўсё не мае нічога агульнага з гараскопамі, якія друкуюць у газетах, і якія, скажу па сакрэце, часам прыдумляюць самі журналісты – не мы, слова гонару!). Пра яе практычнае прымяненне Вольга не толькі расказала, але і прадэманстравала.
Я ж паспрабавала паказаць на справе, што можна зрабіць са словам – у абмежаваны час і ў прапанаваных умовах. Удзельнікі сустрэчы падзяліліся на каманды, выцягнулі падрыхтаваныя мной загадзя словы – і за 5 хвілін напісалі невялікія замалёўкі. Атрымалася вельмі нават няблага! Ва ўсіх. Але я напачатку абяцала прыз пераможцу – яго атрымала каманда «Экспанаты».
Не абышлося без прызоў і ад арганізатараў сустрэчы: іх атрымалі не толькі гераіні, але і ўдзельнікі: шчасліўчыкаў вызначала жараб’ёўка.
…«Кола творчасці» пракруцілася – і спынілася. А ўдзельнікі сустрэчы ўсё не разыходзіліся: размалёўвалі імбірныя пернікі, якія затым можна было пакаштаваць; малявалі магнолію на майстар-класе ад Эліны Гражуль-Гульбінскай; «фотасесіліся» і размаўлялі…
Ці даведаўся хто ў той дзень жаночы код Астравеччыны? І ці існуе ён? Напэўна, гэта толькі фігура слова.
Але галоўнае, што ёсць такія сустрэчы, цёплыя і шчырыя. Бо, як сказаў Антуан дэ Сент-Экзюперы, адзіная сапраўдная раскоша ў свеце – раскоша чалавечых стасункаў.