Корреспондент узнал, как в морозы работают животноводы на МТК «Подольцы»
16:15 / 22.01.2026
А як вызваляліся з белых халодных абдымкаў на фермах і комплексах – пра гэта, а таксама пра нюансы сёлетняй зімоўкі буйной рагатай жывёлы высвятляў карэспандэнт «раёнкі», пабываўшы на малочна-таварным комплексе «Падольцы» РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі».
Уцяпліцца
Хоць начальнікам МТК «Падольцы» Юлія Юковіч працуе толькі другі месяц, пра комплекс жанчына ведае без перабольшвання ад «А» да «Я». Спачатку яна адказвала за ідэнтыфікацыю жывёлы. Кемлівасць, руплівасць і спрыт спецыяліста заўважыў дырэктар Дзяніс Кірпа і прапанаваў Юліі атрымаць спецыяльную адукацыю. У Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце яна адвучылася на заатэхніка-селекцыянера. І перш чым узначаліць падольскі комплекс, адпрацавала тут па спецыяльнасці каля 10-ці гадоў.
– Якасць малака залежыць ад многіх фактараў: ад тэхналогіі даення, у тым ліку сцэджвання першага струменя, своечасовасці пераводу хворай рагулі ў «карантынную» групу. Калі нармальна адладжана работа і выконваецца ўся неабходная тэхналогія, тады і саматыка «не кульгае», – працягвае начальнік комплексу. – Маразы таксама ўплываюць на надоі, як і змена рацыёну. Нават калі карову паганяць, яна атрымае стрэс – і надой зменшыцца. Таму, як лялечак, глядзім сваіх каровак. У такое марознае надвор’е самае галоўнае, каб не замерзлі паілкі, каб жывёла пастаянна была напоена. А для гэтага трэба ўцяпляць памяшканні, што мы і зрабілі.
Тры месяцы назад у саўгасе на кожны комплекс набылі самаходныя падсувальнікі кармоў. У «Падольцах» на ім працуе Віктар Памецька.
На выхадзе з кароўніка заўважыла двух жанчын, якія ўцяплялі ўваходныя дзверы.
– Маразоў не баіцеся? – пацікавілася ў цялятніц.
– Калі рухаешся і працуеш, ніякі холад не адчуваецца! – у адзін голас запэўнілі Наталля Сідарава і Валянціна Казлоўская.
Дзіцячы садок для цялят
Па прызнанні гаспадыні падольскага комплексу, у такое марознае надвор’е асноўная ўвага цяпер скіравана на самых маленькіх жыхароў.– Самае галоўнае – гэта рацыён. З раёна дадзена каманда дадаць па літры малака ў меню кожнага прафілакторнага цяляці, што мы і зрабілі, – заўважыла Юлія Юковіч. – Найважней для мяне, каб кожнае малое было здаровым, накормленым і дагледжаным».
Незалежна ад пары года і надвор’я жывёлаводы прачынаюцца рана, праўда, у марозныя снежныя дні дадаецца больш клопатаў. Тым не менш, з усімі выклікамі, у тым ліку надвор’я, яны годна спраўляюцца і своечасова дояць кароў, кормяць цялят і выконваюць іншыя надзённыя звыклыя абавязкі. Тым больш што ўмовы працы для жывёлаводаў, у пры ватнасці на МТК «Падольцы», за дастаткова невялікі адрэзак часу значна палепшалі, дзякуючы ўзвядзенню новага прафілакторыя ці, калі казаць простай мовай, дзіцячага садка для цялят.
Да слова, у прафілакторыі ёсць малочная кухня з усім неабходным абсталяваннем: малочным таксі з прывадам, размарожвальнікам малозіва, устаноўкай для мыцця вядзерак і дэзінфекцыі сосак.
– Перавод у групу адбываецца плаўна і паступова, каб мінімізаваць стрэс для жывёліны, – расказала начальнік комплексу. – Дарэчы, усе секцыі абсталяваны аўтаномнымі паілкамі з падагрэвам.
За цялятамі на комплексе замацавана 3 жывёлаводы. Трэці год на МТК «Падольцы» Людміла Базіс. У раённай жывёлагадоўлі яна далёка не новы чалавек: даўней была малаказборшчыкам, працавала на фермах і комплексах КСУП «Гервяты».
Кампетэнтна
Вольга Умрыхіна, першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання:– У гэты перыяд уся раённая жывёлагадоўля пераведзена ва ўзмоцнены рэжым работы. Захаванасць буйной рагатай жывёлы, як і функцыянаванне малочна-таварных ферм і комплексаў, знаходзяцца на асабістым кантролі губернатара Гродзеншчыны Юрыя Караева, старшыні райвыканама Сяргея Мядзвецкаса, яго першага намесніка Івана Карнілы. За комплексамі і фермамі замацаваны іншыя намеснікі старшыні райвыканкама, кіраўнікі сельскіх Саветаў, спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, райветстанцыі – арганізавана іх пастаяннае дзяжурства.
На жывёлагадоўчых аб’ектах, у тым ліку ў выхадныя дні, кантралюецца арганізацыя дадатковай выпайкі цялят, тэмпературны рэжым, спраўнасць пастэрызатараў, малочнага таксі і іншага абсталявання. На месцах прымаюцца канкрэтныя меры па мінімізацыі наступстваў марознага надвор’я для буйной рагатай жывёлы: праводзіцца дадатковае ўцяпленне прафілакторыяў і індывідуальных дамкоў са своечасовым падсцілам саломы; ажыццяўляецца трэцяя выпайка цялят; выкарыстоўваюцца энергетычна-балансуючыя кармы і вітамінна-мінеральныя прэміксы для кароў транзітнага перыяду з мэтай прафілактыкі парушэнняў абмену рэчываў.
Акрамя гэтага, гаспадаркам варта паклапаціцца не толькі пра выкананне тэхналагічных рэгламентаў, але і пра людзей, якія ў марозныя дні працуюць на комплексах і фермах. Перад кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў, прафсаюзнымі пярвічкамі пастаўлена задача ў мінімальныя кароткія тэрміны арганізаваць гарачае харчаванне для работнікаў комплексаў і ферм.
P.S. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку (21 студзеня), карэспадэнт даведаўся, што наладжана кармленне работнікаў жывёлагадоўлі гарачымі абедамі ў гэты марозны час у КСУП «Гудагай», «Гервяты», «Міхалішкі» і «Варняны». У саўгасе комплексы маюць спецыяльныя бытавыя памяшканні, якія ацяпляюцца і абсталяваны мікрахвалёўкамі.