25-ы паказ спектакля “Калядны вечар”: успаміны і разважанні акцёраў
12:22 / 26.11.2025
Спектакль «Калядны вечар», пастаўлены рэжысёрам Вольгай Турубаравай па п’есе Ніны Рыбік, жыве без малога 14 гадоў: яго прэм’ера адбылася 11 студзеня 2013 года. Нядаўна ў Смаргонскай пагранічнай групе прайшоў юбілейны, 25-ты паказ.
Юбілейны паказ «Каляднага вечара» стаў нагодай распытаць у яго стваральнікаў і акцёраў, што для іх значыць гэты спектакль.
Вольга Турубарава (рэжысёр і выканаўца ролі Сцепаніды):
Падбор выканаўцаў ішоў цяжка. Мы прапаноўвалі прыняць удзел то адной, то другой. Усе чыталі п’есу, хвалілі – і адмаўляліся. Давялося мне ўзяць на сябе ролю Сцепаніды, а Ніне Аляксееўне – Міхайлаўны.
Потым бясконцыя чыткі п’есы па ролях – гэты перыяд мы называлі застольным і жартавалі, што не хапае адпаведнага рэквізіту.
Першы выхад на сцэну – і акцёры не ведаюць, што рабіць, куды падзець рукі. Пошук кожнага жэста, кроку. Падбор касцюмаў, грыму. Паступовае пераўвасабленне. Як рэжысёр я была вельмі рада, што ідзе такі магутны творчы працэс: мы забываліся пра дом, асноўную работу і нават пра свае болькі.
І вось прэм’ера… Поўная зала. Усіх супакойваю – я ж рэжысёр, так трэба. А ў самой пад коўдрай ногі калоцяцца, жалязякі ў інвалідным крэсле, у якім сяджу, бразгацяць.
А далей – кавалачак чужога жыцця, і яго нам трэба не проста паказаць, а пражыць – так, каб у зале не засталося раўнадушных.
Думаю, гэта атрымалася. Усе 25 разоў! І ўсё таму, што аднойчы ў адным месцы лёс сабраў шэсць нераўнадушных жанчын, каб дапамагчы іншым успомніць ці задумацца пра каштоўнасць чалавечага жыцця.
Крысціна Гіруць (Вера):
Хоць для мяне важным быў не столькі спектакль, колькі атмасфера, што панавала на рэпетыцыях. Здаецца, стомішся за дзень і хочацца аднаго: адпачыць! А збяромся вечарам – і сілы аднекуль з’яўляюцца, жаданне працаваць, энергія. Трэба выпраўляцца на гастролі, а ў цябе свае планы, клопаты. Але едзеш – зноў і зноў.
Думалі, закончым свае выступленні на 20-м паказе. А вось ужо і 25-ты адбыўся! Пераканана: калі запросяць, мы зноў паедзем.
Наталля Волк-Леановіч (Стася):
Калі пачалі рэпеціраваць, стала цікава. Але не суадносіла гэта з тым, што давядзецца выступаць перад сотнямі гледачоў. Потым прыдумала: трэба зрабіць радыёспектакль! Але мяне не падтрымалі. Па-ранейшаму баялася, але адмаўляцца позна: гэта была б здрада ў адносінах да іншых.
Прэм’еры я не памятаю. Сказаць, што хвалявалася, – нічога не сказаць. Калі спектакль закончыўся, здавалася, што мы нешта прапусцілі – усё праляцела як імгненне. Я была мокрай да ніткі!
А потым – пачуццё неймавернай эйфарыі! Мы змаглі, мы зрабілі гэта!
Для мяне гэты спектакль – як каханне! Вяду спецыяльны архіў, збіраю ўсе публікацыі, кожны здымак і слова, якія тычацца нашай трупы і выступленняў. Гэта цікава – спадзяюся, што не толькі мне.
Вольга Лябецкая (Галіна):
Асаблівае хваляванне агарнула перад выступленнем на прафесійнай сцэне ў Мінску. А яшчэ калі давялося выступаць у Сасновым Боры перад рускамоўнай публікай. Як успрымуць? Ці зразумеюць? І якая радасць была ад апладысментаў і шчырых слёз гледачоў.
Вучыш словы, каб не падвесці партнёраў, а пасля ўсведамляеш, што ведаеш ужо ўвесь тэкст п’есы, і не толькі свае рэплікі і маналогі, а і ўсіх гераінь. Мы звярталіся адна да другой, нават сустракаючыся на вуліцы, «Зіначка», «Стасечка», «Міхайлаўна».
Я ўдзячна ўсім за непаўторную атмасферу ўзаемапавагі, падтрымкі, узаемаразумення, за тое, што за гэты час мы сталі адной тэатральнай сям’ёй.
Марыя Васілёнак (Сцепаніда):
Думаю, не толькі для мяне самай адказнай была пастаноўка «Каляднага вечара» ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Няпроста было не разгубіцца на прафесійнай сцэне, перад сапраўднымі сафітамі. Але мы справіліся!
Удзячна лёсу за тыя некалькі спектакляў, у якіх удзельнічала. Ганаруся, што была побач на сцэне з сяброўкамі, ад ігры якіх заражалася натхненнем.
Спекталь меў вялікае значэнне для духоўнага абуджэння людзей, таму аншлагі пры яго праглядзе зусім не выпадковасць. Значнасць паднятай у п’есе тэмы зрабіла яго запатрабаваным.
Алена Гануліч (Зіначка):
Дзякуючы спектаклю я набыла класных каляжанак – сапраўдных, шчырых, якія, нягледзячы на сямейныя абставіны, праблемы са здароўем, знаходзілі час, сілы, жаданне, адкладвалі ўсё на другі план, прыходзілі на рэпетыцыі і ехалі выступаць.
«Калядны вечар» многаму навучыў. Найперш таму, што трэба цаніць і любіць жыццё, сваіх блізкіх, менавіта цяпер, тут і зараз! Не шкадаваць для іх цёплых слоў, не думаць, што прыеду да бабулі заўтра ці паслязаўтра, навязу прысмакаў – вось тады і нагаворымся… А можа стацца, што заўтра не будзе каму сказаць: «Прабач…» і «Я цябе люблю!»
Галіна Францкевіч (Сцепаніда і Зіначка):
– Калі перад паказам «Каляднага вечара» на «Лідскіх тэатральных сустрэчах» мне прапанавалі сыграць ролю Сцепаніды, я не здзівілася. Чамусьці была маральна гатова да гэтага яшчэ з таго моманту, калі пабачыла прэм’еру. І да рэпетыцый адносілася як да работы: мы ў бібліятэцы часта ставім пастаноўкі, мне гэта прывычна.
Але адна справа – рэпетыцыі, а зусім іншая – паказ, ды яшчэ перад аўтарытэтным журы. На сцэне я трохі накасячыла, але партнёры прыкрылі тую няўвязку, гледачы і члены журы нічога не заўважылі.
Хоць, прызнаюся, ролю Сцепаніды я не люблю. Баюся яе – каб не напрарочыць. Мне больш даспадобы Зіначка – рухавая, вясёлая, клапатлівая.
Да гэтай п’есы і да спектакля, мне здаецца, трэба дарасці. І не толькі акцёрам, але і гледачам. Каб адчуць, як у Стасі баліць калена, як у Міхайлаўны рвецца душа…
Храналогія паказаў спектакля «Калядны вечар»
11 студзеня 2013 года – прэм’ера ў ККЗ «Астравец»27 студзеня 2013 года – аг. Міхалішкі
1 сакавіка 2013 года – аг. Рытань
15 сакавіка 2013 года – г. Ашмяны
6 чэрвеня 2013 года – г. Астравец, ККЗ. Выязное пасяджэнне прэзідыума Гродзенскай абласной арганізацыі ГА БСЖ
16 жніўня 2013 года – аг. Парэчча, Гродзенскі раён
1 кастрычніка 2013 года – аг. Рымдзюны
23 лістапада 2013 года – г. Сасновы Бор Ленінградскай вобласці
1 снежня 2013 года – аг. Страчанка
15 снежня 2013 года – аг. Камаі Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці
21 лютага 2014 года – аг. Залессе Смаргонскага раёна
2 сакавіка 2014 года – аг. Варняны
23 красавіка 2014 года – г. Гродна, Палац прафсаюзаў
4 чэрвеня 2014 года – г. Гродна, ААТ «Малочны мір»
11 лістапада 2014 года – г. Астравец, пацвярджэнне звання народнага тэатра
2 красавіка 2015 года – г. Астравец, ККЗ
6 верасня 2015 года – г. Шчучын, Дзень беларускага пісьменства
16 ліпеня 2017 года – аг. Жодзішкі Смаргонскага раёна, рэспубліканскі лагер «Лясная казка»
20 красавіка 2019 года – п. Гудагай
11 чэрвеня 2021 года – г. Астравец, МФК
8 кастрычніка 2021 года – г. Мінск, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі
21 студзеня 2024 года – в. Альхоўка
23 лістапада 2024 года – г. Ліда, абласны фестываль народных тэатральных калектываў «Лідскія тэатральныя сустрэчы». Дыплом І ступені.
22 лістапада 2024 года – г. Астравец, ККЗ
9 лістапада 2025 года – Смаргонская пагранічная група.
Састаў трупы:
- Ніна Рыбік – аўтар п’есы, выканаўца ролі Міхайлаўны.
- Вольга Турубарава – рэжысёр, выканаўца ролі Сцепаніды ў 1-19-х спектаклях.
- Наталля Волк-Леановіч, выканаўца ролі Стасі.
- Крысціна Гіруць, выканаўца ролі Веры.
- Вольга Лябецкая, выканаўца ролі Галіны.
- Вікторыя Урбановіч, выканаўца ролі Галіны ў 23-м спектаклі.
- Марыя Васілёнак, выканаўца ролі Сцепаніды ў 20-21-х, 24-м спектаклях.
- Галіна Францкевіч, выканаўца ролі Сцепаніды ў 23-м і 25-м спектаклях і санітаркі Зіначкі ў 24-м спектаклі.
- Галіна Свірыд, выканаўца ролі Зіначкі ў 1-4-х спектаклях.
- Алена Гануліч, выканаўца ролі Зіначкі ў 5-23-х спектаклях.
- Валерыя Вольская, выканаўца ролі і Зіначкі ў 25-м спектаклі.
А помніш…
Збіраючыся разам, мы часта ўспамінаем асаблівыя, сур’ёзныя і кур’ёзныя, выпадкі, якія адбываліся амаль на кожным спектаклі.…Як у Міхалішках Верачка забылася словы, і яе выручыла падказка Стасі.
…Як у Ашмянах ледзь не спазніліся з выхадам на сцэну.
…Як у Страчанцы ў снежні стаялі за кулісамі ў халодным памяшканні і зайздросцілі Галінцы, якой трэба было выходзіць на сцэну ў футры.
…Як у Камаях ксёндз Яцэк Хутман пасля спектакля карміў нас уласнаручна прыгатаваным бігасам.
…Як перад выступленнем ў Палацы прафсаюзаў у Гродна высветлілася, што забыліся адзін халат, і як потым выходзілі з сітуацыі.
…Як на «Малочным міры» ўпершыню атрымалі ганарар у выглядзе сыркоў і ёгуртаў.
…Як у Сасновым Боры перад выступленнем не спалі ўсю ноч, бо спектакль на беларускай мове трэба было паказаць рускамоўнай публіцы. Ды яшчэ чакалася, што сярод гледачоў будуць кіраўнікі Астравецкага раёна Адам Кавалька, які да таго не бачыў пастаноўку, і Сасновага Бору Дзмітрый Пуляеўскі. Як мы ўзрадаваліся, не заўважыўшы іх у зале – і сыгралі, як заўсёды, – душой. А падчас выхаду на паклон убачылі кіраўнікоў – эмоцыі на іх тварах былі такія ж, як і ў астатніх гледачоў: суперажыванне і слёзы.
…Як баяліся ехаць на «Лідскія тэатральныя сустрэчы», бо трэба было ў кароткі тэрмін – за тыдзень! – увесці ў спектакль новых выканаўцаў вельмі сур’ёзных роляў Сцепаніды і Галіны. І толькі настойлівасць і безумоўная падтрымка тагачаснага загадчыка сектара культуры Вольгі Баяровіч дапамаглі не паддацца паніцы і ўвязацца ў гэтую авантуру. Вікторыя Урбановіч і Галіна Францкевіч годна сыгралі свае ролі – і мы сталі пераможцамі.
...Успамінаў хапае надоўга.
А калі што забываемся – падказвае архіў, які скрупулёзна вядзе Наталля Волк-Леановіч.