Як раней рабілі дошкі, даведаемся з чарговага этапа конкурсу “Дзедаўская прылада”

15:45 / 16.10.2025
«А казалі, што наступнае заданне будзе цяжкім, – патэлефанаваў, атрымаўшы нумар «Астравецкай праўды» з чарговай загадкай, Генрых Лукашэвіч. – А што там цяжкага? Гэта ж прадольная, ці вертыкальная, піла для распілоўвання бярвенняў на дошкі і брусы. Калі не было піларамаў, пры будаўніцтве імі ў кожнай вёсцы карысталіся».

Ну вось бачыце, як усё адносна. А я, хоць і з вёскі родам, і ўзросту прыкладна такога ж, як Генрых Генрыхавіч, нізавошта б не здагадалася пра прызначэнне гэтай пілы, калі б у свой час мая гераіня, 90-гадовая Феліцыя Гжыбянская з Петраполя, не расказала, як яшчэ падлеткам дапамагала бацьку: 

«Памятаю, дошкі з таткам пілавалі. Іх на будоўлі шмат трэба – на сталяванне, на дзверы. Калоду ўскінуць на козлы спецыяльныя, шнуром лінію адаб’юць па ўсёй даўжыні. Піла вялікая, адзін уверх павінен цягнуць, другі ўніз. Ды татка і ўверх, і долу, мяне толькі просіць: «Ты, дзетка, глядзі, каб роўна ішло, па шнуры…» 

Але нават пасля таго я не магла зразумець, як працуе вертыкальная піла. А цяпер канкурсанты ўсё дакладна рас­тлумачылі і нават праілюстравалі! Вя­лі­кая пазнавальная сіла – наш конкурс!

Сёння, калі для апрацоўкі дрэва выка­рыстоўваецца магутная і разумная тэхніка, сапраўды, цяжка ўявіць, што нашы продкі рабілі дошкі вось так: зацяг­валі бервяно на двухмятровыя козлы, адбі­валі роўную лінію – гэта, дарэчы, таксама тэхналогія. Пра яе падрабязна расказаў Генрых Лукашэвіч: трэба апаліць на вогнішчы альховую галіну, наматаць на яе льняны шнурок, каб добра перапэцкаўся ў сажу, затым на тарцах і пасярэдзіне бервяна зрабіць меткі, нацягнуць і рэзка адпусціць шнур – ён пакіне след, па якім і трэба рабіць распіл. Адзін пільшчык залазіў на козлы – яго галоўнай задачай было глядзець, каб піла ішла роўна па лініі, другі станавіўся ўнізе – яму было цяжэй, бо трэба было цягнуць пілу, ды яшчэ і пілавінне зверху сыпалася… І вось так, уверх-уніз, да бясконцасці, пакуль не атрымаюцца роўныя дошкі ці брус. Цяжка? Неймаверна!

«Неяк давялося пабываць на экскурсіі ў дрэваапрацоўчым цэху Астравецкага лясгаса, дзе бачыла цуды сучаснай тэхнікі, якія дазваляюць апрацоўваць дрэва з мінімальнымі фізічнымі затратамі і максімальна хутка. І здаецца, што піла на фотаздымку – з пячорнага стагоддзя, хоць на самой справе – усяго толькі з мінулага», – піша Наталля Блахіна.

Да таго ж піла гэтая адрознівалася ад звычайнай двуручкі, якой пілуюць дровы, не толькі даўжынёй – у вертыкальнай пілы яна складала каля 2-х метраў. Пётр Станкевіч паведаміў, што вугал заточкі зубоў у яе павінен быць спецыяльным, у 10 градусаў. Верхняя ручка – яна называлася румпель – даўжэйшая, ніжняя, скрынка, карацейшая і яе можна была зняць, калі пілу даставалі з прапілу. 

Падобныя пілы з’явіліся на Русі толькі падчас праўлення Пятра І, да таго ўся дрэ­ва­апрацоўка вялася сякерай. Цар-рэфарматар стаў будаваць караблі, для іх патрабавалася шмат дошак і брусу – і спе­цыяльныя пілы, якія імператар ра­зам з іншымі інструментамі тэхналогіямі спачатку прывёз з Еўропы, а затым нала­дзіў іх вытворчасць у Расіі, сталі добрым пад­спор’ем. 

Але ж якая гэта была цяжкая праца! Аляксандра Працута знайшла звесткі, што два цесляры з усімі падрыхтоўчымі ра­ботамі з чатырох 7-мятровых бяр­вен­няў за дзень маглі выпілаваць толькі восем плах. 

Дарэчы, Леанарда Якель, якая сама ка­рысталася многімі дзедаўскімі пры­ладамі, вертыкальнай пілы не бачыла. Але ўспомніла кадры з фільма «Пётр І», як там рабілі дошкі для караблёў, – і правільна адказала на пытанне. 

Для Ларысы Гаваноўскай, наадварот, гэтае заданне цяжкасцей не склала, бо, па яе словах, з дапамогай такой пілы яе муж і свёкар, мудры чалавек і майстар на ўсе рукі, будавалі дом, у якім яна жыве і сёння. 

Таццяна Бразевіч і Ірына Яновіч ра­с­казалі пра яшчэ адзін спосаб выкарыстання вертыкальнай пілы. Раней зімы былі марозныя, а вось халадзільнага абсталявання бракавала. І з дапамогай такіх піл зімой выпільвалі з замерзлых сажалак і азёраў вялікія брусы лёду, якія, добра ўкрытыя, забяспечвалі холад у лядоўнях і халадзільніках на фермах усё лета. Толькі «ніжнім пільшчыкам» служыў прывязаны груз, ды і захоўваць роўнасць лініі не патрабавалася. 

Для нашых пастаянных канкур­сантаў заданне аказалася і сапраўды нескладаным. Нехта скарыстаўся сваім вопытам, нехта – падказкай блізкіх, убачаным у фільмах, іншым дапамог інтэрнэт. У выніку ўсе адказалі правільна, хто больш, хто менш падрабязна. Таццяна Бразевіч, Аляксандра Працута, Ірына Яновіч, Генрых Лукашэвіч дапоўнілі адказы фота­здым­камі, уласнымі ці гіста­рыч­нымі. Пры­гадалі цікавыя за­гад­кі пра пілу, праў­да, ужо не вертыкальную, а больш вядомую ўсім двуручку, прыказкі і прымаўкі, цытаты з мастацкіх твораў Аляксандра Працута, Таццяна Бразевіч, Ірына Яновіч, кадры з кінафільмаў – Леанарда Якель і Генрых Лукашэвіч… Дзякуючы агульным намаганням, пра вертыкальную пілу мы цяпер ведаем усё. Ці амаль усё…

А балы ў гэтым заданні конкурсу раз­меркаваліся наступным чынам: Аляксандра Працута – 6, Таццяна Бразевіч – 5, Ірына Яновіч, Ларыса Гаваноўская, Наталля Блахіна  і Генрых Лука­шэвіч – па 4, Пётр Станкевіч – 3, Рэгіна Дрэма і Леанарда Якель – па 2.
Текст: Нина Рыбик