Што гэта за дзедаўская прылада і як яна выкарыстоўвалася?
15:00 / 02.10.2025
Па праўдзе кажучы, для мяне стала нечаканасцю, што, на першы погляд, простае прыстасаванне, якое мы прапанавалі ў 13-м этапе конкурсу, стала «моцным арэшкам»: здавалася, што ўсе, хто так падрабязна расказваў пра ператварэнне сыравіны – лёну ці воўны – у ніткі і палатно, без цяжкасці пазнаюць матавіла. Але ж не! Па-першае, на гэтым этапе мы атрымалі найменш адказаў, па-другое, былі сярод іх няправільныя.
І прызнаецца, што не дапамог і ўсёвед-інтэрнэт: аказваецца, ён таксама ведае не ўсё.
Леанарда Якель, жанчына сталага веку, якая сама карысталася многімі дзедаўскімі прыладамі, прызналася, што гэтае заданне і для яе аказалася цяжкім:
«Доўга разглядвала здымак і ламала галаву, што ж гэта такое. З камп’ютарам я не ўмею, усё па памяці ўспамінаю. У нас не было дакладна такой прылады, але было нешта падобнае. У нас яе называлі маталкай».
Леанарда Паўлаўна расказала, як і для чаго карысталіся маталкай. Калі жанчыны прадуць ваўняную ці льняную кудзелю на калаўроце, ніткі намотваюцца на шпульку. А як іх затым хутка і роўна разматаць? Для гэтага выкарыстоўвалі матавіла, ці маталку – няхітрае, як правіла, самаробнае прыстасаванне. Яно было розных мадыфікацый: што называецца, хто на што здатны. Канец ніткі прымацоўваўся, матавіла круцілі – і ніткі роўнымі кольцамі змотваліся ў маток. Яго затым перавязвалі ў некалькіх месцах і ў такім стане мылі, фарбавалі, сушылі. Часта залівалі маткі кіпенем: ад гэтага ніткі распрамляліся, калі былі крута спрадзеныя, станавіліся мякчэйшымі, а ваўняныя яшчэ давалі ўсадку і потым ужо можна было не баяцца, што звязаны світар, калі яго памыюць, стане на памер меншым.
Пасля маткі сушылі, ніткі змотвалі ў клубкі. Генрых Лукашэвіч расказаў, што такія матавілы былі ў яго цешчы і ў бабулі, якія і пралі, і ткалі.
«Памятаю, прыйдзем з танцаў на другую палову ночы, а бабуля ў 4 гадзіны ўстае ткаць і стукае бёрдам. А мы злуемся: спаць перашкаджае!»
Яшчэ Генрых Генрыхавіч расказаў, як дапамагаў будучай цешчы змотваць ніткі з ужо памытага і высушанага матка ў клубок. Таксама не самая простая справа – працяглы час трымаць маток на выцягнутых руках, сачыць, каб пасмы не зляцелі і не пераблыталіся.
Генрых Лукашэвіч узгадаў, што бабуля, калі змотвала ніткі ў маткі, успамінала пэўную меру даўжыні – «сцяну», толькі не ведае, што яна азначае.
Аляксандра Працута ў сваім адказе, як заўсёды, падрабязна растлумачыла не толькі прынцып работы матавіла, але і што такое «сцяна». Аказваецца, калі снавалі кросны, па краях сцяны хаты забівалі спецыяльныя калкі, адлегласць паміж імі і лічылася «сцяной»: гэта была асноўная мерка ў ткацтве. У кожнай гаспадыні была свая даўжыня «сцяны»: у каго 4, у каго 5 ці 6 метраў. І матавіла рабілася ў адпаведнасці з ёй: адзін яго бок складаў чацвёртую частку гэтай даўжыні, а поўны круг ніткі вакол матавіла – усю «сцяну». Са зматаных такім чынам нітак лёгка і безадходна можна было снаваць аснову для кроснаў.
Аляксандра прывяла яшчэ шмат цікавых і невядомых, прынамсі мне, звестак. Дзякуючы ёй, я ўжо ведаю, колькі нітак павінна быць у чысменцы, а колькі – у пасме. Не ўпэўнена, што гэтыя звесткі некалі спатрэбяцца, тым не менш – цікава!
Акрамя таго, яна дапоўніла свой адказ казкай пра лянівую жонку, якой муж хацеў зрабіць матавіла, а яна перашкаджала; прыказкамі і прымаўкамі, фотаздымкам матавіла і нават відэа, якое дэманструе яго работу: яго можна паглядзець на нашым сайце.
Такім чынам, Аляксандра Працута зноў атрымлівае за свой падрабязны і разгорнуты адказ найбольшую колькасць балаў – 6. Па 3 кладуць у сваю скарбонку Генрых Лукашэвіч, Леанарда Якель, Ірына Яновіч, 2 – Рэгіна Дрэма, 1 – Алена Дасюкевіч.
Вельмі шкада, што на гэты раз мы не атрымалі адказ ад Таццяны Бразевіч. Няўжо на яе чароўным дзедавым гарышчы не знайшлося матавіла? Здаецца, там усё ёсць. Вельмі не хапае нам падрабязных адказаў Наталлі Шумаравай, жыццёвых гісторый Пятра Станевіча, шкада, што страцілі цікавасць да конкурсу Вікторыя Пляўга, Таццяна Лавец, Алена Качан, Валянціна Корзун і некаторыя іншыя ранейшыя ўдзельнікі. Так, усе не стануць пераможцамі – гэта немагчыма. Але вынік гэтага конкурсу вымяраецца не толькі ў балах. Галоўнае – людзі памятаюць сваю спадчыну і гатовы падзяліцца гэтымі ведамі з маладымі. І не менш каштоўна, што ім, дзецям інтэрнэту, гэта цікава!А што тычыцца балаў, то прыадкрыю яшчэ адну таямніцу: у гэтым конкурсе, як і ў любым іншым, будуць пераможцы, але не будзе пераможаных! Усіх пастаянных удзельнікаў чакае сюрпрыз – спадзяюся, што прыемны.