Як прайшоў восеньскі кірмаш у Астраўцы

16:30 / 29.09.2025

Далёка не кожны можа пасадзіць садавіну-гародніну на сваім участку, а хтосьці і не хоча: навошта траціць час, сілы, калі восенню ўсё, што трэба, можна знайсці на кірмашы.

А прыкупіць на сельгаспляцоўцы, што развярнулася на аўтастаянцы непадалёк фізкультурна-аздараўленчага комплексу, і сапраўды было чаго…

Будзем з бульбай

Другі хлеб на кірмашы прапанавалі ўсім як сельгаспрадпрыемствы раёна, так і прыватнікі. Чэргі, здаецца, не змяншаліся, столькі было жадаючых купіць пару мяшкоў, але прадаўцы не хваляваліся: “Яшчэ давязём, – запэўнівалі. – Усім хопіць!”


Тут жа, прадавалі кукурузу, пшаніцу і ячмень – ніхто не стаяў без работы.

Парадавала, што шмат ахвочых было на варнянскія яблыкі – бралі мінімум па 5 кг. Да слова, на іншых кропках цана за прывазныя была ўдвая вышэйшай.


Капуста свежая і квашаная…

У параўнанні з мінулым годам, калі астраўчане больш прыглядаліся да прадукцыі, шукаючы “нешта такое” і купляючы па кілаграму-два гародніны, сёлета моркву, цыбулю і буракі бралі, не задумваючыся, па дзве-тры сеткі.

Памідоры і перцы, баклажаны і часнок, нават пачаткі кукурузы, зялёныя пёркі цыбулі і свежая пятрушка – купляй-не хачу.

Папулярнасцю ў астраўчан карысталіся квашаная капуста – вядро, у якім яе прадавалі, пусцела з завіднай перыядычнасцю, а таксама жывы карп і журавіны.

З самага ранку сабралася чарга каля палаткі КСУП “Гервяты” – ялавічыну гэтага сельгаспрадпрыемства даўно палюбілі астраўчане. Актыўна таксама куплялі свіную прадукцыю: сала, фарш, вэнджаныя і сухія каўбасы…

Што па чым

Бульба (кг) – 0,77 – 1,20 руб.

Ячмень (мяшок) – 15 руб.

Кукуруза (мяшок) – 40 руб.

Капуста (кг) – 0,71

Морква (кг) – 0,85 – 2,00 руб.

Буракі (кг) – 0,85 – 2,00 руб.

Цыбуля (кг) – 1,20 – 3,00 руб.

Часнок (кг) – 11,8 руб.

Яблыкі (кг) – 2,5 – 6,00 руб.

Памідоры (кг) – 5 – 6 руб.

Карп жывы (кг) – 9 – 9,5 руб.

Ялавічына (кг) – 17 руб.

Ялавічына, выразка (кг) – 22 руб.

Кансервы “Ялавічына тушаная (банка) – 4,42 – 4,72 руб.


Не гароднінай адзінай

За што люблю восеньскі кірмаш, дык гэта за разнастайнасць прадукцыі. Акрамя неабходнага “на зіму”, чаго тут толькі няма!

Садаводы старанна і з веданнем справы выбіралі саджанцы дрэў і кустоў. Тыя, хто планаваў азеляніць участак, проста заміралі перад машынай лясгаса: паспрабуй вызначыцца сярод такога багацця туй, елак, кіпарысаў… І не маглі прайсці міма хрызантэм і вялізных шапак гартэнзій. Побач фігура вялізнага ваўка ў суправаджэнні арлоў запрашала “Ты гэта, заходзь калі што”.



Мёд і вырабы з воску, чай і хатнія пірагі – для аматараў “падсаладзіць душу”, а каму прыйшоў час “уцяпліцца” – шырокі выбар шапак, рукавіц, пальчатак, шкарпэтак, хустак і валёнак.

Настрой гарантаваны

Ну і які ж кірмаш без добрай песні. За гэта адказвалі артысты раённай культуры. Яны падрыхтавалі не толькі душэўныя і вясёлыя кампазіцыі, ад якіх ногі так і даваліся ў скокі, але і тэматычную фотазону, арганізавалі бяспройгрышную латарэю.


Далучыліся да культработнікаў хор ветэранаў і “Рэха Астраўца”. Так што песні гучалі на ўсе лады і для ўсіх узростаў.


С першых вуснаў

Анастасія Трыбоцкая, аг.Рытань:


– Цудоўны кірмаш. Усё таннае і ёсць з чаго выбраць. Сама не толькі купляю, але і прадавала – зерне. Вызвалілася – і за пакупкамі капусты, бульбы – таго, што на ўчастку не ўрадзіла. У сад ужо купілі абрыкос і грушу.

Ядвіга Мястоўская, г.Астравец:


– Я мясцовая, таму на кірмашы бываю кожны год. Рыбу свежую купіла, заняла чаргу за бульбай – а пакуль за морквай падбягу. Кірмаш добры – усяго хапае. Мы з сястрой тут з 8-мі гадзін. І людзей, скажу я вам, з самага рання шмат. Цэны сястра паглядзела, цяпер я па яе “наводцы”, каб час не траціць, іду.

Андрэй Пазлевіч, г.Астравец:


– На кірмашы ў Астраўцы ўпершыню. Вельмі спадабалася. Бульба вось харошая – закупіўся. Колькі за мяшок? Нават не ведаю – брат у чарзе стаяў, ён і плаціў, я – на адвозе. (Усміхаецца.) Пазней па радах прабяжымся – абавязкова нешта яшчэ купім.

Падгледзела…

Калі часта бываеш на мерапрыемстве, становіцца складана выдзеліць яго з падобных іншых. Аднак некалькі адметнасцяў сёлетні кірмаш меў.

Так, вельмі ўдалай падалася арганізацыя аўтамабільнага руху на пляцоўцы: быў дазволены праезд машынам за бульбай. Супрацоўнікі ДАІ пры гэтым дапамагалі вадзіцелям сарыентавацца. Астатняя частка стаянкі была пешаходнай – хадзіць тут можна было не баючыся, што са спіны цябе “падапрэ” аўтамабіль.

Парадавала, што варнянскія яблыкі і гервяцкае мяса карысталіся попытам у астраўчан. Добра куплялі жывую рыбу, а адборны карп, да слова, таксама быў з раённых ставоў.


Таксама сёлетні кірмаш мне запомніцца настроем! Ці то надвор’е спрыяла, ці то нашы, беларускія, блізкія сэрцу песні, ці то насычаны энергіяй руху людскі натоўп, дзе кожны нешта купляў, прымяраў, выбіраў, грузіў, нёс, вёз… А можа, усё гэта разам узятае?! Хоць сама нічога не купіла – зарад бадзёрасці ад іншых атрымала.

Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович