Захапленне родным краем Аляксандра Андралойця
А вы задумваліся калі-небудзь, што такое адзінства? Зазірнуўшы ў тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы, убачым некалькі значэнняў: гэта агульнасць, поўнае падабенства; цэльнасць, згуртаванасць; непарыўнасць, узаемная сувязь. Калі падагульніць, можна сказаць, што гэта тое, што аб’ядноўвае. А што аб’ядноўвае нас, беларусаў? Якія агульныя якасці вылучаюць нашу нацыю і што найчасцей адзначаюць замежныя госці? Можна прывесці розныя прыклады, але сёння звернем увагу на, здавалася б, простыя і звыклыя, але такія важныя і асаблівыя паняцці.
Што б ні казалі, але ў кожнага ёсць месца, дзе дыхаецца вальней, сонца свеціць ярчэй і душа напаўняецца гармоніяй. Ёсць такое і ў 9-гадовага Аляксандра Андралойця:
– Я жыву ў Гудагаі і мне вельмі тут падабаецца – нікуды не хачу пераязджаць! Як быў малы, мы крыху жылі ў Астраўцы, а пасля ўжо переехалі сюды. Хоць райцэнтр прыгожы і ўтульны, але ў Гудагаі лепш. Тут усе мае сябры, школа харошая, настаўнікі падабаюцца. Мяне вучыць Ірына Станіславаўна Шукель – яна добрая і шмат цікавага расказвае. А яшчэ ў нас вельмі прыгожа, побач лес і паветра чыстае. Можна спакойна з сябрамі гуляць. Дарэчы, мы цяпер з імі зямлянку робім. Думаю, добрая атрымаецца. Я ў іх прараб. (Усміхаецца.) Наогул, таварышаў у мяне шмат. Не, не хачу нікуды пераязжаць, і сяброў новых шукаць не буду. А вось падарожнічаць я люблю. З бацькамі быў у Маладзечне, Гродне, Мінску. Вельмі хачу ў Брэсцкую крэпасць трапіць – кажуць, там цікава і страшна. Але я не баюся! Яшчэ мару куды-небудзь далей з’ездзіць новыя мясціны паглядзець, але ненадоўга – на тыдзень ці два. А пасля зноў на Радзіму вярнуцца. Я люблю нашу Беларусь! У нас прыгожа, краіна міралюбівая і Прэзідэнт харошы, бо ён за справядлівасць і не любіць злачынцаў. Я бы хацеў быць прэзідэнтам! (Задумваецца.) Але нядоўга – для пачатку на адзін дзень, бо гэта вельмі адказна. Таму лепш я буду цяпер вучыцца, праводзіць час з сябрамі і захапляцца родным краем. (Усміхаецца.)
Дык што аб’ядноўвае беларусаў і ў чым сакрэт адзінства? Па-мойму, у простых і звычайных рэчах, шчырасці і сумленнасці, працавітасці і адкрытасці. А таксама годнасці “людзьмі звацца” і шанаваць родны край.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.