Эстэтычны выгляд горада – клопат Вольгі Кіткоўскай

12:00 / 17.09.2025

А вы задумваліся калі-небудзь, што такое адзінства? Зазірнуўшы ў тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы, убачым некалькі значэнняў: гэта агульнасць, поўнае падабенства; цэльнасць, згуртаванасць; непарыўнасць, узаемная сувязь. Калі падагульніць, можна сказаць, што гэта тое, што аб’ядноўвае. А што аб’ядноўвае нас, беларусаў? Якія агульныя якасці вылучаюць нашу нацыю і што найчасцей адзначаюць замежныя госці? Можна прывесці розныя прыклады, але сёння звернем увагу на, здавалася б, простыя і звыклыя, але такія важныя і асаблівыя паняцці.


Чысціня і парадак

Толькі лянівы госць з бліжняга ці далёкага замежжа не адзначаў, што ў Беларусі – чыста і акуратна. Сапраўды, гэта даўно стала візіткай нашай краіны. Але не сакрэт, што за кожным вынікам хаваецца праца людзей. Напрыклад, прыбіральшчыка тэрыторыі Астравецкага РУП ЖКГ Вольгі Кіткоўскай:

– У жніўні споўнілася 17 гадоў, як тут працую. Першыя 7 гадоў прыбірала гарадскі сквер, а цяпер – востраў кахання, вуліцу Савецкую і частку Набярэжнай. З калегамі робім усё, каб на адведзеных тэрыторыях быў парадак: падмятаем, прыбіраем, чысцім. Зімой, вядома, цяжэй, асабліва калі вялікія снегапады ці трэба разбіваць намерзлы на плітку лёд. Але ж людзям на работу ісці – трэба паспець усё своечасова зрабіць. Лічу, што наша праца патрэбна для агульнага парадку. Па-першае, гэта эстэтычны выгляд горада. Самой прыемна ісці па чыстай дагледжанай вуліцы. А па-другое, гэта бяспека. На жаль, не усе акуратныя. Пакіне хтосьці бутэльку на тратуары, а дзеці, гуляючы, разаб’юць. Цяпер у Астраўцы шмат мам з малышамі гуляе. Будзе адзін такі карапуз перад каляскай бегчы, убачыць шкельца на сонцы зіхаціць – і захоча рукой схапіць. Вось вам і дзіцячы траўматызм. Таму стараюся за такімі непарадкамі пільна сачыць і хуценька небяспечныя аскепкі прыбіраць. Наогул, даводзіцца часта чуць ад прыезжых людзей, што яны ўражаны чысцінёй і прыгажосцю Астраўца. Прыемна, што ў тым ліку і па выніках маёй працы ў гасцей складваецца станоўчае ўражанне пра нашу краіну. Дарэчы, нямала людзей падыходзяць і дзякуюць за работу. Канешне, гэта таксама радуе, бо дапамагае ўпэўніцца, што мая справа – недарэмная і цэніцца людзьмі.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

Текст: Марина Гавдурович
Фото: Марина Гавдурович