Пра семейныя каштоўнасці і адзінства нацыі разважае астраўчанка Вераніка Кумішча

10:00 / 17.09.2025


А вы задумваліся калі-небудзь, што такое адзінства? Зазірнуўшы ў тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы, убачым некалькі значэнняў: гэта агульнасць, поўнае падабенства; цэльнасць, згуртаванасць; непарыўнасць, узаемная сувязь. Калі падагульніць, можна сказаць, што гэта тое, што аб’ядноўвае. А што аб’ядноўвае нас, беларусаў? Якія агульныя якасці вылучаюць нашу нацыю і што найчасцей адзначаюць замежныя госці? Можна прывесці розныя прыклады, але сёння звернем увагу на, здавалася б, простыя і звыклыя, але такія важныя і асаблівыя паняцці.

Сямейныя каштоўнасці

Наўрад ці хто паспрачаецца, што галоўнае для кожнага – сям’я. Тая, у якой нарадзіўся, з’яўляецца фундаментам фарміравання чалавека як асобы. Тая, што ствараеш сам – пабудаваны на тым падмурку новы дом. А галоўнымі кітамі, на якіх ён трымаецца, павінны быць любоў, разуменне, утульнасць, цяпло і падтрымка. Бо ў гэтым сіла і адзінства. Менавіта так лічыць астраўчанка, жонка і шматдзетная маці Вераніка Кумішча:

Што такое сям’я? На мой погляд, гэта найвялікшы і бясцэнны скарб, поўную вартасць і каштоўнасць якога не так проста перадаць словамі. Сям’я – гэта родныя людзі, агульныя мэты, сумесныя падарожжы, любімыя справы… Гэта адначасова адпачынак і праца, стомленнасць і радасць. Сям’я – гэта лепшае, што могуць стварыць кахаючыя адзін аднаго людзі. Тут адчуваеш падтрымку, дапамогу і бяспеку. Гэта месца, дзе можна аднавіцца і перазагрузіцца. Можна нічога не казаць, а цябе зразумеюць. І менавіта ў акружэнні любячых людзей знаходзяцца сілы спраўляцца з усімі, здавалася б, невырашальнымі цяжкасцямі. Аснова сям'і – згода, гармонія і добрае надвор’е, што там пануюць. Менавіта ў сям’і фарміруецца грамадзянін і патрыёт, які хоча прыносіць карысць сваёй краіне, быць спагадлівымі і нераўнадушнымі да іншых. Тут вучаць любіць, шанаваць і берагчы сваё, роднае. А таксама памятаць гісторыю, не забываць подзвігі продкаў і дбаць пра мірную будучыну.

Яшчэ сям’я – штодзённая праца над сабой. Тут важна не толькі браць і атрымліваць, але ўмець слухаць і аддаваць. Думаю, кожны хоча, каб яго любілі, чакалі, сустракалі, клапаціліся і абаранялі. Але для гэтага трэба і самому падаваць такі прыклад.

З пакалення ў пакаленне пераходзіць спрадведны закон: бацькі павінны выхоўваць, падтрымліваць і дапамагаць дзецям, а дзеці – шанаваць і паважаць бацькоў. Цудоўна, што ў нашай краіне захоўваюцца традыцыйныя сямейныя каштоўнасці. Гэта аб’ядноўвае і ўзмацняе нашу нацыю. Жадаю ўсім, каб сем’і былі поўнымі і трывалымі, бацькі – шчаслівымі, а дзеці – самымі любімымі.



Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

Текст: Марина Гавдурович