Пра ўдзел у фестывалі рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы” расказвае Ганна Ткачук

10:12 / 15.09.2025

Салістка народнага ансамбля народнай песні «Світанак» Ганна Ткачук не проста пабывала на Дні беларускага пісьменства ў Лідзе, але і стала прызёрам абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору «Панямоння жыватворныя крыніцы».

У гэтым фестывалі ўдзельнічала ўпершыню. Аўтэнтычныя песні, побытавыя танцы, народныя строі – было вельмі прыгожа. Журы ацэньвала выкананне нумару і адпаведнасць тэматыцы касцюмаў удзельнікаў. Выступала ў індывідуальнай намінацыі з песняй «Ой пайду я, гукаючы». У выніку заваявала 2-е месца.

У фестывалі з побытавым танцам таксама прымаў удзел наш народны фальклорна-этнаграфічны калектыў «Жыльвіціс».

Асабліва парадавала, што сярод тых, хто выходзіў на сцэну, былі не толькі дарослыя, але і дзеці.

Дзень беларускага пісьменства прайшоў прыгожа, ярка, здорава. На два дні ён сабраў прадстаўнікоў не толькі усіх раёнаў Гродзен­шчыны, але і Беларусі. Аж сэрца заходзілася, як зайгралі разам на адкрыцці баяністы! А тое, што на святкаванні было шмат дзяцей, сведчыць, што ім цікава наша гісторыя, самабытнасць беларускага народа. Менавіта так, перадаючы нашчадкам запаветы і культуру дзядоў і прадзедаў, мы гадуем новае пакаленне, якое ганарыцца сваёй краінай. Як адзначыла журы конкурсу, песні, танцы, народныя рамёствы перажываюць сапраўднае адраджэнне – імі цікавіцца наша моладзь. І гэта здорава!

Текст: Ольга Хотянович
Фото: з архіва Цэнтра культуры і народнай творчасці.