Валянцін Кулеўскі ўзгадвае дзейнасць мукамольнага і кансервавага цэха калгаса “Радзіма”

15:00 / 06.09.2025
За гады свайго існавання гервяцкая гаспадарка змяняла назвы, з цягам часу «паглынала» больш дробныя калгасы, перажывала заняпад і росквіт, але ў памяці многіх людзей яна засталася як любімая, родная, першая (і не толькі) і апошняя.

Валянцін Кулеўскі, прыйшоў у гаспадарку галоўным інжынерам у 1978 годзе, пазней быў начальнікам мукамольнага і кансервавага цэха (стаж у гаспадарцы – 40 гадоў):

– У калгас з Анатолем Чубрыкам прыбылі ў кастрычніку 78-га. Год быў такім дажджлівым (добра запомніў гэта), што бульбу скапалі да 15-га кастрычніка, а збожжавых і палавіну не ўбралі. Камбайны не маглі ўлезці ў поле: з хлебаўборачных машын тады выкарыстоўваліся «Коласы» і СК-3. Ды і Галагаеў перш, чым нас павесці на майстэрні, выдаў па пары літых гумовікаў – па дарозе я адзін страціў, так засмактала гразь. (Усміхаецца.) 

Насупраць майстэрні быў вялізны ангар, у якім рамантавалі тэхніку. Зімой там ставілі цеплагенератар, які працаваў на салярцы, і «наганялі» да 10-12 градусаў – па тым часе гэта лічылася «цяплынню». 

Трактараў было шмат, каля 40 адзінак, у асноўным гусенічныя. На іх працавалі старэйшыя механізатары, якія падыходзілі нам у бацькі. МТЗ-50, МТЗ-80, было тры-чатыры адзінкі Т-150. На апошніх у асноўным займаліся адвозам вадкіх адыходаў з комплексу па адкорме буйной рагатай жывёлы на 5 тысяч галоў. Праектанты гэты аб’ект няправільна зрабілі: напачатку ён уяўляў «шасціраднік». Туды ніякая тэхніка не праходзіла. Былі ўстаноўлены стужкі, па якіх прасоўваліся ваганеткі – і часам яны траўмавалі быкоў. Як зламаецца механізм, хоць ты плач: і карміць  трэба, і прайсці няма як па гэтых карытах. Потым у цэху зрабілі рэканструкцыю, і я, як галоўны інжынер, крыху ў ёй прымаў удзел.

Пазней да нас з Чубрыкам (быў загадчыкам майстэрань) далучыліся Скерла і Гульбіновіч – стала лягчэй працаваць. А, можа, былі маладымі? Ва ўсякім выпадку спраўляліся. 

Адзіны галаўны боль таго часу, як дастаць неаб­ходныя запчасткі. Праўда, і тут выйсце знайшлі. Та­гачасны намеснік старшыні калгаса Дудзька «раз­нюхаў» патрэбныя шляхі. Часта ездзілі ў Эстонію, Калінінградскую вобласць... Прыбалтыка тады лепш забяспечвалася тэхнікай і запчасткамі. Шмат адтуль прывезлі «гусенікоў», асабліва трактараў Т-40. Суседзі іх чамусьці не любілі, а мы, наадварот, шанавалі за непатрабавальнасць: ваду не трэба заліваць, там была сістэма паветранага ахалоджвання рухавіка. 

Памятаю, напачатку 80-х пры Адахоўскім да нас далучылі калгас імя Леніна (Чэхі), уявіце, у аб’яд­нанай гаспадарцы працавала 160 механізатараў і 100 вадзіцеляў. 

«Менавіта пры Вячаславе Адахоўскім «Радзіма» пачала развівацца сямімільнымі крокамі. Сталі шмат будаваць, пачынаючы ад дарог і заканчваючы сучасным Домам культуры. Галагаеў, хоць таксама быў моцным гаспадаром, але грошы ашчаджаў. 
 
Адным з першых ноўхаў, як цяпер любяць казаць, былі склады, якія мы пераабуладкавалі пад сушыльныя месцы. Гэта быў сур’ёзны і эканамічна выгадны праект: зімой стаяла тэхніка, а летам сушылі збожжа». 

У той час у нас была паліўная запраўка, прычым удасканаленая – у іншых калгасах бензін і салярку вёдрамі налівалі, а ў нас ужо калонкі стаялі. 

Новую тыповую майстэрню пачалі будаваць у 1979 годзе. Месца выбралі на гары: суха, вада не стаіць – відаць, даўся мне ў знакі той страчаны ў першы працоўны дзень бот. Механізатарам стала больш зручна рамантаваць тэхніку ды і ўмовы палепшалі. 

У 1999 годзе выклікае мяне Адахоўскі: трэба малоць сваю муку. На маё здзіўленнне, што я інжынер, а не млынар, ён коратка адрэзаў: «Справішся!». А куды было дзявацца? Аднаго супрацоўніка на два месяцы адправілі на вучобу на спецыялізаваны завод «Пензатэкстыльмаш». Млынарную ўстаноўку прывезлі ў Гервяты, усталявалі, адладзілі, папярэдне адрамантаваўшы памяшканне, там, дарэчы, нават, паклалі мармуровую падлогу. Усё прадумалі, акрамя ацяплення. Дарэмна перажывалі: аказалася, што нават у сярэднія марозы хапае цеплыні, якую выпрацоўвае млын. Зерне расціраецца – вальцы награюцца, адпаведна, і памяшканне. 

На мукамольным цэху, акрамя мяне, было толькі 3 чалавекі: наладчык і 2 млынара – яны працавалі пазменна. Як попыт на муку вырас, перайшлі на кругласутачную вытворчасць. За месяц «выдавалі» 70 тон мукі, 35 вотруб’я (яго прадавалі па цане пша­ніцы) – агулам апрацоўвалі каля 100 тон збожжа.

«Я хоць не эканаміст, але неяк падлічыў, што рэнтабельнасць нашага міні-прадпрыемства была вялізнай. Мука атрымлівалася ўдвая, а то і ўтрая даражэй за пшаніцу».

На жаль, цэх дзейнічаў толькі 10 гадоў: апошнюю муку змалолі ў 2010-м. Адна з прычын – спрацаваліся вальцы. Мы іх некалькі разоў наразалі (спецыяльныя для гэтага станкі шукалі), але яны тупелі. Толькі не гэта было галоўнай прычынай, думаю, што без праблем набылі б новыя вальцы… Пшаніца пайшла з малым утрыманнем клейкавіны, і якасць мукі стала горшай.

Яшчэ да закрыцця мукамольнага цэха ў 2001 годзе зноў мяне выклікаў старшыня і сказаў прымаць мясакансервавы цэх. Прапанова была з той катэгорыі, ад якой нельга адмовіцца. Паралельна дзякуючы мадэрнізацыі лабараторыі пашырылі галіну акрэдытацыі і сталі самастойна рабіць даследванні мукі па розных паказчыках. 

З году ў год патрабаванні да вытворчасці тушонкі толькі павялічваліся. Пры Янчэўскім пасля чарговага візіту правяраючай камісіі паўстала пытанне: ці закрываць мясаперапрацоўчы цэх, ці рабіць яго грунтоўную рэканструкцыю. Узяліся за справу. Напачатку адрамантавалі санітарна-бытавыя памяшканні, потым пераключыліся на забойны цэх, які па сваёй сутнасці стаў сучасным новым аб’ектам. Усталявалі чатырохтонны халадзільнік, зманціравалі навясныя шляхі на роліках, набылі скураз’ёмнік з пнеўмаліфтам – словам, стала не горш, чым на якімсьці мясакамбінаце. Усё было на адной лініі – і гэта быў сапраўдны прагрэс. Потым узвялі два дызбар’еры для дэзінфекцыі транспарту, пляцоўку для перадзабойнага ўтрымання жывёлы, дарогу вакол цэха, дзякуючы якой стаў беспраблемным вываз адыходаў. Адзіная памылка, якую мы дапусцілі, як па мне, што варта было халадзільнік праектаваць на 10 тон… 

Напачатку не хапала кваліфікаваных працаўнікоў. На нашы аб’ёмы дастаткова было аднаго абвальшчыка. Напрыклад, на мясакамбінаце такі спецыяліст за змену апрацоўваў 2 тоны, а ў нас учатырох – адну. 

Да мяне, напрыклад, у ліпені цэх зачыняўся, работнікі ішлі ў адпачынак. А мы яго работу выраў­нялі на працягу ўсяго года. Нават пры ўсіх шматлікіх рэканструкцыях ніводнага дня не прастойвалі. За месяц у сярэднім выпускалі 40-50 тысяч бляшанак «Ялавічыны тушанай вышэйшага гатунку», «Ялавічыны тушанай першага сорту». «Ялавічыны рубленай», «Кашы пярловай з ялавічынай», «Свініны па-хатняму», «Каніны». Магчыма, каб не перманентныя рамонты, больш шчыльна працавалі б над пашырэннем асартыменту. Але часу на ўсё не хапала. 

…Пры Жданаве я адпрацаваў толькі месяц. Ён хоць і доўга ўгаворваў мяне застацца, але я быў настроены пайсці на заслужаны адпачынак. Усяму свой час, дарогу трэба даваць маладым. 

«У «Гервяты» я ўклаў і працу, і душу; тут з жонкай пабудавалі дом і выгадавалі дзяцей. Без перабольшвання, калгас «Радзіма», куды я амаль паўстагоддзя назад прыйшоў на работу, стала для мяне сапраўднай радзімай». 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич