Марыя Дыдышка: “Напачатку 70-х гадоў калгас “Рассвет” налічваў сем вытворчых участкаў”
17:00 / 06.09.2025
Марыя Дыдышка, прыйшла ў калгас «Рассвет» аграномам-насенняводам у 1974 годзе. Потым была галоўным аграномам (стаж у гаспадарцы – амаль 30 гадоў):
Паступіла ў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, дзе займалася навукова-даследчай работай. Загадчыца кафедры аграхіміі і глебазнаўства, бачучы маю цягу да навукі, «сасватала» ў занальную аграхімлабараторыю ў Пружаны – перадавое на той час прадпрыемства. Там і пазнаёмілася з будучым мужам, які заканчваў мясцовы сельгастэхнікум ад Ляхавіцкага раёна. Таму Канстанцін павінен быў вярнуцца туды. У 1973 годзе я пераехала да яго, ажаніліся, нарадзіўся сын. Жыллё здымалі, дзіцячых садкоў не было. Змяніць рукі з Больнік да нас прыехала мая бабуля. Паглядзела і кажа: «Не, дзеці, цяжка вам тут. Пераязджайце на Астравеччыну, чым змагу, дамагу». Яна, да слова, і выгадавала нашых сыноў.
У Рымдзюны прыехалі ў 1974 годзе. Старшынёй калгаса «Рассвет» быў Леанід Міхайлавіч Дарафей. Мужа прызначылі галоўным інжынерам, мяне – насенняводам, а праз год – галоўным аграномам. Нам далі невялікую хаціну. Хоць новае жыллё не будавалася, але праз пяць гадоў пераехалі ў іншы дом.
У сярэдзіне 70-х толькі ў нашым калгасе было 7 вытворчых участкаў: Рымдзюны, Віктасіна, Гіры, Завельцы, Навасёлкі, Пугавічы, Гелюны. Жыццё ўсюды віравала. Ведаю, што ў свой час быў участак і ў Багданішках: цяпер там ніводнага дома няма.
У 76-м «Рассвет» аб’ядналі з калгасам імя Гагарына (Гіры). Палёў было шмат і, зразумела, усе аб’ехаць трэба. Мне купілі лёгенькі матацыкл. Правы мела, а ездзіць не ўмела. Муж даў некалькі практычных урокаў, якія паехала адпрацоўваць па лясных дарогах. Скіравалася на Навасёлкі, потым – на Антонішкі, але з-за бездарожжа вярнулася. Заўважаю краем вока машыну – ды якую, «Волгу»… у лесе. Гэта старшыня калгаса з першым сакратаром райкама партыі некуды ехалі. Ад нечаканасці матацыкл скіравала ў кусты, каб яны мяне не заўважылі. (Усміхаецца.)
«У наш час упор рабілі на ячмень. Лічылася выдатным, калі ён сыпаўся пад 35 цэнтнераў, а цяпер дае рэкордныя 60-70 цэнтнераў. Мала было пшаніцы, затое шмат жыта сеялі. Жалі збожжавыя камбайнамі СК-3. «Трохметровікі» былі маленькія, зручныя, мне падабаліся за тое, што чыста ўбіралі ў адрозненне ад больш шыроказахопных камбайнаў».
З кармавых культур дамінавалі шматгадовыя травы і бабовыя, у тым ліку лупін, цяпер яго і не сустрэнеш. На кукурузу значна пазней перайшлі.
«Хоць у нас добра была развіта свінагадоўля, лідзіравалі ўсё ж па збожжы. Садзілі шмат бульбы – больш за 300 гектараў. У калгасе быў уласны сарціравальны пункт з бункерам: цяпер на гэтым месцы расце лес…»
Спецыялісты ў нас былі дружныя: у райцэнтр на парады ездзілі. «Зажынкі» і «Дажынкі» разам адзначалі. А яшчэ раённая камісія аб’язджала палі і вызначала лепшую гаспадарку. На той час «Рассвет» стабільна трымаўся ў пяцёрцы перадавікоў. Прэтэндаваць на 1-е месцы было складана, у лідарах – Гудагай, Гервяты… Як бачыце, гісторыя паўтараецца. Ну, яшчэ варнянская гаспадарка лічылася паспяховай. Многія добрым словам узгадваюць старшыню Постраша, ды і Рук шмат зрабіў…
...У 2003-м пайшла на пенсію, а наступнай восенню нас далучылі да «Гервят»: таму мясцовыя спецыялісты пачалі «пісаць» новую гісторыю ўзбуйненай гаспадаркі.