Дзедаўская прылада: кошка, павук, вывудзень, воўк

15:15 / 15.08.2025
Інтрыгі з вызначэннем чарговай дзедаўскай прылады і на гэты раз не атрымалася: большасць пастаянных і новых канкурсантаў пазналі, што на здымку – кошка (ці павук, ці воўк – у розных мясцінах, нават у нашым раё­не, гэтую прыладу называлі па-рознаму), з дапамогай якой выцягвалі са студні ўтопленыя вёдры.

Аляксандра Працута, праўда, капнула глыбей у гісторыю і прыгадала, што прыстасаванне ўзнікла ў даўнія часы як спецыяльная зброя, якая выка­рыс­тоўвалася ў марскіх бітвах для захопу варожых караблёў і штурму ўма­ца­ванняў і называлася абардажнай кошкай. Нехта таксама ўспомніў фільмы і кнігі і расказаў, што ёй карысталіся яшчэ і альпіністы. Аляксандра Працута працытавала не­калькі ўрыўкаў з розных твораў, дзе выкарыстоўваецца кошка. На жаль, межы гэтага матэрыялу не дазваляюць прывесці ўрывак з апавядання  Аляксея Бярэзіна, «Кошка», які пры­гадала Аляксандра, але я ад душы пасмяялася, чытаючы яго.

Тым не менш, наш конкурс, як сведчыць яго назва, тычыцца дзедаўскіх прылад і нам найперш цікава, як іх выкарыстоўвалі нашы продкі.

З гэтым у нашых канкурсантаў таксама цяжкасцей не ўзнікла: усе, хто адгук­нуўся (некаторыя пастаянныя ўдзельнікі, на жаль, прапусцілі гэты этап – ці то не ведалі, што на здымку, ці былі моцна заняты летнімі клопатамі), правільна расказалі пра асноўнае прызначэнне кошкі ці павука. Часта здаралася, што вядро, якім выцягвалі ваду са студні, абрывалася і танула. Як дас­таць? Рэч у гаспадарцы патрэбная і не танная… Вось тады да вушка жалезнай кошкі прывязвалі вяроўку і апускалі яе ў калодзеж, спрабуючы крукам зачапіць вядро. Калі яно падала дном уніз ці клалася на бок, было прасцей, а калі ў палёце пераварочвалася, даводзілася павазіцца: перш перакуліць вядро, затым падчапіць…

Наталля Блахіна расказала, што і сама паспрабавала кошку (у яе выпадку – павука) у дзеянні – ці, дакладней, пасля яе «дзеянняў» давялося яго прымяняць. Некалі ў дзяцінстве яны з сяброўкай вырашылі, што цягаць ваду адным вяд­ром марудна і нерацыянальна, а калі прычапіць яшчэ адно, то справа пой­дзе  ўдвая хутчэй! Але ўсё закончылася так, як і павінна было: прывязанае вядро адарвалася і патанула. Давялося дзядулі даставаць «тапельца» павуком і праводзіць выхаваўчую работу з малалетнімі рацыяналізатарамі.

Вікторыя Пляўга ўзгадала, як яе бабуля аднойчы дастала са студні вядро з сюрпрызам: у ім сядзеў… вожык! Так вось не толькі хатні скарб кошка ўратавала, але і божае стварэнне.

Пастаянны ўдзельнік конкурсу Генрых Лукашэвіч цяпер адпачывае ў санаторыі, але гэта не стала для яго нагодай прапусціць чарговы этап конкурсу: заданне яму пераслала пляменніца, якая і раней дапамагала дзядзьку «дастаўляць» адказы ў рэдакцыю. Генрых адразу па­знаў дзедаўскую прыладу.

– Мелася такая і ў нашай хаце, – расказаў мужчына, патэлефанаваўшы ў рэдакцыю з Уздзенскага раёна. – Праўда, была яна агульнай, толькі захоўвалася ў нас. Ваду з вясковай студні брала некалькі сем’яў, вёдры час ад часу тапіліся – тады ішлі да нас па кошку. 

А яшчэ Генрых Лукашэвіч расказаў, што далучыў да конкурсу «Дзедаўская пры­лада» іншых калег па адпачынку, у пры­ватнасці, жыхароў Уладзімірскай і Цюменскай абласцей і нават паўвост­рава Ямал Расійскай Федэрацыі. Выхо­дзіць, з дапамогай нашых удзельнікаў конкурс «Дзедаўская прылада» набывае статус міжнароднага? Большасць ра­сіян таксама пазналі гэтую прыла­ду і расказалі, як ёй карыстаюцца ў розных мяс­цінах. Да прыкладу, у Цюменскай вобласці з дапамогай кошкі падцягвалі да берага бярвенні, якія адносіла цячэннем падчас сплаву па рацэ. А ва Уладзімірскай ёй лавілі рыбу. 

Па-рознаму выкарыстоўвалі ўчэпіс­тую кошку і ў нашых мясцінах. Валянціна Корзун і Ірына Яновіч распавялі, што ёй ачышчалі дно рэчкі ці сажалкі ад травы і смецця. Некалькі канкурсантаў рас­казалі, як з дапамогай кошкі чысцілі сажу: навязвалі на яе яловыя лапкі, прымацоўвалі груз і апускалі ў комін. 

– Аднаго разу мацi на сажалцы мыла пранікам (яшчэ адна цікавая дзедаўская прылада – Рэд.) ходнiкi і незнарок утапiла адзін – не паспела схaпіць яго за доўгі хвост. Бацька доўга закідваў кошку, а я тым часам, стоячы на беразе, малілася, каб татка змог выцягнуць палавік і бабця не сварылася на маму, бо ходнік быў прыгожы, яго засцілалі ў чыстай палавіне, і ткала яго наша строгая бабуля… На шчасце, тату ўдалося зачапіць «тапельца» і выцягнуць яго – мы вярталіся дахаты шчаслівыя! – гаворыць Міраслава Якіменка.

Дарэчы, Міраслава падказала яшчэ адну цікавую і ёмістую назву гэтай дзе­даўскай прылады, якая выка­рыс­тоў­валася ў іх мясцовасці, – вывудзень. Дакладней не скажаш!

Леанарда Якель успамінае, што ў іх сям’і кошку дзеля эканоміі грошай, якіх ніколі не хапала, старэйшы брат зрабіў сам: набіў на доўгую жэрдку цвікоў.

Кошкі і цяпер карыстаюцца попытам – яны нават ёсць у продажы, пра што свед­чыць скрыншот аднаго з маркет-плэйсаў, які даслала Ірына Яновіч. Хоць ужо мала хто выцягвае з іх дапамогай вёдры, цяпер старадаўнюю прыладу часцей выка­рыстоўваюць на будоўлі ці нават у якасці дэкаратыўнага элементу для аздаблення сядзібы – як Ірына Яновіч. Але ў доме Таццяны Бразевіч кошка, па словах удзельніцы конкурсу, усё яшчэ спраўна служыць гас­падарам.

Балы на гэтым этапе конкурсу размеркаваліся наступным чынам. Па 5 атрымліваюць Генрых Лукашэвіч і Таццяна Бразевіч, па 4 – Ірына Яновіч, Міраслава Якіменка, Наталля Блахіна, Аляксандра Працута, па 3 – Рэгіна Дрэма, Валянціна Корзун, Пётр Станкевіч, Леанарда Якель, Вікторыя Пляўга, па адным – gerik02v (рассакрэцьцеся, калі лас­ка, спадар інкогніта!), Кацярына Баер, Ганна Юхневіч, Аляксандр Лаўрыновіч. 

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик
Видео: Нина Рыбик