У якім узросце пачынаецца жыццё, разважае Ніна Рыбік

16:00 / 28.07.2025

Фото Unsplash

Фото Unsplash

Ёсць у мяне даўняя прыяцелька: некалі разам вучыліся, сябравалі, на дыскатэкі хадзілі, на спатканні бегалі. Адчаюга яна была тая яшчэ, не ў прыклад нам, баязліўкам. На любую авантуру сходу падпісвалася: ці за руль матацыкла сесці, ці нырца з маста даць, ці на трактары (пяць чалавек у кабіне «Беларуса», калі што) на танцы ў суседнюю вёску адправіцца…

А выйшла замуж – нібы пад­мянілі. Вадзіцельскія правы засунула куды падалей, «мінскач» свой на «прыкол» паставіла, джынсы ў хлеў ды на гарод сцягала, а каторыя лепшыя – маладзейшым каляжанкам параздавала. Куды ўжо ёй джынсы, манікюр і матацыкл? Добрапрыстойная матрона, жонка, маці і гаспадыня!

Нямала на той выбар новага ладу жыцця паўплывалі дамастроеўскія погляды мужа, які быў перакананы, што жанчына ад нараджэння павінна. Усім, а мужу – найперш і найбольш. А мужчына мае права – на тое і гэта, а калі моцна захацець, то можна сабе дазволіць і тое, на што права не маеш. Прыяцелька мая мужа любіла і небеспадстаўна лічыла, што галоўны скарб у жыцці – сямейны лад ды згода. Таму без нараканняў узяла на сябе ролю «другой скрыпкі».

Хоць не-не, ды і скакалі ў яе вачах ранейшыя чорцікі, асабліва калі бачыла жанчыну на матацыкле ці трапляла ў вясёлую кампанію.

…Гады ідуць, бягуць, імчацца. Выраслі дзеці, пасталелі ўнукі. Не дацягнуўшы да пенсіі, памёр муж – не вытрымаў цяжару сваіх бязмежных правоў, і аднойчы жаданне выпіць столькі, колькі захачу, а не колькі магло прыняць не вельмі ўжо здаровае нутро, звяло яго на той свет. Прыяцелька яго пахавала, паплакала-пагаравала – кахала ж... і ўсё, што было дрэннае ў жыцці, на той момант адышло, забылася. 

Тым часам падаспеў той самы пенсійны ўзрост, якога хто чакае, хто баіцца. У яе на рабоце малады кіраўнік пенсіянераў не любіў, таму звольнілася, як толькі прыйшоў час Х. 

І што – спытаеце вы? 

А хоць бы што! 

Выгнала яна з гаража матацыкл – і ён завёўся з першага разу (бо прыяцелька яго тайком ад мужа «аблізвала»). Асядлала свайго «коніка». Не, з маладымі байкерамі на «пакатушкі» не кінулася – так, у сваё задавальненне ездзіць: у лес грыбоў-ягад пашукаць, у суседнюю вёску да каляжанкі, на возера рыбу павудзіць (яшчэ адно юначае захапленне, якое закінула, стаўшы правільнай і добрапрыстойнай).

– Ведаеш, я толькі цяпер зразумела, што жыццё пасля выхаду на пенсію не заканчваецца, – прызналася мне ў тэлефоннай размове прыяцелька. – Я ўвогуле толькі цяпер жыць пачала! Без будзільнікаў, начальнікаў і панядзелкаў. Хачу – чытаю, хачу – на рыбалку еду ці да сяброўкі ў госці, хачу – крыжыкам вышываю. І нікому я нічога не павінна! А грошы… На мае невялікія «хацелкі» хапае, а вялікіх у мяне няма.

Для чаго я гэта ўсё расказваю, спытаеце?

Ды каб тыя, хто ўжо дасягнуў «узрос­ту Х» ці на блізкіх подступах да яго, не думалі, што на заслужаным адпачынку жыццё выходзіць на фінішную прамую і адзінае, што застаецца ў гэтым узросце, – чакаць у госці дзяцей і ўнукаў ды гартаць сямейныя альбомы. Жыццё пачынаецца тады, калі пачынаеш жыць, і няважна, у 20 гадоў ці ў 60. 

Вядома, лепш, калі гэта адбываецца раней: можна больш паспець. 

Але калі па нейкай прычыне не атрымалася, то можна і ў сталым узросце навучыцца плаваць, атрымаць правы, намаляваць карціну ці адкрыць сваю справу. Было б жаданне!

І прыклады нашых сённяшніх герояў – лішняе таму пацвярджэнне. 
Текст: Нина Рыбик