Селекторное совещание у Президента по вопросам жатвы: мнением поделился первый заместитель председателя Островецкого райисполкома Иван Корнило
Найбольш ёмка сёлетняе жніво можна ахарактарызаваць улюбёным журналістамі штампам: бітва за ўраджай. Тым больш, што надвор’е уносіць карэктывы ў яго тэмпы і спецыфіку. Гэтай важнай сельскагаспадарчай кампаніі была прысвечана селектарная нарада ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Пра ход уборкі і яе асаблівасці даклад трымаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Гарлоў, а сітуацыю на месцах па відэасувязі каментавалі кіраўнікі ўсіх рэгіёнаў.
Меркаваннем пра нараду і задачы, якія паставіў Прэзідэнт перад удзельнікамі вялікай жніўнай размовы, падзяліўся першы намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Карніла:
– Кіраўнік краіны падкрэсліў, што ўборачная кампанія – найважнейшы этап, які вызначыць вагу агульнага рэспубліканскага караваю. І ў гэтай сітуацыі важна звесці да мінімуму любыя рызыкоўныя фактары ад падрыхтоўкі зернеуборачнай тэхнікі да дакладнай арганізацыі ўборкі.
Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на неабходнасці вырашэння кадравага пытання з прыцягненнем механізатараў на перыяд жніва. На думку лідара краіны, хлебаробы з іншых арганізацый павінны быць на месцы не пазней чым за два тыдні да пачатку масавай уборкі, каб за гэты час прызвычаіцца да камбайна, унесці апошнія штрыхі ў яго падрыхтоўку да выхаду ў поле.
Што тычыцца нашага раёна, то па традыцыі поруч з аграрыямі ўбіраюць саспелы ўраджай і работнікі іншых арганізацый і прадпрыемстваў: сельгастэхнікі, Астравецкага вопытнага лясгаса, раёна электычных сетак, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Пастаўлена задача забяспечыць нестандартную арганізацыю працы, каб правесці корманарыхтоўку і своечасовую ўборку збожжавых, зернебабовых і рапсу.
Былі ўзняты пытанні забяспечанасці палівам, аснашчанасці камбайнаў сцеблепад’ёмнікамі і дзяліцелямі, створаных умоў працы для ўдзельнікаў жніва і іншыя.
Прэзідэнт параіў не чакаць і не “сушыць” збожжа ў полі, а своечасова ўбіраць яго і дапрацоўваць. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для паспяховага правядзення ўборачнай кампаніі ў нас усё ёсць – і тэхніка, і людзі, не хапае толькі дысцыпліны і арганізаванасці. На гэта і трэба рабіць акцэнт на жніве.