Троіцкі фэст у Гервятах: пра духоўную сілу і яднанне

16:23 / 16.06.2025

У гісторыі кожнай краіны, вобласці, маленькай вёсачкі ёсць знамянальныя даты, якія жывуць у памяці людзей і становяцца момантам, які аб’ядноўвае, дапамагае берагчы традыцыі і культуру. Сярод такіх адно з важнейшых мерапрыемстваў, якое на Астравеччыне даўно перайшло ў разрад брэндавых, – Троіцкі фэст у Гервятах.

І збіраюцца тут у гэты дзень не толькі мясцовыя – з розных куточкаў краіны прыязджаюць у госці, бо ведаюць: гервяцкі касцёл – месца сілы.



Пра духоўнае

Тройца – сімвал абнаўлення, адраджэння і адзінства, калі адчуваецца асаблівая сувязь з гісторыяй і продкамі, разуменне нашых, беларускіх, духоўных каштоўнасцей. Менавіта ў гэты дзень пад меладычныя пералівы званоў гервяцкага касцёла сэрцы ўдзельнікаў святочнай імшы напаўняюцца светам і дабром, надзеяй і верай у лепшае.

Хоць яблыку не было дзе ўпасці ад колькасці ўдзельнікаў святочнай імшы, словы святара разносіліся над галовамі ў святой цішыні і заміралі недзе там, пад аблокамі. Уважліва ўслухоўваліся ў іх сэнс і дарослыя, і дзеці. Нават немаўляткі на руках бацькоў, здавалася, усё разумелі. Мір і яднанне, любоў і спачуванне – такія простыя ісціны, пра якія так часта забывае чалавек…

Пра свецкае

І якое ж свята без песні, а фэст без размаляванага перніка! Салодкая вата, цукровыя лядзяшы, цацкі і дзіцячы паравоз, катанне на поні і магчымасць з’ехаць з надзіманай горкі – у дзяцей вочы разбягаліся. У дарослых была не менш складаная задача: выбраць плецены кошык ці кашпо, адзенне ці тэкстыль, расліны або архітэктурныя формы для сядзібы, галаўныя ўборы або ўпрыгожванне… Ну і, канешне, куды без шашлыка і пірагоў.





Радасцю і шчасцем, спакоем і цяплом і веяла ад пляцоўкі, што развярнулася ў цэнтры Гервят, нібы аздабляючы сваёй пазітыўнай энергетыкай жамчужыну астравецкай зямлі – касцёл Святой Тройцы. Святочны настрой на працягу вечара падтрымлівалі творчыя нумары мясцовых артыстаў і гасцей з суседняй Ашмяншчыны.



З першых вуснаў

Тэрэза Бутвіла, в.Мацкі:


– Заўсёды бываю на імшы, праўда, сёлета не магу ўнутры касцёла знаходзіцца – здароўе не дазваляе. Але сяджу вось побач на лаўцы –слухаю. Падабаецца мне наш фэст. Канцэрт цудоўны ладзяць. Кожны год да нас дзеці прыязджалі, разам на свята прыходзілі – сёння у іх не атрымалася, дык мы з мужам удваіх тут.

Валянцін і Ірына Шэмісы з унучкай Алінай, г.Астравец:


– Мы родам з гэтай парафіі. У Гервятах хрысцілся, да першай споведзі даходзілі. Таму гэта шматгадовая традыцыя – бываць на Троіцкім фэсце. Шыкоўнае свята. Тут заўсёды душэўныя імшы ў касцёле. А ўзровень гуляння ўжо не параўнаць з ранейшым: у нашым дзяцінстве толькі “пеўнікаў” самаробных на палачцы прадавалі. А цяпер чаго толькі няма: і паесці, і “каруселі” дзецям, і цацкі… На канцэрт таксама абавязкова сходзім.

Ганна Кукушына з унучкай Амеліяй, г.Смаргонь:


– Прыгожа тут, добра. Былі ў касцёле, паглядзелі лакацыі. Людзей шмат. На фэст у Гервяты прыязджаем ужо ў чацвёрты раз. Вера наша, каталіцкая, сюды прыцягвае. Тут з дзецьмі і ўнучкай. “Смачняшкі” абавязкова купляем, канцэрт слухаем.

Дзмітрый Галгоўскі, г. Маладзечна:


– Душэўнае мерапрыемства. Наша сям’я прыехала сюды ў першы раз. Здзівіў і ўразіў касцёл, яго знешняе і ўнутранае убранне. Прыгожы і аграгарадок. Прайшлі па кірмашы. Хапае, здаецца, усяго, але мне нестае больш народных промыслаў, нечага мясцовага і аўтэнтычнага – люблю нашы, беларускія, рэчы. Я прафесійны разьбяр па дрэве, член Саюза майстроў Беларусі, часта бываю на Астравеччыне, удзельнічаю ў пленэрах.

Людміла Нахабцава, г.Мазыр:


– Прыехалі раней на хрышчэнне ўнучкі і вось трапілі на свята. Ёй учора споўніўся год, а сёння ваша Тройца. Гэты касцёл – шыкоўнае месца духоўнай сілы! І ўчора тут былі, і сёння. Ды ўвогуле, калі прыязджаем у Гервяты, прыходзім сюды.

Текст: Ольга Хотянович
Фото: Ольга Хотянович