С посевной – на косовицу, или Кто стал лучшим на севе сахарной свёклы и кукурузы
Па традыцыі раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў АПК падчас асноўных сельскагаспадарчых кампаній праводзіць працоўнае спаборніцтва сярод механізатараў і вадзіцеляў. У першай дэкадзе красавіка, калі скончылася масавая сяўба збожжавых, вызначыліся пераможцы ў 7-мі намінацыях. А напачатку касавіцы ўзнагародзілі лідараў па выніках сяўбы цукровых буракоў і кукурузы – імі сталі хлебаробы КСУП “Гервяты” Валянцін Гайдуль і Андрэй Махонька.
Павіншаваць герояў на поле выправіліся старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Адула, галоўны бухгалтар Марыя Станкевіч, прафсаюзны лідар КСУП “Гервяты” Марына Івашка і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Расціслаў Бразінскі.
Пасля сяўбы ўсе гаспадаркі раёна распачалі касавіцу. Першым укосам на Астравеччыне запланавана пакласці ў пракосы травы на звыш 14-ці тысячах гектараў. Самыя вялікія плошчы – 4 229 гектараў – у КСУП “Гервяты”. Героі сяўбы ў складзе вытворчага звяна завяршалі корманарыхтоўчыя работы непадалёк ад вёскі Мацкі. Адно задавальненне было глядзець, як на невялікім участку кіпела работа. Такі спрыт “гервятцаў” быў невыпадковы: накрапваў дождж.
Сучасны валкаўтваральнік вытворчасці KUНN, які ўражвае памерамі і характарыстыкамі, на вачах зграбаў травы ў валок. Дарэчы, на цуда-агрэгаце рабіць можна гэта злева, справа, пасярэдзіне ад машыны любым захопам, нават 18-мятровым. Следам у парах з трактарамі ішлі два корманарыхтоўчыя комплексы – КВК і “КронэБіг-Х”… Назіраючы за працэсам, злавіла сябе на думцы, што хоць гэта і вялікая энерганасычаная тэхніка, але ва ўмелых руках працуе яна проста віртуозна.
Заўважыўшы гасцей, Валянцін Гайдуль на некалькі хвілін спыніў кормаўборачны камбайн, каб атрымаць заслужаныя ўзнагароды – дыплом і грашовую прэмію.
На сяўбе цукровых буракоў механізатар паказаў найлепшы ў раёне вынік: прыкрыў насенне салодкіх караняплодаў на 280 гектарах, а сярэдняя норма выпрацоўкі склала 25,5 га.
– Што год няпросты для сельскай гаспадаркі, вам скажа любы вясковец: у сакавіку было цёпла, хоць распранайся, у красавіку і маі – прымаразкі. Добра, нядаўна прайшлі шчодрыя дажджы, цяпер цяпло патрэбна – і травы падцягнуцца, і збожжа, – зазначыў камбайнер. – А што тычыцца ўзнагароды, то, безумоўна, прыемна быць першым у раёне!
На адвозе “зялёнкі” налічыла некалькі трактараў і МАЗаў, пакуль адны з комплексамі ішлі побач, іншыя стаялі ў рэжыме чакання. Травы “Джон-Дзірам” перавозіць Андрэй Махонька, які стаў лепшым сейбітам кукурузы. За 24 дні ён прыгарнуў у глебу насенне цеплалюбівіцы на 1 223-х гектарах. Зазначу, што гэты механізатар ледзь не штогод перамагае ў працоўным спаборніцтве на вясенне-палявых работах прычым у розных намінацыях: “Ворыва”, “Сяўба”, “Культывацыя”.
– Ваша перамога – паказчык стараннай працы. Па выніках сёлетняга вясенняга спаборніцтва менавіта механізатары КСУП “Гервяты” забралі найбольш узнагарод. Дзякуй за работу, – віншуючы лепшых сейбітаў, сказаў Юрый Адула і выказаў спадзяванне на новыя сустрэчы.
Нагадаю, што падчас корманарыхтоўкі прафсаюз таксама праводзіць спаборніцтва сярод механізатараў па розных накірунках: касьба, падбор травы, яе адвоз трактарам і аўтамабілем, прэсаванне.
У тэму
На раніцу 29 мая на Астравеччыне скошана 1 642 га, ці 11% плошчаў. У разрэзе гаспадарак у лідарах РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі (19%, ці 293 га) і КСУП “Варняны” (18%, ці 373 га).