Никита Умрихин прошёл торжественным маршем в День Победы по Красной площади Москвы

10:00 / 16.05.2025

У складзе параднага разліку, які прадстаўляў нашу краіну на парадзе ў гонар 80-годдзя Вялікай Перамогі ў Маскве, быў астраўчанін Мікіта Умрыхін.

Хлопец праходзіць тэрміновую  службу ў 5-й асобнай брыгадзе спец­прызначэння, што ў Мар’інай Горцы.  Ён прызнаецца: нават уявіць сабе не мог, што яму некалі выпа­дзе такая ганаровая місія.

– Калі аб’явілі пра мой удзел у парадным разліку, першая думка: не можа быць! Не верылася, што трапіў у лік шчасліўчыкаў. І, ведаеце, гэта пачуццё не пакінула, пакуль не пачалася падрыхтоўка, – усміхаецца малады чалавек. – Адточвалі майстэрства страявой хадзьбы каля 2-х месяцаў.

– Безумоўна, ганарова быць удзель­нікам параду. І для маці гэта навіна стала радаснай. Але разам з тым і хвалюючай: перажывала, каб усё ў мяне атрымалася, – прыгадвае астраўчанін

Дадам ад сябе: не падвёў – ні Мікіта, ні яго таварышы: прайшлі прыгожа, аж дух захоплівала ад гонару за нашых вайскоўцаў, калі глядзела парад па тэлебачанні.

– Па шчырасці, хваляваўся ў пачатку і я, у тым ліку і падчас рэпетыцый у Маскве, – дзеліцца Мікіта. – А вось на ўрачыстасці адчуваў сябе спакойна і ўпэўнена.  

Да слова, у каробцы наш зямляк ішоў у першых радах, да таго ж па краі правага фланга – а гэта асобая, накіроўваючая, роля: задаваць тэмп і трымаць накірунак і дыстанцыю. 

–  Ды нічога асаблівага, проста ў кожнага свая задача. Не думаю, што другім было лягчэй, – сціпла зазначае хлопец

Асобны момант, які выдзяляе для сябе Мікіта: прывітанне Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам нашага параднага разліку:

– Убачыўшы, што Аляксандр Ры­горавіч устаў з месца і падняў руку ў знак прывітання да нас (гэта было так душэўна, па-бацькоўску),  я адчуў гордасць за нас, асаблівы эмацыянальны пад’ём, проста не перадаць словамі. Было вельмі прыемна!

За ўдзел у парадзе на Чырвонай плошчы ў Маскве  беларускіх вай­скоўцаў узнагародзілі медалямі Ра­сій­скай Фэдэрацыі «За ўдзел у ваен­ным парадзе  ў Дзень Перамогі» і Рэс­публікі Беларусь «80 год Пера­могі».

– Мае першыя армейскія ўзна­га­роды, ды яшчэ такога ўзроўню – безумоўна, рады, – зазначае вайсковец.  – Як і тое, што, калі прыбылі ў Беларусь, нас урачыста вітала кі­раў­ніцтва, у тым ліку і камандуючы сіламі спецыяльных аперацый, іграў ваенны аркестр. 

Для Мікіты ўдзел у парадзе – гонар прадстаўляць сваю 5-ю брыгаду і краіну. А для астраўчан – гордасць за земляка: годна служаць нашы хлопцы! 


Фота з архіва брыгады.

Текст: Рита Дремо