Как сработало в первом квартале районное животноводство

14:00 / 04.05.2025


Каб на канец года прыйсці з «плюсамі» ў надоях і прывагах, варта пастаянна і планамерна працаваць, аналізаваць памылкі і своечасова іх выпраўляць. Менавіта для гэтага ў раёне падводзяць прамежкавыя вынікі работы ў галіне жывёлагадоўлі пад кіраўніцтвам старшыні Астравецкага райвыканкама Сяргея Мядзвецкаса. 

Падобныя семінары сталі традыцыйнымі для нашага раёна.  Перад тым як пачаць абмеркаванне стану развіцця жывёлагадоўлі ў цэлым у раёне і ў кожнай асобнай гаспадарцы ў прыватнасці, адбыўся аб’езд малочна-таварных комплексаў. На чале з першым намеснікам старшыні райвыканкама – начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іванам Карнілам дэлегацыя ў складзе кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, галоўных заатэхнікаў і ветурачоў наведала МТК «Смілгі», «Кярняны» КСУП «Гудагай», МТК «Рымдзюны» КСУП «Гервяты», МТК «Маркуны» КСУП «Міхалішкі», МТК «Беразоўка» КСУП «Варняны» і МТК «Падольцы» РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі». «Гудагайцы», напрыклад, прадэманстравалі сучаснае абсталяванне для мыцця і дэзінфекцыі сосак для цялят, а «гервятцы» – новыя прафілакторыі. 



Амаль усе комплексы (а іх у раёне 12) абсталяваны сучаснымі малочнымі кухнямі. Закуплены малочныя таксі, транспарціроўшчыкі малака, пастэрызатары. Аднак работу ў гэтым накірунку некаторым гаспадаркам варта паскорыць. 

На пленарнай частцы семінара разгледзелі вынікі работы жывёлагадоўлі за тры месяцы. Тэмп росту валавай прадукцыі дасягнуў 105%. У лідарах – КСУП «Міхалішкі» (122%). Надой ад каровы склаў 2 002 кілаграмы малака. Па гэтым паказчыку Астравецкі раён займае 6-ю пазіцыю з 17-ці. У разрэзе гаспадарак у лідарах КСУП «Гудагай» (2 554 кг) і КСУП «Гервяты» (2 162 кг). 

У вобласці па колькасці пага­лоўя да ўзроўню мінулага года станоўчую дынаміку паказалі толькі тры раёны: Дзятлаўскі, Навагрудскі і Астравецкі. Апошні пра­дэманстраваў найбольшую прыбаўку: +259 галоў.

Сярэднесутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы склалі 709 грамаў (+33 гр) пры сярэднеабласных 763.   

Як адзначыў старшыня рай­вы­канкама Сяргей Мядзвецкас, тэндэнцыя вытворчасці сельгас­прадукцыі мае ўзыходзячы характар, але разам з тым ёсць недапрацоўкі, якія трэба выпраўляць.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич