Секреты успеха КСУП «Гудогай» раскрывает его директор: эксклюзивное интервью с Эдуардом Садовским

13:00 / 01.05.2025

У   «гудагайцаў» самыя вялікія намалоты і надоі; тут пастаянна абнаўляецца тэхніка, укараняюцца камп’ютарныя тэхналогіі і праграмы,  будуецца-набываецца жыллё для работнікаў; тут першым адкрыўся цэх па перапрацоўцы насення рапсу, а з 12-ці малочна-таварных комплексаў у раёне 4 належаць КСУП «Гудагай», на падыходзе – пяты – у Дравяніках… Гэта далёка не ўвесь пералік дасягненняў сельгаспрадпрыемства…  У сваім шчыльным працоўным графіку Эдуард Іванавіч знайшоў вольнае «акенца» для гутаркі, тым больш, што нагод для гэтага хоць адбаўляй. Апераджаючы падзеі, зазначу, што наўмысна ў інтэрв’ю не закранала эканамічныя паказчыкі, лічбы, працэнты і тоны… Мне хацелася раскрыць Садоўскага з іншага боку – як Чалавека, Кіраўніка і Гаспадара з вялікай літары. Ці атрымалася, мяркуйце самі…

– Лічыцца, што выбар прафесіі ў юнацтве ў многім вызначае далейшы шлях. Як сталася, што з двух братоў Садоўскіх адзін – гэта вы, абраў сельскую гас­падарку, а другі – ваш брат Павел – навуку, наколькі ведаю ён кандыдат фізіка-матэматычных навук? І ўзгадайце, якім было ваша дзяцінства. 

– Нарадзіўся ў звычайнай сялянскай сям’і на Смаргоншчыне. Павел вучыўся ў 10-м класе, а я ў 3-м, калі трагічна загінуў наш бацька. Брат паступіў вучыцца ў Маскоўскі фізіка-тэхнічны інстытут. У нас яшчэ ёсць сярэдняя сястра. Мне, як адзінаму мужчыне, які застаўся ў хаце, трэба было браць у рукі плуг і касу і займацца гаспадаркай. (Усміхаецца.) Памятаю, што з 12-ці гадоў на роўных з дарослымі клаў травы ў пракосы. Маці працавала даяркай. Штодзень пасля школы бег на ферму, каб дапамагчы ёй падаіць кароў, раздаць буракі. Напэўна, так і сталася, што любоў да зямлі, усяго жывога і працы ў мяне з маленства. Я сябе нідзе не бачыў, акрамя як у сельскай гаспадарцы. Можна сказаць, што само жыццё прадвызначыла мой шлях. І я аб гэтым не шкадую. Нават калі была б магчымаць вярнуцца ў пару дзяцінства і юнацтва, я нічога не змяніў бы. 

– Эдуард Іванавіч, першы запіс у вашай працоўнай кніжцы «механізатар», апошні – «дырэктар КСУП «Гудагай». Ведаю, што ў розныя часы вы працавалі і загадчыкам раслінаводчага ўчастка, і намеснікам старшыні – скажам так, з нізоў ведаеце спецыфіку сельскагаспадарчай «кухні». На вашу думку, доб­рым кіраўніком гаспадаркі ці спецыялістам можа быць толькі чалавек ад зямлі?

– Ёсць шмат прыкладаў, у тым ліку і ў КСУП «Гудагай», калі цудоўнымі спецыялістамі становяцца людзі, якія выраслі ў горадзе. Мой намеснік па вытворчасці Андрэй Вінча, малады ветурач з МТК «Кярняны» Ягор Зянкевіч, ветурач МТК «Смілгі» Анастасія Венцкус… Мне здаецца, не варта зацыклівацца на пытанні, гарадскі чалавек ці вясковы. Ці стане работнік прафесіяналам, залежыць ад любові і адданасці справе, якой займаешся. 

– Па адукацыі вы аграном. Сустракаючыся з вамі падчас семінараў і нарад, у мяне склалася ўражанне, што вам бліжэй жывёлагадоўля. Я памыляюся, ці гэта сапраўды так і ўся справа ў тым, што менавіта гэтая галіна прыносіць да 70% прыбытку?

– Нават і больш, да 80%. Ведаеце, у сельскай гас­падарцы ўсе сферы настолькі ўзаемазвязаны і пераплецены, што іх немагчыма падзяліць. Не будзе агранаміі, не будзе кармоў, апаведна – і надояў. 

Памятаю, калі я прыйшоў сюды ў 2009 годзе, першае, за што мы ўзяліся, гэта за кармавую базу – яна была ніякая. Два-тры гады мы патрацілі, каб накарміць нармальна жывёлу, а потым на першы план выйшлі тэхналогіі: сталі рабіць стаўку на якасць травяністых кармоў на пастаяннай аснове, а не ўрыўкамі. Калі якісьці з элементаў у гэтым ланцужку выскачыць, так і чакай якой-небудзь бяды. 

Правільна, сёння жывёлагадоўля дае асноўную долю прыбытку, але без раслінаводства яна апрыёры не можа існаваць. 

Хоць, прызнаюся, больш прыкіпеў да жывёлагадоўлі. Мне падабаецца будаваць новыя малочна-таварныя комплексы, паляпшаць умовы на гэтых аб’ектах для людзей і жывёлы… Хоць і зроблена шмат, але ёсць над чым працаваць. Жывёлагадоўля – тая галіна, якая пастаянна развіваецца, патрабуе ўкладанняў, мадэрнізацыі.

– Ёсць такое меркаванне, што яе развіццё залежыць ад трох «К»: кадраў, кароў і кармоў…

– У гэтай трыядзе на першае месца я паставіў бы менавіта кадры. Будуць талковыя спецыялісты – значыць будуць і харошыя кармы, і высокапрадуктыўныя каровы. 

– КСУП «Гудагай» – адзіная насенняводчая гас­падарка ў раёне, якая рэалізуе элітнае насенне розных культур. Вы першыя адкрылі цэх па перапрацоўцы рапсу… Падзяліцеся планамі па развіцці раслінаводства. 

– Па-першае, гэта абнаўленне зернесушыльнай гаспадаркі. Новы комплекс па дапрацоўцы збожжа і рапсу сёлета будзе дзейнічаць у Малях. 

Штогод мы нарошчваем валавы намалот збожжавых пад патрэбы жывёлагадоўлі, таму сутыкаемся з такой праблемай, як захаванне зерня. Ужо на завяршаючай стадыі знаходзіцца праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва так званых сіласоў – спецыяльных тэхнічных комплексаў для захоўвання збожжа. Плануецца ўзвесці 2 такіх аб’екты аб’ёмам 3 тысячы тон у Германішках. 

Каб падтрымліваць жывёлагадоўчую галіну на ўзроўні і больш дасканала выконваць тэхналогію прыгатавання канцэнтратаў, нам патрэбен уласны камбікормавы цэх. На днях гэтае пытанне абмяркоўвалі са старшынёй райвыканкама Сяргеем Мядзвецкасам – будаўніцтва аб’екта папярэдне запланавана на 2027-мы.  

Сёлета скончым малочна-таварны комплекс у Дра­вя­ніках, а ў 2026 годзе на тэрыторыях механічнай майстэрні ў Лошы пачнём узводзіць тры жывёлагадоўчыя будынкі для адкорму буйной рагатай жывёлы. 

Закрыем невялікія нерэнтабельныя малочна-таварныя фермы, а жывёлу перавядзём на малочна-таварныя комплексы. 

– «Гудагай» – адна з нямногіх гаспадарак, якая так маштабна будуе новыя комплексы. Як для пісьменніка новая кніга як дзіця, так і для вас, напэўна, новы комплекс як дзецішча? Ці ёсць сярод МТК  любімае «дзіцятка»? 

– Напэўна, самы любімы – «Германішкі», таму што ён першынец. За 2009-2010 гады гаспадарчым спосабам уласная будаўнічая брыгада (а гэта каля 30-ці чалавек) з фермы зрабіла паўнавартасны МТК. Нават прадстаўнік Дзяржтэхнагляду зазначыў, што мы лепш пабудавалі, чым якая-небудзь падрадная арганізацыя.

Дзе-дзе, але ў Германішках я павінен пабываць штодзень. Хоць і МТК «Смілгі», і «Кярняны», і «Малі» – цудоўныя комплексы, але душа ляжыць менавіта да гэтага  аб’екта. Цяпер там ідзе маштабная рэканструкцыя цэха раздою кароў. Дарэчы, гэта была мара светлай памяці былой загадчыцы Галіны Карвэцкай.

Сёлета ў «Германішках» абсталявалі малочную кухню для прафілакторных цялят. Словам, мы арыентуемся не толькі на будаўніцтва новых аб’ектаў, але і на паляпшэнне ўмоў на існуючых комплексах і фермах. 

– Эдуард Іванавіч, а калі вы адпачываеце? І ў святы, і ў выхадныя можна бачыць машыну Садоўскага то ля аднаго, то ля другога комплекса…

– Мая натура такая, што я павінен усё ведаць; цалкам валодаць інфармацыяй, што і на якім аб’екце дзеецца. У гэтым сэнсе мяне ніхто не падмане. Каб добра спаць, ужо з вечара павінен правесці ў галаве планёрку, каб раніцай усё абмеркаваць са спецыялістамі. (Усміхаецца.) Праехацца па гаспадарцы ў выхадны – для мяне не ў нагрузку, а, наадварот, гэта добрая магчымасць лішні раз павітацца і пагутарыць з людзьмі на месцах. 

– Вядомы беларускі аграблогер пасля візіту ў «Гудагай» зазначыў, што яго прыемна здзівілі, што  ўсе работ­нікі  жыццярадасныя і ўсміхаюцца. Цытую Дзяніса Тра­фім­чыка: «Вось бы ўсюды былі такія дырэктары, як Іванавіч!» А які вы дырэктар?

– Не ведаю… Напэўна, ад зямлі. (Усміхаецца.) Калі з людзьмі будзеш па сумленні, яны табе адплацяць тым жа. Хоць у той жа час з работнікаў трэба і пытацца. Некаторыя не прыжываюцца ў нас… Галоўны прынцып: у КСУП «Гудагай» атрымліваюць не палучку, а заработную плату. Многія, думаю, каля 70%, працаўнікоў добра гэта разумеюць. 

– Падчас экскурсій па вытворчых аб’ектах КСУПа адзін з наведвальнікаў заважыў, што з задавальненнем пайшоў бы на комплекс. Хтосьці з вашых спе­цыя­лістаў зазначыў, што ў КСУП «Гудагай» цэлы конкурс на месца і спачатку трэба прайсці кастынг-адбор у дырэктара… Колькі ў гэтым праўды, а колькі – жарту? Якія якасці ў работніку вы цэніце найбольш?

– (Усміхаецца.) Самае галоўнае – праца­вітасць і любоў да таго, чым ты зай­маешся. У механізатараў – да тэхнікі. Ёсць такія хлопцы, хоць, можа, і не з самым простым характарам, але трактар у іх настолькі дагледжаны, нібыта з канвеера. І ўсе прэтэнзіі да гэтага трактарыс­та адпадаюць самі па сабе. 

У даглядчыкаў – да жывёлы. Калі заходзіш у кароўнік, а цялушкі цягнуцца да цябе, прама ліжуцца, – значыць, пра іх добра клапоцяцца, бо яны не баяцца чалавека.

У агранома – да расліны. Успомніўся выпадак з Вінчам, хоць гэта даўно было. Кажу яму: «Анд­рэй, у цябе і там, і там камяні». А ён у адказ: «Іванавіч, а я і не заўважыў! Я бачу як хораша абышло збожжа!»

Так склалася, дзякаваць богу, што кадравы патэнцыял у нас ёсць, я маю на ўвазе спецыялістаў. І галоўныя эканаміст Ірына Юцкевіч, заатэхнік Віктар Алёкса, інжынер Павел Гваздоў, і намеснік Андрэй Вінча, і ўсе астатнія літаральна хварэюць за агульную справу.

«Думаецца, што не толькі мяне, але работнікаў цешыць, што КСУП «Гудагай» – адна з лепшых гаспадарак у раёне і вобласці. Ганаруся, што ў нас добры калектыў. Мне прыемна бачыць, што людзі сумленна працуюць. Хоць з кожным годам у аграпрамысловым комплексе ўсё больш і больш укараняюцца механізаваныя працэсы (так і павінна быць!), усё адно галоўная роля тут належыць чалавеку… Ведаеце, не будзе нас, але сельская гаспадарка будзе ў Беларусі заўсёды!»

Паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця КСУП “Гудагай” за 2024 год

  • 447 чалавек працуе,
  • 2 018 руб – сярэдняя зарплата,
  • 22 883 т – валавы намалот збожжа  (з кукурузай) у першапачаткова апрыходаванай вазе,
  • 57 ц/га – ураджайнасць у першапачаткова апрыходаванай вазе,
  • 59 ц.к.адз. нарыхтавана на ўмоўную галаву,
  • 39,7 ц.к.адз. – травяністых кармоў,
  • 31 455 т – валавы надой малака,
  • 9 934 кг – надой ад каровы,
  • 8 306 тыс. руб. – прыбытак,
  • 15% – рэнтабельнасць прадаж.

 


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич, Дмитрий Соколовский