Пра даўняе сяброўства з “раёнкай” расказвае наш пазаштатны аўтар Станіслаў Курыла
Колькі сябе памятаю, столькі прыходзіць у нашу хату «Астравецкая праўда». Неяк падлічыў, што газета ўжо больш за паўстагоддзя з намі, але ж не памылюся, калі скажу, што ўсе 60. Яшчэ мае бацькі “раёнку” чыталі!
У часы майго маленства шмат перыёдыкі выпісвалі: «Звязду», «Сельскую газету», «Правду», «Гродзенскую праўду», «Труд». Сярод іх была тады яшчэ тоненькая раённая газета, з якой у нас пачынаўся агляд усёй прэсы. Тата яе чытаў лежачы на ложку падчас сераднёўкі, калі пасля абеду быў перадых ад хатняй гаспадаркі. Бывала, што і прыдрэмле ці засне, накрыўшы твар газетай. Я паціху падкрадаўся, каб сцягнуць яе з татавых рук. Але дзе ж там! Ён, моцна трымаючы “раёнку”, казаў: «Яшчэ не дачытаў!» Потым старэйшы брат ляжаў на сваім ложку за шафай з газетай. Была цэлая чарга, каб пачытаць. Каб вы разумелі: у нашай сям’і было 8 чалавек.
На пашу нам мама ўкручвала абед у газету. Зложыць якую там скварку, хлеба акраец, агурка з цыбуляй. І падсілкуешся, і газету потым пачытаеш, лежачы на духмянай палявой траве.
Памятаю, як жыў у Ленінградзе, то заўсёды ў гэты горад браў з сабой «Астравецкую праўду». Якое было здзіўленне ў сяброў і ў калег, калі яны бралі ў рукі газету на чыстай беларускай мове. Якую гордасць я адчуваў у гэтыя хвіліны за сваю “раёнку” і Радзіму!
Пасля вяртання на Астравеччыну пачалося маё шчырае сяброўства з газетай, калі на яе старонках сталі з’яўляцца мае вершы, а карэспандэнты пісалі пра мяне. Ведаеце, вельмі прыемна бачыць сваё прозвішча на старонках той газеты, якая піша пра тваіх знаёмых, пра суседзяў, пра добрых людзей.
Калі змяніў месца жыхарства на Варняны, і туды выпісаў сваю любімую газету. Куды ж без яе! Ігнацоўская хата таксама не пуставала без “раёнкі”: нумары прывозіў сюды. Атрымліваецца, што дзе б я ні быў, усюды са мной «Астравецкая праўда»!
Газету чакаю заўсёды з вялікім нецярпеннем. Заходзь, мая сяброўка, табе заўсёды ёсць месца на стале ў маёй хаце.
Твой адданы чытач Станіслаў КУРЫЛА.