Хто стаў пераможцам раённага конкурсу “Чароўны мікрафон”

12:00 / 15.04.2025

Нешматлікі, але цікавы агляд-конкурс на лепшага вядучага “Чароўны мікрафон” прайшоў на мінулым тыдні ў шматфункцыянальным культурным комплексе. Арганізатарам яго выступіў раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці.

Вы думаеце, гэта проста – выйсці на вялікую сцэну і, гледзячы ў люстэрка, расказаць пра чалавека, якога вы там бачыце, ды так, каб члены журы і гледачы пранікліся да вас сімпатыяй? Ці “завесці” залу, прымусіць гледачоў стаць яшчэ і ўдзельнікам вашага нумара? Ці выразна і эмацыянальна прачытаць тэкст, які хвіліну назад дасталі з канверта? А вы паспрабуйце… Калі атрымаецца і хатнія гледачы – члены імправізаванага журы – высока ацэняць вашы творчыя здольнасці, то рыхтуйцеся і прымайце ўдзел у конкурсе вядучых у наступным годзе. Магчыма, гэта ваш шанс адкрыць у сабе схаваныя таленты і прадэманстраваць іх іншым.

Сёлета ж такіх смелых было няшмат: пяць удзельнікаў у чатырох намінацыях.

У дарослай узроставай катэгорыі ад 19 гадоў і старэй увогуле не знайшлося жадаючых паспрабаваць сябе ў новым амплуа ці прадэманстраваць ужо набытае майстэрства (шкада, каштоўныя прызы не знайшлі уладальнікаў).

Толькі па аднаму ўдзельніку было ў старэйшай і сярэдняй узроставых групах. Імі сталі адпаведна Арнольд Пляўга з Варнянскай СШ і Алівія Гродэль з СШ №1.

Арнольд Пляўга
Алівія Гродэль

І толькі сярод малодшых школьнікаў узнікла сякая-такая канкурэнцыя: за перамогу змагаліся Уладзімір Карабко з Гудагайскай СШ, Аляксандра Жыневіч з СШ №3 і Цімафей Сямашка з Варнянскай СШ.



Нягуста было і паклоннікаў у юных талентаў. Тым не менш, нешматлікія балельшчыкі актыўна падтрымлівалі “сваіх” і актыўнічалі ў гульнях і віктарынах. Асабліва вылучалася група падтрымкі Арнольда Пляўгі: землякі нават спецыяльныя плакаты і “крычалкі” падрыхтавалі.


У першым хатнім заданні “Размова з люстэркам” усіх зачараваў артыстызмам і падрыхтаванасцю нумара Цімафей Сямашка. Як заўсёды, быў смелым і разняволеным Уладзімір Карабко, а яго стыльны чырвоны касцюм проста скарыў усіх. Алівія пра сябе і свае адносіны да жыцця і людзей расказала ў песні – хоць, нагадаю, гэта быў конкурс вядучых, а не спевакоў. Арнольда Пляўгу моцна падтрымлівалі балельшчыкі, але ажывіць яго сухаватую прэзентацыю гэта не дапамагло. Самая юная ўдзельніца Аляксандра Жыневіч крыху гублялася на фоне больш дарослых удзельнікаў.

Другое хатняе заданне “Ідэя. Праект. Ажыццяўленне”, у якім патрабавалася прадэманстраваць уменне “завесці” публіку, атрымалася адначасова ўдалым і не вельмі. Удалым, бо зала “заводзілася” з паўабароту: актыўна адказвала на пытанні, тупала нагамі, пляскала ў далоні і крычала “Ура!”. Але арыгінальнасцю ідэі канкурсантаў не вызначаліся: было дзве віктарыны ад Арнольда і Уладзіміра (у апошняга, дарэчы, з медалямі і прызамі) і тры гульні, дзве з якіх – практычна аднолькавыя.

Галоўным для вызначэння лепшага вядучага стаў трэці тур, у якім трэба было без падрыхтоўкі прачытаць незнаёмы тэкст. І хоць заданні аказаліся не вельмі складаныя, паспяхова справіўся са сваім толькі Уладзімір Карабко: чытаў правільна, выразна, эмацыянальна. У астатніх узніклі тыя ці іншыя праблемы…

Журналісты, калі асвятляюць падобныя конкурсы, часта пішуць, што складана было вызначыць лепшых. Тут цяжкасцей не ўзнікла. Па-першае, з-за адсутнасці канкурэнцыі, па-другое, з-за рознага ўзроўню ўдзельнікаў.

У малодшай узроставай катэгорыі Дыплом першай ступені атрымаў Уладзімір Карабко, другой – Цімафей Сямашка, трэцяй – Аляксандра Жыневіч. Алівію Гродэль і Арнольда Пляўгу ўзнагародзілі Дыпломамі другой ступені.


Усе ўдзельнікі конкурсу пакідалі залу з дыпломамі і каштоўнымі прызамі і ў добрым настроі. Хочацца верыць, што такім жа ён быў і ў нешматлікіх гледачоў.

З першых вуснаў

Уладзімір Карабко:

– Гэта вельмі цікавы конкурс. Тут праяўляюцца новыя таленты. Не магу сказаць, таленавіты я ці не, пра гэта няхай людзі скажуць. Але конкурс даў мне цікавы і карысны вопыт.

Арнольд Пляўга:

– Падобныя конкурсы – гэта магчымасць паказаць сябе на іншым ўзроўні, а не толькі ў школе. Эмоцыі пазітыўныя, рады за ўсіх. Адзінае, чаго мне не хапіла, – гэта сапернікаў, здаровай канкурэнцыі.

Наталля Тамашэўская, член журы:

– Шкада, што ў конкурсе не было ніводнага дарослага ўдзельніка, якія маглі б прадэманстраваць моладзі своеасаблівы майстар-клас, паказаць, да чаго варта імкнуцца. Хоць у раёне ёсць дастойныя прадстаўнікі, якія маглі б падзяліцца вопытам і праверыць сябе.

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик, Наталья Томашевская