У падарожжа па Беларусі адправіліся педагогі гімназіі №1
Экскурсійны тур па Беларусі арганізаваў прафсаюз гімназіі №1.
Прафсаюз нашай установы адыгрывае значную ролю ў жыцці працоўнага калектыву. Дырэктар гімназіі і старшыня прафкама –партнёры, бо у нас агульныя мэты і задачы. Клапоціцца прафсаюз і пра здаровы адпачынак: работнікі бясплатна наведваюць басейн.
А нядаўна па ініцыятыве пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі стала традыцыяй на канікулах арганізоўваць экскурсійныя туры па Беларусі. Чарговую паездку прымеркавалі да 80-годдзя Вялікай Перамогі і Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Таму наведванне мемарыяльнага комплексу «Шталаг №342» у Маладзечне стала асноўнай кропкай маршруту.
Комплекс уяўляе сабой стылізаваны бетонны барак для ўтрымання зняволеных. Ужо сама колеравая гама гэтага месца сведчыць аб жахах, што адбываліся з людзьмі.
Прыцягвае ўвагу памятны камень з надпісам на беларускай мове: «ЛЮДЗІ! СХІЛІЦЕ ГАЛОВЫ... Тут трагічна завяршыўся шлях 33 150 савецкіх ваеннапалонных і мірных грамадзян нашай Радзімы і іншых краін: жанчын, дзяцей, нямоглых старых, па-зверску закатаваных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў канцэнтрацыйным лагеры “Шталаг № 342” у 1941–1944 гг.». Мурашкі бягуць па скуры… Пра гэта трэба ведаць, гэта трэба памятаць, каб ушанаваць ахвяр вайны і не дапусціць яе паўтарэння.
Падчас экскурсіі на рамесніцкую сыраварню GrandMilk пазнаёміліся з вытворчасцю сыроў, паўдзельнічалі ў майстар-класах, убачылі, што ў нашай краіне створаны ўсе ўмовы для развіцця малога бізнесу. Асобна адзначылі дэгустацыю – паспрабавалі больш за 10 гатункаў: свежыя, з белай і блакітнай цвіллю, цвёрдыя, вытрыманыя тэрмінам паспявання ад 12 да 18 месяцаў, а таксама ўнікальныя для Беларусі сыры з малака авечак французскай пароды. Кожны знайшоў смак па душы!
Гімназісты заўзятыя тэатралы. Таму прэм'ерны прагляд спектакля “Сем трафеяў радавога Шапкіна” паводле п'есы Васіля Ткачова ў Мінскім абласным драматычным тэатры стаў хвалючым чаканнем дакрануцца да свету мастацтва. Спектакль пагрузіў гледачоў у жыццёвыя перыпетыі герояў, прымусіў шчыра суперажываць, радавацца і плакаць разам з жыхарамі маленькай вёскі.
Ніна СВІЛА, старшыня прафкама гімназіі №1.