Рашэнне аб месцы размяшчэння Беларускай АЭС і іншыя падзеі – пра што пісала “Астравецкая праўда” ў першай і другой палове нулявых

12:00 / 05.04.2025
Галоўнай, лёсавызначальнай падзеяй для Астравецкага раёна стала прынятае ў 2008 годзе ўрадам краіны рашэнне аб выбары пляцоўкі для будаўніцтва першай беларускай атамнай электра­станцыі. Пасля аналізу мноства даследаванняў наву­коўцы, а ўслед за імі – і кіраўніцтва краіны вырашылі: АЭС будзе пабудавана ў Астра­вецкім раёне.

АЭС будзе астравецкай!

Без перабольшвання, самай абмяркоўваемай – і не толькі ў нашай газеце – тэмай другой паловы нулявых стала рашэнне аб будаўніцтве ў Беларусі АЭС і выбару пляцоўкі для атамнага першынца. 

Старт ёй даў карэспандэнт «АП», які пацікавіўся ў астраўчан, як яны адносяцца да будаўніцтва ў нашай краіне атамнай электра­станцыі і магчымасці яе з’яўлення на Астравеччыне. 17 мая 2008 года пад рубрыкай «Рэпарцёр выходзіць у свет» былі змешчаны вынікі апытання «Астравецкая атамная…
Магчымыя варыянты?» Меркаванні былі розныя. А Віктар Пятровіч, тэхработнік кіна­тэатра «Каст­рыч­нік», ска­заў: «Калі б у нашым раёне пабу­давалі атамную электрастанцыю, то Астравец, напэўна, атрымаў бы статус горада. Тады б і беспрацоўных не засталося, у Расію на заробкі ніхто б не выязджаў. У мясцовы бюджэт пацяклі б грошы». Як у ваду глядзеў чалавек!

У ліпені Эдуард Свірыд па­знаё­міўся з работай геолагаў, якія вывучалі асаблівасці аст­ра­­вецкай пляцоўкі – і 2 жніў­­ня ў раённай  газеце з’явіў­­­­ся яго рэпартаж «Геолагі даюць «даб­ро». 

У тым жа месяцы тэма магчымага будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў нашым раёне абмяркоўвалася за рэдакцыйным круглым сталом. У размове ўдзельнічалі намеснік стар­­шыні райвыканкама Вік­тар Свіла, кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Таццяна Голубева, супрацоўнік дырэк­цыі будаўніцтва Беларускай АЭС Уладзімір Петрушкевіч, галоў­ны ўрач раённай баль­ні­цы Валян­цін Тачоны, начальнік РЭС Альф­­рэд Калеснік, началь­нік падатковай інспекцыі Аляксандр Мароз, журналіст Эдуард Сві­рыд. Праблему абмяр­коў­валі з усіх бакоў – тэхнічнага, экана­мічнага, экалагічнага, меды­цынскага – і прыйшлі да вясновы: будаўніцтва АЭС на нашай тэрыторыі абяцае гораду вялікія прэферэнцыі. 

А ў нумары за 24 снежня 2008 года змешчана лёсавызначальная інфармацыя з пасяджэння дзяржаўнай камі­сіі па выбары зямельнага ўчастка для размяшчэння атам­най электрастанцыі. «…Пасля даклада спецыялістаў і абмеркавання вынікаў даследавання ўсіх трох пляцовак – Кукшынаўскай, Красна­палянскай і Астравецкай – дзяржаўная камісія прыйшла да высновы, што найбольш падыходзячай па ўсіх параметрах з’яўляецца менавіта Астравецкая пляцоўка. (…) Члены дзяржаўнай камісіі падпісалі акт выбару зямельнага ўчастка для размяшчэння першай Беларускай АЭС». Загаловак «АЭС будзе астравецкай» даў старт новаму этапу жыцця раёна. 

Асвятлялі…

Але не толькі пра АЭС пісала раённая газета. У спецыяльных праектах ці кароткіх «інфармашках», фотарэпартажах і інтэрв’ю, праблемных артыкулах і карэспандэнцыях – ва ўсіх формах і жанрах «Астравецкая праўда» адлюстроўвала шматаблічную палітру жыцця раёна. «Асвятляць» было што: падзей і людзей, за якія «чап­лялася» журналісцкае пяро, было шмат. 

…Падзеі

У чэрвені 2007 года ў Аст­раў­ца ўпершыню ў гісторыі яго існавання з’явіліся ўласныя геральдычныя сімвалы – герб і сцяг. Іх зацвердзіў сваім Указам Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. 


У жніўні таго ж года Астра­вецкі раён упершыню наведаў з рабочым візітам кіраўнік дзяржавы. Аляк­сандр Лукашэнка азнаё­міў­ся з ходам уборачнай кам­паніі, наведаў СВК «Гервяты», Гер­вяцкую школу, пагутарыў з людзьмі. «Аляксандр Лукашэнка на Астравеччыне» – паведамляла раён­ная газета 15 жніўня і змя­шчала рэпартаж аб гэтай падзеі. 


У 2007 годзе ў раёне пасля шматлікіх просьбаў і зваротаў мясцовых жыхароў з’явіўся яшчэ адзін чыгуначны прыпынак: ак­рамя здаўна вядомай станцыі Гудагай цягнікі рэгіянальных ліній сталі спыняцца на прыпынку Каменка, які абсталявалі каля вёскі Слабодкі.

…Адкрыцці

У 2005 годзе ў Гервятах пачалі будаўніцтва першага ў раёне аграгарадка. Будавалі яго, без перабольшвання, усім раёнам. І вынік атрымаўся годны. Пера­ўтварылася не толькі цэнтральная плошча і тэрыторыя навокал касцёла – кардынальна змянілі аблічча вёска і ўсе яе ўстановы. Адным з найбольш доўгачаканых стала адкрыццё ўніверсама «Янтарный», які пабудавалі з нуля замест згарэлай за некалькі гадоў да таго крамы. У студзені 2006 года ў аграгарадок прыйшоў прыродны газ – і гэта таксама была падзея раённага значэння, якая знайшла сваё адлюстраванне на старонках газеты. А ў кастрычніку 2006-га «раёнка» змясціла рэпартаж з адкрыцця гервяцкага фізкультурна-аздараўленчага комплексу, на той час – першага і адзінага ў раёне.



У сакавіку 2008 года «Ёлачка» стала «Гермесам» – пад такой назвай выйшаў рэпартаж аб адкрыцці ў Астраўцы сучаснага гастранома «Гермес», у які пасля рэканструкцыі ператварыўся напаўразбураны будынак былога рэстарана «Ёлачка».



У 2008 годзе ў горадзе адбы­лося шмат наваселляў, як правіла, пасля рэканструкцыі будынкаў: горад рыхтаваўся да святкавання юбілею і паўсюль ішло абнаўленне. 

6 верасня ў рэпартажы «Тут па­селяцца музы» «раёнка» расказ­вала і паказвала, як у ко­ліш­нім адміністрацыйным будын­ку кам­бі­ната будаўнічых матэ­рыя­лаў размясцілася музыч­ная школа. Неўзабаве яна была рэар­га­ні­завана ў школу мас­тацт­ваў: з’явіліся ўмовы для адкрыцця класаў выяўленчага мастацтва і харэаграфічнага. 


Да юбілею горада рэканст­руя­валі мост праз Лошу – пра гэта паведамляла раённая газета ў інфармацыі «Бераг левы, бераг правы звязаў мост-прыгажун». 

А ў лістападзе па новым масце праз Вілію пайшоў транспарт у Міхалішках.

У юбілейным годзе па добра­ўпарадкаванні райцэнтра было зроблена вельмі шмат. І па вы­ніках работы за 2008 год Астравец упершыню быў прызнаны пераможцам рэспубліканскага агляду-конкурсу санітарнага стану і добраўпарадкавання.

Асвятлялі...

…выданне новых кніг

У студзені 2005 года вый­шаў сігнальны экзэмпляр доўга­чака­най кнігі «Памяць. Астравецкі раён». Гэта стала цудоўным падарункам да 40-годдзя аднаўлення Астравецкага раёна. 


27 жніўня 2007 года газета паведамляе, што выйшаў зборнік «Астравецкі край», у якім мастацтвам слова і малюнка апяваецца Астравеччына. Прафінансаваў вы­­данне райвыканкам. 

У кастрычніку 2006 года «раёнка» расказвала пра прэзентацыю новай кнігі казак Інэсы Багдзевіч «На кухні Рэгіны Магдалены», якая выйшла ў выдавецтве «Мас­тацкая літаратура». 

Багатым не толькі на матэ­рыяльныя, але і на духоўныя здабыткі стаў 2008 год, калі адзначалася 540-годдзе Астраўца. Тады выйшла з друку кніга Іаланты Валуевіч «Як называць цябе, родны мой куто­чак?». Іаланта Францаўна, апан­таны края­знаўца, сабрала пад адной вокладкай тапонімы спон­даў­скага краю, мясцовыя легенды і па­данні. І ў тым жа годзе выйшлі яшчэ дзве, больш сціплыя, але не менш каштоўныя кнігі Іаланты Валуевіч «Матуліна мова жыве ў родным краі» і «Хочаце – верце, хочаце – праверце». У першай аўтар распавядае пра асаблівасці гаворкі сваёй мясцовасці, прыводзіць прыказкі, прымаўкі, тосты, праклёны, жарты, анекдоты, прыпеўкі, песні. А ў другой падаюцца народныя прыкметы. 

Да юбілею Астраўца выйшлі з друку яшчэ дзве кнігі, выданне якіх прафінансаваў райвыканкам. У зборніку «Астравецкай зямлі галасы» былі сабраны вершы і проза ўжо вядомых і пачынаючых астравецкіх аўтараў Рычарда Бялячыца, Станіслава Валодзькі, Інэсы Багдзевіч, Таісы Сямёнавай, Алены Рыбік, Ганны Чакур, Вінцэнта Бянёхі, Людмілы Кухарэвіч, Вольгі Караткевіч, Люд­мілы Валодзькі, Ма­рыі Пешкі, Таццяны Граблеўскай, Антона Маль­шэўскага, Святланы Бацюлевай, Ігара Туршава, а ў кнігу прозы «Свае і Чужыя» аўтар Ніна Рыбік уключыла лепшыя са сваіх апавяданняў.



...пленэры, выставы, фестывалі

Багатым на культурныя па­дзеі выдаўся 2007 год. У маі ў Аст­раў­цы прайшоў першы пленэр графіцістаў – рэпартаж пад назвай «Малююць сваё жыццё» быў змешчаны ў раённай газеце 2 чэрвеня. А ў нумары за 23 мая – інтэрв’ю з ідэйным натхняльнікам пленэру мастаком Дзянісам Ходасам «Што такое графіці і як яго малююць?».

У чэрвені Ганна Чакур расказ­вала пра пленэр, прысвечаны 100-годдзю Льва Дабжынска­га, які ад­­быўся ў Лошы. У ім прымалі ўдзел як вядомыя мастакі, так і мяс­цо­­­­выя: сёстры Тарэ­са Вара­новіч і Ірэ­на Герасім, Біру­тэ Куцкай­тэ, Эду­ард Мацюшо­нак і іншыя. Пасля пле­­нэру ў Лош­скім клубе адбылася выстава напісаных за тыдзень работ, якія затым разам з новымі звест­­камі пра Льва Дабжынскага, зной­­дзе­нымі ў архівах Вільнюса, пера­далі раённаму аддзелу культуры. Тады ж каля Лошскай капліцы ўстанавілі і асвяцілі памятны камень у гонар мастака.

Напрыканцы чэрвеня па тэры­то­рыі раёна прайшла экспедыцыя краязнаўцаў, прысвечаная 150-год­дзю воднай вандроўкі, здзей­­­сненай графам Тышкевічам і пад­­рабязна апісанай ім у кнізе «Па Ві­ліі» – пра яе адметнасці ў серыі матэ­рыялаў расказала ўдзельніца вод­нага падарожжа Ганна Чакур.

У ліпені-жніўні 2008 года ў раёне працаваў пленэр скульптараў, пасля якога горад упрыгожылі 10 ка­менных скульптур. Калі работы былі ўстаноўлены, «Астра­вецкая праўда» правяла свое­асаблівы конкурс на вызначэнне самай любімай з іх. У выніку «народнай скульптурай» назвалі «Дубочак» Эдуарда Астаф’ева.


У чэрвені 2009 года «Лята­ючы кот» вярнуўся на радзіму» – пад такой назвай раённая газета расказвала пра персанальную выставу літоўскай мастачкі з астравецкімі каранямі Бірутэ Куцкайтэ, пасля якой усе карціны былі перададзены ў дар раёну. 

…і іншыя навіны культуры

У 2005 годзе папоўнілася сям’я народных калектываў раёна. У ве­расні званне «Народны аматар­скі ка­лектыў» прысвоілі ансамблю народнай песні «Кемяліна». У ра­шэн­ні калегіі Міні­стэр­ства куль­туры гаворыцца, што «звання ка­лек­тыў удастоены за дасягнутыя поспехі ў развіцці аматарскай мастац­кай творчасці, актыўную работу па папулярызацыі народных тра­дыцый». 1 кастрычніка 2005 года газета паведаміла, што званне ўзор­нага атрымаў фальклорны гурт Міха­­лішкаўскай дзіця­чай музыч­най школы «Міха­лін­ка», а званне на­роднага – хор ветэ­ранаў пад кіраў­ніцтвам Генрыха Стаціны.

У 2007 годзе да народных калек­тываў дадаўся народны майстар Рэспублікі Беларусь: у нумары за 29 снежня паведамляецца, што ганаровае званне прысвоена Ва­лян­ціне Віннічак.

Той час быў плённым на новыя конкурсы і цікавыя праекты. У 2007 годзе прайшлі два вы­пускі «Зорнага дажджу». Сольным кан­цэртам Сяргея Сяўко, які ад­быў­ся напярэдадні Новага года, рас­пачаліся свое­асаблівыя каляд­ныя сустрэчы з лепшымі артыстамі Аст­равеччыны. У наступ­ным го­дзе традыцыю прадоў­жыла Данута Блаш­кевіч, пазней – муж і жонка Аляксандр і Таццяна Юргялянцы…  



У 2008 годзе работнікі культуры арганізавалі новае шоу – «Цу­доў­ная пяцёрка». На сцэне спявалі і тан­цавалі, змагаючыся за званне самых таленавітых і артыстычных пра­цоўных калектываў, прад­стаў­нікі рай­газу, Варнянскай школы, вузла паш­товай сувязі, спажыў­каапе­рацыі, раённай бальніцы, дзіцячых сад­­­коў. Ура­жан­нямі ад творчых спа­­­бор­ніцт­ваў, якія праходзілі ў не­калькі этапаў, доў­га жыў увесь раён.

У 2009 годзе традыцыя народ­­­ных куль­турных шоу пра­доў­жылася праектам «Дзве зоркі», падчас якога на сцэну выйшлі пары, састаўленыя з прафесійных і са­ма­дзейных ар­тыс­­таў: Святланы Куцько і пракурора Аляксандра Марцін­чыка (яны, да слова, сталі пе­ра­можцамі); Аляксандра Юргя­лян­ца і агранома Алесі Вялічкі; Акса­ны Сяўко і загадчыка аддзела спорту і турызму райвыканкама Сяргея Шэіна; Анастасіі Ляховіч і дырэктара кінатэатра Вік­тара Жда­новіча. 

…духоўнае 

жыццё

У верасні 2006 года духоўна-асвет­ніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў» з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга ўпер­шыню наведала Астравеччыну. Ак­рамя царкоўнага богаслужэння і раздачы агню на свечкі вернікаў,  былі цікавыя сустрэчы ў школах і ўста­новах культуры з чле­намі экс­педыцыі – вядомымі наву­коў­цамі, літаратарамі, дзея­чамі культуры. 

У 2007 годзе ў Камаях Пастаў­ска­га раёна, дзе ў свой час у мясцовым касцёле служыў святар і паэт Канстанцін Стэповіч, больш вядомы як Казімір Сваяк, адкрылі і асвя­цілі памятную дошку ў яго гонар. 

А ў ліпені таго ж года адбыла­ся значная падзея не толькі духоўнага, але і свецкага жыцця: кара­нацыя залатымі Папскімі ка­ронамі цудатворнага абраза маці Божай Гудагайскай. Пры гэтым пры­сутнічалі тысячы вернікаў, вышэйшае кіраўніцтва беларускай каталіцкай Царквы, першыя асобы абласной і раённай улад. Фота­рэпартаж «І пралілася міласць боская», які адлюстроўваў святкаванне гэтай падзеі, таксама выйшаў на старонках «Астравецкай праўды». 


У 2009 годзе шмат значных па­дзей адбылося ў праваслаўнай абшчы­не раёна. У чэрвені жыхары горада і раёна сустракалі Крыж Ефрасінні Полацкай. У верасні ў Астраўцы прайшоў фестываль праваслаўнай культуры. А 16 верасня ў рэпартажы «Храм над вёскай» распавядалася пра асвячэнне ў Альхоўцы царквы Святога Іліі.


Текст: Нина Рыбик