Як Юрый Маркоўскі на марфлот служыць трапіў

14:00 / 23.02.2025

Наша жыццё ідзе па крузе: кожны год адзначаем традыцыйныя святы і збіраем гасцей за сталом у дзень нараджэння. І кожны раз напярэдадні 23 лютага нашы браты, бацькі, дзяды – тыя, хто прайшоў школу сапраўднага мужчыны, – успамінаюць часы свайго салдацкага жыцця – для многіх вельмі далёкія, але ад гэтага яшчэ больш цікавыя і дарагія…

Юрый Маркоўскі, 1988 – 1991 гг., марфлот, г. Уладзівасток


– Як трапіў у марфлот? Доб­рае здароўе дапамагло. (Усміхаецца). Хлопец з вёскі – родам з Ашмянскага раёна – што тут дзіўнага. 

Прызвалі ў 19 гадоў, калі скончыў вучылішча на тракта­рыста. Па стане здароўя пады­ходзіў у паветрана-дэсантныя войскі, на паўторнай камісіі агучылі: марская пяхота. Ужо ва Уладзівастоку прай­шоў апош­нюю камісію, дзе «пра­тэсці­равалі» баракамерай – і на падводную лодку матросам. 

З Беларусі нас 25 чалавек у вучэбцы было, з Ашмяншчыны разам са мной трое трапілі. Потым каго на караблі, каго на падводкі расфарміравалі, каго на беразе пакінулі.

Прызвалі восенню, у гэтую пару ва Уладзівастоку не так, як у нас, – там вельмі холадна. І снегу зімой!.. І вятры з Японскага мора. У –100С проста замярзаеш. Стаялі ў начным нарадзе ў кажухах і цёплых штанах…

У нас была дызельная БУКІ, па-простаму «Букашка». У ас­­ноўным яны суправаджалі атамныя падлодкі і караблі. Некаторыя саслужыўцы хадзілі на В'етнам на паўгода, а то і на сем месяцаў. У мяне ж кароткія вылазкі былі – дзён на дзесяць. Выйдзем у мора, заданне выканаем – і назад на базу.

Выконваў абавязкі мічмана, працаваў з сакрэтнымі даку­ментамі, на друкарскай машынцы паперы набіраў. З базы на лодку і назад, а гэта дзесьці кіламетр у адным напрамку, хадзіў са спецыяльным чамаданчыкам для дакументаў, і ахову мне выдзя­лялі. Але я ад яе адмаўляўся – сам спраўлюся калі што. 

…Пагружэнне – гэта цікава. Нібы на машыне едзеш з гары – рэзка так уніз. А потым падлодка плаўна ідзе, ціха. Першы раз было страшнавата. Традыцыя ў марфлоце ёсць: у першы спуск у мора выпіць літр салёнай вады – такое сабе пасвячэнне. (Смяецца.) Але выпіў! 

У падлодцы спёка была – гра­дусаў 50. Жылі мы ў асобных каютах. У мяне свая «сакрэтка» была, там і адпачываў. Паабедаць – на камбузе. А кармілі падводнікаў доб­ра. На 1,85 м росту выдавалі адну пайку, я быў 1,86 м – атрымліваў дзве. І не з’ядаў.

Зарплату атрымліваў добрую, амаль самую вялікую на лодцы. 

Звальніцельныя ў гора­дзе пра­водзілі, але нядоўга – у асноўным у кіно хадзілі. А яшчэ рыбачылі. На кацеры ў мора выходзілі, селядцоў вудзілі: на палку на тоўстую леску чапляеш 5-6 круч­коў і закідваеш. І адразу некалькі рыбін выцягваеш. 

У адпачынак дамоў не ездзіў: больш за 9 тысяч кіламетраў – ня­блізкі свет. Месяц адпачынку – і 10 дзён дарогі. Затое раней дэмабілізаваўся. Ехаў «Чайкай» сем сутак – хоць Расію праз акно цягніка паглядзеў. (Смяецца.) 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

Текст: Ольга Хотянович