Пра армейскія будні ўспамінае Казімір Садоўскі
11:00 / 23.02.2025
Наша жыццё ідзе па крузе: кожны год адзначаем традыцыйныя святы і збіраем гасцей за сталом у дзень нараджэння. І кожны раз напярэдадні 23 лютага нашы браты, бацькі, дзяды – тыя, хто прайшоў школу сапраўднага мужчыны, – успамінаюць часы свайго салдацкага жыцця – для многіх вельмі далёкія, але ад гэтага яшчэ больш цікавыя і дарагія…
Казімір Садоўскі, 1980-82 гг., супрацьпаветраная абарона, Маскоўская вобласць
У армію забралі з Эстоніі, хоць я мясцовы – з Заборцаў. Скончыў чыгуначнае вучылішча ў Вільнюсе на электраманцёра кантактнай сеткі, адкуль мяне адправілі працаваць у Талін. За адной партай са мной у вучылішчы сядзеў Сяргей Валэйка – з ім разам потым і працавалі, і служылі.
З сябрам Сяргеем Валэйкам
Провады былі ў Заборцах. Моладзі шмат сабралася.…З Таліна нас прывезлі ў Маскву – а там мора людзей, і ўсе розных нацыянальнасцей: з намі былі эстонцы, латышы, узбекі, казахі!.. Самымі складанымі па характары, запальчывымі, аказаліся чачэнцы – за сваіх яны стаялі ого-го.
Паўгода правёў у вучэбцы, адкуль выйшаў сяржантам. Тут жа ў часці мяне паставілі старшыной роты.
Сачыць за парадкам, чысцінёй, у патрэбны час падняць салдат свайго падраздзялення, завесці іх у сталовую, аб’явіць адбой – абавязкаў было шмат. Да таго ж фізпадрыхтоўку і агульны рэжым дня ніхто не адмяняў. За 45 секунд апрануцца і стаць у строй – усё гэта было ў вучэбцы, таму цяжкасцей не ўзнікала. А вось мазалі спачатку былі – калі анучы накручваў, спяшаючыся, няправільна.
Усе ішлі на свае пазіцыі, а наш аддзел наводзіў парадак. Мы абавязкова падлічвалі, што забралі, што выдалі. На два гады на салдата тры пары ботаў выдавалі. І не дай бог парваць – насі і беражы.
Тэрыторыя базы была вялікая – толькі салдат 2 000, казармы, свая гаспадарка, «чапкі»… Салдатам плацілі 3,30 рублі, а сяржантам – ажно 10,80.
Калгасу, што непадалёк ад часці быў, дапамагалі бульбу капаць, чыгунцы – вагоны з памідорамі разгружаць…
Канешне, хацелася пабыць там, дзе тэхніка стаяла, дзе хлопцы на дзяжурствы хадзілі.
У звальніцельны дамоў не ездзіў – далёка. Толькі раз давялося – на пахаванне бацькі адпусцілі. Самалётам з Масквы даляцеў да Вільнюса, а далей на грузавіку даехаў.
Лісты дадому пісаў усім: бацькам, сястры і двум братам.
Звольнілі мяне пазней тэрміну – у лістападзе: Брэжнеў памёр, дык усіх «дэмбеляў» на месяц у часці затрымалі.
Мой армейскі альбом ужо патрапаўся – адразу дзеці яго глядзелі, затым унукі. Любілі распытваць, дзе служыў і як.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.