На механических мастерских в Палушах готовят технику не только к посевной, но к сенокосу и жатве
11:00 / 18.02.2025
Даведалася, як рыхтуюць сельгасмашыны і прычапныя агрэгаты на майстэрнях у Палушах (КСУП «Гудагай»).
Нагадаю, прыблізна ў гэтую пару рабіла аналагічны рэпартаж на гэтым аб’екце ў мінулым годзе. Завітаць сюды тады параіў галоўны інжынер гаспадаркі Павел Гваздоў. Калі немагчыма адшукаць рэдкую запчастку, то за справу бярэцца загадчык майстэрні Аляксей Налівайка і па сумяшчальніцтве таленавіты токар.
Пры рабоце сеялкі з-за пылу хутка зношваліся вентылятар, іншыя рабочыя дэталі. Аляксей зрабіў новую дэталь, а хлопцы ўстанавілі канструкцыю забору паветра не знізу, а зверху.
Запчасткі выдае кладаўшчык Марыя Зезюлевіч
– Самі прыдумалі, самі зрабілі. Увесь сезон без праблем адпрацаваў пасяўны комплекс, – з усмешкай зазначыў Аляксей. – Гатоўнасць тэхнікі да вясенне-палявых работ ідзе па плане. Хутка пачнецца тэхагляд. Сёння, напрыклад, пачалі рамантаваць збожжаўборачны камбайн, а іх на нашых майстэрнях 8 адзінак.
Адзін з лепшых касцоў гаспадаркі і раёна Генрых Млынскі рамантаваў ратацыйную модульную касілку.
– Фронт работ невялікі, таму што комплекс толькі каля трох сезонаў у счэпцы з «Беларусам» адпрацаваў на касавіцы, – патлумачыў мужчына. – Замяню ўтулкі, дзе ідзе сучляненне рамы. Устаўкі самі пераварваем, бо з-за іх зносу не цалкам скошвалася трава.
Лічба
96% трактараў і прычапных навясных агрэгатаў КСУП «Гудагай» гатовы да вясенне-палявых работ па стане на 13 лютага.
На механічнай майстэрні ў Палушах (КСУП «Гудагай») з апярэджаннем тэрмінаў ідзе падрыхтоўка тэхнікі да вясенне-палявых работ. Механізатар Максім Букліс замяніў большасць рабочых органаў у пасяўным комплексе «Поцінгер», які ўжо гатовы да прыгортвання насення ў глебу.