Жанчына з Дошкі гонару: вядучы ветурач-таксіколаг Галіна Малочка працуе ў райветстанцыі 35 гадоў

10:00 / 05.02.2025
У раённай жывёла­гадоўлі шмат спецыя­лістаў, якія працуюць на адным месцы дзесяцігоддзямі. Ад старан­насці і адказнасці кожнага залежыць «паўна­воднасць» раённых малочных рэк, валоўка вытворчасці ялавічыны, здароўе жывёлы на фермах і комплексах.

На працягу 35 гадоў пільна сочыць за якасцю кармоў і выяўляе прычыны, па якіх не­здаровіцца цялятам і каровам, вядучы ветурач-таксіколаг Астравецкай раённай ветэрынарнай станцыі Галіна Малочка, партрэт якой занесены на раённую Дошку гонару. 

– Па спецыфіцы работы я дыягност, а вось па адукацыі ветэрынарны ўрач, – заўважыла жанчына. – Родам з Ашмян­шчыны. У бацькоў нас чацвёра. Маці была паляводам, а тата – малаказборшчыкам. Калі трэба было яго правяраць на тлустасць, бацька па чарзе нас браў з сабой. Запомнілася, як для гэтага разлівала малако па маленькіх бутэлечках. Трымалі кароў, свіней, авечак. У 12 гадоў на роўных з дарослымі даіла кароў. Некалькі гадоў у нас кватараваў ветурач, якога прыслалі ў наш калгас. Ён бацькам настойліва раіў, каб хтосьці з дзяцей вывучыўся на ветэрынара. Мяне, як старэйшую, і адправілі пасля 8 класа ў Ільянскі сельгастэхнікум. 

Па ўспамінах жанчыны, яна толькі на 3-м курсе, калі пачаліся прадметы па спецыялізацыі, упэўнілася, што гэта яе прафесія. 

– Ветэрынарыя – неверагодна цікавая навука. Калі прыязджала дадому нават бацькам, гаспадарам са стажам, парады давала, – з усмешкай працягвае Галіна Іосіфаўна. – Яны заўсёды трымалі шмат свіней, але не ведалі, што іх трэба апрацоўваць ад паразітаў. Ці, напрыклад, карову як паставяць у хлеў з восені, дык яна стаіць там да зімы. А нас вучылі, што для сцельнай каровы мацыён абавязковы – тады ёй лягчэй будзе ацяліцца. Таму ўпэўніла бацькоў выганяць рагуль на прагулку. 

Пасля заканчэння тэхнікума дзяўчына некалькі галоў працавала ў калгасе імя Калініна на Ашмяншчыне. А пасля таго як бацькі ім з сястрой купілі ў Астраўцы дом, перабралася сюды. 

– На той час ветурачоў хапала. Памятаю, прыйшла да тагачаснага начальніка ветстанцыі прасіцца на работу. Думала, Уладзімір Мікалаевіч мяне ў калгас накіруе, а ён паставіў у хіміка-таксіка­лагічны аддзел, дзе з таго часу і працую, – расказала жанчына

Галіна Іосіфаўна зазначыла, што нізавошта не прамяняла б сваю работу на іншую. І справа не толькі ў тым, што яна падабаецца, але і ў калектыве. 

–  Наш аддзел складаецца з двух аддзе­лаў: хіміка-таксікалагічнага і біяхімічнага. Тут працую я і лабарант Юлія Афоніна. У нас ніколі не бывае рознагалоссяў. Усё выконваем разам, не падзяляючы на «тваё» і «маё», – патлумачыла жанчына. – Мы праводзім таксікалагічныя даследванні для выяўлення прычын атручвання жывёлы, біяхімічны аналіз для кантроля за станам абмена рэчываў, правяраем кроў нованароджаных цялят на наяўнасць імунаглабулінаў і многае іншае. Да слова, важнасць апошняга паказчыку ў развіцці жывёлагадоўлі не пераацэніш. Ад таго, ці выпаілі малое ў першыя паўтары гадзіны малозівам, залежыць імунітэт і далейшае развіццё жывёліны. 

– Тэхналогіі не стаяць на месцы, абнаўляецца і спецыяльнае абсталяванне. Напрыклад, раней мы візуальна вызначалі колькасць імунаглабулінаў у крыві, а цяпер гэта робім з дапамогай спецыяльнага прыбора для біяхімічнага аналізу, – працягвае суразмоўца. – Таксама ў нас ёсць спектрафатометр, вагі, сушыльная шафа, якая выкарыстоўваецца для даследвання сенажу і сіласу. 

Дарэчы, менавіта Галіна Малочка і Юлія Афоніна падчас корманарыхтоўкі кантралююць закладку ёмістасцей для захоўвання травяністых кармоў па ўсім раёне. 

– Выязджаем на кожную траншэю, правяраем вільготнасць, тэмпературу і адбіраем пробы, якія пазней даследуем на ўтрыманне караціну і іншых рэчываў, – патлумачыла спецыяліст. – Сёлетняя корманарыхтоўка была найлепшай за ўсе гады, што працую. Па-першае, хутка закладвалі ёмістасці – а гэта першая перадумова для будучага якаснага корму. Па-другое, добра была арганізавана работа людзей і тэхнікі. Парадавала, што ўсе спрацавалі выдатна. Хоць кукурузную масу не прынята закладваць у бурты, але сёлета гэта рабілі, таму што культура была вельмі ўраджайнай. І ў курганах атрымаўся добры корм. 

«Зялёнае святло» на адкрыццё сянажнай ці сіласнай траншэі таксама даюць спецыялісты хіміка-таксікалагічнага аддзела. Па вялікім рахунку, яны стаяць на варце здароўя ўсяго раённага пагалоўя буйной рагатай жывёлы. 

Некалькі пытанняў аб галоўным

– Вы сказалі, што раней было шмат ветурачоў, а цяпер іх не хапае. З чым гэта звязана, на вашу думку? 
– Маладым адразу хочацца вялікую зарплату, кватэру і работу строга па графіку. У іх часта не хапае цярпення і жадання працаваць. Усё з цягам часу абавязкова стане на сваё месца: і зарплата пабольшае, і кіраўніцтва заўважыць. 

– Ці ёсць у гаспадарках талковыя маладыя вет­урачы, і хто гэта, калі не сакрэт? 
– Руслан Стэх з КСУП «Гудагай» – спецыяліст ад бога. Анастасія Канавалава з РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» – талковы спецыяліст. Ёсць працалюбівая граматная моладзь, але, на жаль, яе мала.

– Уявіце, якой будзе жывёлагадоўля праз 10 гадоў.

– Пакуль будзе наш Прэзідэнт, будзе і жывёлагадоўля, і сельская гаспадарка. У іншым выпадку – усё разваліцца, як за мяжой, дзе няма калгасаў. 

– Каму не варта ісці ў ветэрынарыю?
– Выпадковым людзям. Трэба любіць нашу прафесію і мець жаданне працаваць. Варта разумець спецыфіку ветэрынарнай галіны. 

– Ад каго даведаліся, што вы трапілі на Дошку гонару, і што адчулі?
– Наталля Валянцінаўна (Назарава, начальнік райветстанцыі. – Заўв. аўт.) паведаміла гэтую навіну. Спачатку я запярэчыла, маўляў, ёсць больш годныя людзі, але начальнік як адрэзала: «Іосіфаўна, пытанне закрыта. Стаўлю вас перад фактам». Я не публічны чалавек, не прывыкла да ўвагі, але вельмі прыемна, што маю работу заўважылі і ацанілі. 

– Калі б можна было адматаць час назад, вы б…
– Выбрала б гэтую ж прафесію і нічога не мяняла б. Без перабольшвання, люблю сваю работу, на працягу 35-ці гадоў не страціла цікаваць да таго, чым зай­маюся. 
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич